BE RU EN
rss facebook twitter

Філасофскі летнік "Вяртанне да крыніц"

20.06.2011
Філасофскі летнік "Вяртанне да крыніц"

Летнік-2011

І. АРГАНІЗАЦЫЙНЫЯ СПРАВЫ

Тэрміны:

А. 18-21 жніўня - уводны мінікурс старажытнагрэцкай мовы для тых, хто пачынае з «нуля» або «амаль-з-нуля».

Б. 21-27 жніўня – філасофскі летнік «Вяртанне да крыніц».

Месца: Беларусь, Віцебшчына, Слабодка (недалёка ад Браслава), плябанія.

 

Увага адносна фінансавага пытання: летнік мае валанцёрскі характар, ён нікім не спансаруецца, а яго правядзенне абумоўлена энтузіязмам і добрай воляй саміх удзельнікаў, а таксама гасціннасцю Слабодкаўскага пробашча. Але было б прыкра, калі б хтось, маючы моцнае жаданне ўдзельнічаць, не змог бы ўдзельнічаць з-за грашовых праблем. Таму, калі хтось мае моцную матывацыю, але мае пры гэтым фінансавыя цяжкасці, калі ласка, дайце знаць Пятру Рудкоўскаму праз адрас [email protected] Будзем спрабаваць знайсці магчымасці дапамагчы.

Меркаваная колькасць удзельнікаў: 13-17 чалавек.

Працоўныя мовы: беларуская, расейская (пры наяўнасці ўдзельнікаў з Украіны - украінская).

Арганізатары: Перадусім выпадае спадзявацца, што кожны (-ая) будзе пачувацца да адказнасці за поспех летніка, тым больш, што ён мае характар валанцёрскі.

Каардынатары: Павел Баркоўскі, Ліна Мядзведзева, Пётр Рудкоўскі

 

II. КАНЦЭПЦЫЯ

Мэта: паглыбіць веды аб старажытнагрэцкай філасофіі і ўвайсці ў непасрэдны кантакт з тэкстамі грэцкіх філосафаў антычнасці. Павысіць узровень валодання старажытнагрэцкай мовай.

Aсноўныя тэматычныя блокі:

1. Старажытнагрэцкая мова

2. СУМЕСНАЕ ЧЫТАННЕ І АБМЯРКОЎВАННЕ ТЭКСТАЎ

3. Эрудыцыйныя лекцыі-рэфераты (альбо спатканні семінарскага тыпу)

4. Перакладніцкая лабараторыя

Паясненні да адзначаных пунктаў:

Ad 1. У рамках гэтага блоку будуць выкладзены асноўныя граматычна-сінтаксічныя правілы ст-грэцкай мовы з акцэнтам на іх практычнае вымярэнне (нешта накшталт «know-how перакладчыка»).

Гэты блок курыруе выкладчык класічнай філалогіі Зміцер Мінкевіч.

Ad 2. Парадак чытання-абмеркавання наступны: дзелімся на тры-чатыры групы такім чынам, каб у кожнай групе была прынамсі адна асоба, якая мае досвед працы з грэцкімі тэкстамі, і гэтая асоба мадэруе абмеркавальны працэс. Пасля этапу груповага абмеркавання наступае «пленарнае спатканне», у рамках якога паасобныя групы прэзентуюць свае версіі перакладу і адказваюць на магчымыя крытычныя пытанні-заўвагі іншых груп.

Тэксты, якія будуць аб'ектам абмяркоўвання: да ўзгаднення.

Ad 3. Маюцца тут на ўвазе мерапрыемствы (лекцыі, рэфераты або семінары), скіраваныя на пашырэнне эрудыцыі ў галіне старытнагрэцкай філасофіі ды ўвогуле антычнага свету ўвогуле.

Ad 4. Такога тыпу летнік — выдатная нагода папрацаваць над беларускай філасофскай тэрміналогіяй, асабліва звязанай са старажытнагрэцкімі паняццямі. Дый над тэрмінамі з іншых моў (ангельскай, расейскай) можна будзе падыскутаваць – наколькі яны адэкватныя.

Гэты блок курыруе беларускі філолаг-філосаф Юрась Пацюпа.

 

3. ПРАГРАМА*

* некаторыя дэталі праграмы могуць быць мадыфікаваны.

ЭТАП ПЕРШЫ:

УВОДНЫ МІНІ-КУРС СТАРАРЫЖТАНГРЭЦКАЙ МОВЫ (18-21. VIII)

24 гадзіны ў суткі - старажытнагрэцкая мова (жарт, з «зернем праўды»).


ЭТАП ДРУГІ:

«ВЯРТАННЕ ДА КРЫНІЦ» - АСНОЎНАЯ ЧАСТКА (21-27. VIII)

21 жніўня (нядзеля)

Пасляябеддзе - прыезд. Інтэграцыйны вечар

22 жніўня (панядзелак)

Сняданак

9.00-10.00 - Лекцыя: Панарама антычнага інтэлектуалізму (кандыдат філасофскіх навук Павел Баркоўскі)

11.00-12.30 - Грэцкая мова (выкл. Зміцер Мінкевіч)

Абед, час вольны

15.00-17.30 (з перапынкам) - абмеркаванне тэкстаў.

17.30-19.00 - магчымасць удзелу ў Святой Літургіі. Вячэра, вольны час.

19.30 - перакладніцкая лабараторыя (выкл. Юрась Пацюпа)

23-26 жніўня (аўторак-пятніца)

Сняданак

9.00-10.15 - грэцкая мова

10.30-12.30 (з перапынкам) - абмеркаванне тэкстаў

Абед, час вольны

15.00-15.45 - рэферат на тэму, звязаную з антычнай філасофіяй

16.00-17.30 - абмеркаванне тэкстаў

Вячэра, час вольны, а таксама магчымасць удзелу у Літургіі св. Імшы

19.30 - перакладніцкая лабараторыя

У адзін з гэтых дзён пасля абеду – выйсце на возера.

27 жніўня, субота

першая палова дня - падагульненні і магчымае абмеркаванне далейшых мерапрыемстваў у накірунку «вяртання да крыніц».

 

Arche паводле bartnicki.livejournal.com

Видео