BE RU EN
rss facebook twitter

ЕС увёў санкцыі супраць кампаній Пефціева і Дзмітрыя Лукашэнкі "Белтэхэкспарт" і "Спорт-пары"

20.06.2011
ЕС увёў санкцыі супраць кампаній Пефціева і Дзмітрыя Лукашэнкі "Белтэхэкспарт" і "Спорт-пары"

З паведамленняў інфармацыйных агенцтваў пакуль цяжка зразумець, якая трэцяя кампанія падпала пад санкцыі. Гэта могуць быць "БТ Тэлекамунікацыі" - генеральны спонсар Прэзідэнцкага спартовага клуба Дзмітрыя Лукашэнкі

 

Міністры замежных справаў краінаў Еўрасаюза на сустрэчы ў Люксембургу пашырылі санкцыі супраць лукашэнкаўцаў. Яны замарозілі актывы трох кампаній, якія, як лічаць у ЕС, звязаны з Аляксандрам Лукашэнкам

Гэтае рашэнне прынятае з мэтай узмацнення фінансавага ціску на беларускія ўлады, каб вымусіць іх спыніць рэпрэсіі і нармалізаваць адносіны з ЕС. Вырашана таксама дадаць у спіс 188-мі неўязных у ЕС беларускіх службоўцаў яшчэ некалькі бізнэсоўцаў.

Такім чынам, еўрапейскія санкцыі ўпершыню закрануць бізнэс: пад іх дзеянне падпадае набліжаны да Лукашэнкі бізнэсовец Уладзімір Пефціеў і ягоная фірма "Белтэхэкспарт" (гандаль зброяй), а таксама маркетынгавая фірма "Спорт-пары".

Сузаснавальнікам "Спорт-пары" з’яўляецца Прэзідэнцкі спартовы клуб, які ўзначальваецца Дзмітрыем Лукашэнкам, сынам кіраўніка Беларусі.

У той жа час з паведамленняў інфармацыйных агенцтваў пакуль цяжка зразумець, якая трэцяя кампанія падпала пад санкцыі. "Наша Ніва" мяркуе, што гэта можа быць фірма "БТ-Тэлекамунікацыі" - генеральны спонсар Прэзідэнцкага спартовага клуба Дзмітрыя Лукашэнкі. А зусім не РУП "Белтэлекам" - нацыянальны аператар тэлекамунікацый - як пра тое напісалі інфармацыйныя агенцтвы. Тут магла быць проста памылка разумення.

На сайце Прэзідэнцкага спартовага клуба пішацца, што "ПУП «БТ Тэлекамунікацыі» ўдзельнічае ў рэалізацыі шэрагу буйных інвестыцыйных праектаў, у тым ліку звязаных з рэалізацыяй і фармаваннем высакаякаснай інфраструктуры для правядзення ў 2014 годзе ў Рэспубліцы Беларусь сусветнага першынства па хакеі".

Шырока вядомыя ў вузкіх колах "БТ-Тэлекамунікацыі" адзначыліся таксама, калі прапанавалі супольна з амерыканскай фірмай GTECH спецыяльную камп’ютарную касавую сістэму, якая кантралявала б інфармацыю аб грашовых патоках залаў гульнявых аўтаматаў у Беларусі.

Што да Пефціева, то брусэльскае выданне EUobserver называе яго "прыватным банкірам Аляксандра Лукашэнкі". Афіцыйна Пефціеў узначальвае беларускую кампанію-экспарцёра ўзбраенняў "Белтэхэкспарт" і беларускую Федэрацыю тэніса. Выданне выказвае меркаванне, што ён таксама трымае частку акцый мабільнага аператара прадпрыемства Velcom, Прыёрбанка і Знешэканамбанка. Часопіс Forbes у 2010 годзе назваў яго другім пасля Аляксандра Лукашэнкі па багацці чалавека Беларусі, ацаніўшы ягонае багацце на $1 мільярд даляраў.

Еўрасаюз таксама ўвёў эмбарга на пастаўку ў Беларусь зброі і матэрыялаў, якія могуць выкарыстоўвацца для падаўлення грамадства.

Рада Міністраў ЕС адзначыла тры галоўныя праблемы.

Найперш гэта палітычны пераслед, у тым ліку зняволенне экс-кандыдатаў у прэзідэнты. У тым ліку: "ЕС падкрэслівае свой глыбокі непакой паведамленнямі пра катаванні і іншыя формы кепскага абыходжання ў беларускіх турмах і заклікае беларускія ўлады выконваць міжнародныя забавязанні, прынятыя на сябе Беларуссю".

Па-другое, гэта парушэнні права на свабоду слова. ЕС згадвае іскі на закрыццё "Нашай Нівы" і "Народнай Волі". закрыццё "Аўтарадыё" і суд над Андрэем Пачобутам.

Па-трэцяе, і гэта даволі нечакана, ЕС "заклікае Беларусь паважаць нормы дыпламатычнага імунітэту ... і спыніць запалохванне і пераслед" дыпламатычнага персаналу краін ЕС у Беларусі. Магчыма, існуюць нейкія факты, пра якія беларускія СМІ не ведаюць.

ЕС вітае рашэнне Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця адмовіцца ад праектаў з удзелам дзяржаўных прадпрыемстваў Беларусі.

У той жа час ЕС выказвае намер весці перамовы з беларускім бокам пра рэадмісію і спрашчэнне візавага рэжыму.

Рада Міністраў ЕС заяўляе, што ў выпадку далейшага пагаршэння сітуацыі "ЕС гатовы прыняць далейшыя кропкавыя меры ва ўсіх адпаведных кірунках супрацоўніцтва".

(Пераклад усюды неафіцыйны, а зроблены "Нашай Нівай".)

Міністр замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі паведаміў у сваім твітары пасля прыняцця рашэнняў пра санкцыі: "Мы ўхвалілі эмбарга на гандаль зброяй і замарозілі актывы фірмаў, якія фінансуюць Лукашэнку. Ён мусіць выбраць дарогу: да дэмакратыі або ў Гаагу".

* * *

Што такое "Спорт-пары" і чым яно валодае

Закрытае акцыянернае таварыства "Спорт-пары" зарэгістравана 6 верасня 2007 года і з’яўляецца першым аператарам электронных інтэрактыўных гульняў на тэрыторыі Беларусі.

Сузаснавальнікамі "Спорт-пары" былі беларуска-англійскае прадпрыемства "Дзелавая сетка", Прэзідэнцкі спартовы клуб (узначальвае сярэдні сын Лукашэнкі - Дзмітрый), а таксама ПУП "СЕН-КО".

На сёння першыя двое застаюцца акцыянерамі таварыства. Таксама да іх далучаецца ПУП "БТ-Тэлекамунікацыі".

Да "Спорт-пары" належаць наступныя латарэі: "Спортлато 5 з 36", "КЕНА", "Спорт-прагноз". Сімвалам таварыства з’яўляецца сава.

Таксама ў Беларусі існуюць латарэйныя кампаніі "Беларускія латарэі" (праводзіць перадачу "Ваша лато") і "Нацыянальныя спартыўныя латарэі" ("Суперлато").

 

Наша Ніва




Заключэнні Рады па замежных справах адносна Беларусі

3101-е пасяджэнне Рады па замежных справах

Люксембург, 20 чэрвеня 2011 года


Рада зрабіла наступныя высновы:

1. Спасылаючыся на свае высновы ад 31 студзеня 2011 года, заявы Высокага прадстаўніка Эштан пра сітуацыю ў Беларусі ад 18 лютага, 12 красавіка і 14 і 26 траўня, а таксама дэкларацыю Высокага прадстаўніка ад імя ЕС ад 18 сакавіка 2011 года, ЕС выказвае глыбокую занепакоенасць з нагоды пагаршэння сітуацыі з захаваннем правоў чалавека, дэмакратыі і вяршэнства закона ў Беларусі.

2. ЕС рашуча асуджае затрыманні, судовыя працэсы і вынясенне прысудаў па палітычных матывах у дачыненні да прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, незалежных СМІ і палітычнай апазіцыі, у тым ліку былых кандыдатаў у прэзідэнты Някляева, Рымашэўскага, Саннікава, Статкевіча і Уса пасля прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года. ЕС паўтарае свой заклік да неадкладнага вызвалення і рэабілітацыі ўсіх палітычных зняволеных. Ён падкрэслівае сваю глыбокую заклапочанасць у сувязі з паведамленнямі аб катаваннях і іншых формах жорсткага абыходжання ў беларускіх турмах і настойліва заклікае ўлады паважаць міжнародныя абавязацельствы, што ўзяла на сябе Беларусь, у прыватнасці, поўную забарону на прымяненне катаванняў і жорсткага, бесчалавечнага і зневажальнага абыходжання.

3. ЕС выказвае шкадаванне ў сувязі з тым, што сітуацыя ў сферы свабоды СМІ ў Беларусі па-ранейшаму пагаршаецца, у тым ліку ў сувязі з пазовамі, пададзенымі Міністэрствам інфармацыі, каб закрыць дзве найважнейшыя незалежныя беларускія газеты «Нашу Ніву» і «Народную Волю», судом над журналістам Пачобутам і адкліканай ліцэнзіяй радыёстанцыі «Аўтарадыё». Ён заклікае Беларусь спыніць палітычны матываваны пераслед і ціск, якія працягваюцца ў дачыненні да прадстаўнікоў дэмакратычных сіл, незалежных СМІ, грамадзянскай супольнасці і тых, хто іх абараняе.

4. Рада настойліва заклікае Беларусь паважаць міжнародна прызнаныя дыпламатычныя імунітэты і прывілеі дыпламатычных прадстаўніцтваў ЕС і іх супрацоўнікаў у Мінску і спыніць пераслед і запалохванне, якія працягваюцца.

5. ЕС па-ранейшаму будзе звяртацца да сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, у тым ліку ў рамках міжнародных форумаў, такіх як Рада па правах чалавека ААН і АБСЕ. Рада вітае паспяховае прыняцце рэзалюцыі аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі на 17-й сесіі Рады па правах чалавека ААН і заклікае Беларусь поўнасцю выконваць яго палажэнні. ЕС зноў выказвае сваё шкадаванне ў сувязі з адсутнасцю супрацоўніцтва з боку Беларусі ў рамках Маскоўскага механізма АБСЕ і з заклапочанасцю адзначае высновы справаздачы дакладчыка АБСЕ пра выкананне Беларуссю сваіх абавязацельстваў у рамках АБСЕ ў сферы чалавечага вымярэння.

6. У сувязі з апошнімі падзеямі Рада прыняла рашэнне распаўсюдзіць на дадатковых асоб меры па абмежаванні на паездкі і замарожванні актываў. Акрамя таго, Рада прыняла рашэнне аб увядзенні эмбарга ў дачыненні да Беларусі на зброю і матэрыялы, якія могуць быць выкарыстаныя для рэпрэсій унутры краіны. Яна таксама прыняла рашэнне аб замарожванні актываў трох кампаній, звязаных з рэжымам.

7. Рада пагадзілася, што распаўсюд дзейнасці Еўрапейскага інвестыцыйнага банка на Беларусь павінны адбыцца толькі пры ўмове і тады, калі ЕС здолее даць дастаткова станоўчую ацэнку сітуацыі ў галіне правоў чалавека і вяршэнства закона. Рада вітае вынікі нядаўняга абнаўлення стратэгіі ўзаемадзення з краінай Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця, паводле якой ЕБРР перанакіруе дапамогу ад беларускіх цэнтральных уладаў на карысць недзяржаўных і мясцовых актараў, што ажыццяўляюць праекты ў сферах, якія прыносяць карысць народу ў цэлым. Рада выказвае надзею на тое, што ў Беларусі адновяцца ўмовы, якія дазволіляць краіне ў поўнай меры карыстацца перавагамі падтрымкі з боку ЕІБ і ЕБРР.

8. ЕС пацвярджае сваю цвёрдую прыхільнасць умацаванню супрацоўніцтва з беларускім народам і грамадзянскай супольнасцю. Ён вітае тое, што стратэгія дапамогі Беларусі з боку ЕС была перагледжаная ў мэтах далейшага ўмацавання падтрымкі грамадзянскай супольнасці і тое, што рэалізацыя пакета адмысловай дапамогі ЕС дасягае сваёй поўнай хуткасці, у прыватнасці, у сферы прадастаўлення падтрымкі рэпрэсаваным асобам, няўрадавым арганізацыям, сродкам масавай інфармацыі ды студэнтам. Каардынацыя дзейнасці донараў будзе працягвацца з мэтай павышэння эфектыўнасці дапамогі беларускай грамадзянскай супольнасці ў бліжэйшыя гады.

9. Нагадваючы аб важным значэнні, якое ён надае кантактам паміж людзьмі на карысць беларускага народа ў цэлым, Рада станоўча ацэньвае працу, якая працягваецца і якая скіраваная на поўнае выкарыстанне магчымасцяў, што існуюць у рамках Візавага кодэкса, у прыватнасці, магчымасцяў для краін-членаў адмяняць і зніжаць плату за візы для асобных катэгорый грамадзян. З той жа прычыны Рада таксама вітае афіцыйнае запрашэнне Беларусі ад Камісіі, каб пачаць перамовы аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі на падставе дырэктыў аб перамовах, прынятых Радай 28 лютага, і заклікае беларускія ўлады да канструктыўнага ўдзелу.

10. ЕС будзе працягваць уважліва сачыць за сітуацыяй у Беларусі. ЕС зноў заяўляе аб сваёй прыхільнасці палітыцы крытычнага ўзаемадзеяння, у тым ліку праз дыялог і Усходняе партнёрства, і нагадвае, што развіццё двухбаковых адносін знаходзіцца ў залежнасці ад прагрэсу ў захаванні Беларуссю прынцыпаў дэмакратыі, вяршэнства закона і правоў чалавека. У той жа час і ў залежнасці ад далейшага развіцця падзей ЕС гатовы разглядаць пытанне аб далейшых мэтавых мерах ва ўсіх галінах супрацоўніцтва па меры неабходнасці.

(Пераклад неафіцыйны, але зроблены Дэлегацыяй Еўракамісіі ў Беларусі.)

 

Наша Ніва

Видео