BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Фюле сустрэўся з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці

15.11.2010
Фюле сустрэўся з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці

Эўракамісар Штэфан Фюле сустрэўся з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці. Зь беларускага боку ў сустрэчы ўдзельнічалі 40 чалавек.

Прадстаўнік руху "За свабоду" Алесь Лагвінец паведаміў, што абмяркоўваліся наступныя тэмы:

  • сытуацыя ў Беларусі напярэдадні выбараў
  • што рабіць зь Беларусьсю пасьля выбараў
  • як Беларусі больш эфэктыўна скарыстоўваць магчымасьці праграмы "Ўсходняе партнэрства"

Юрыст праваабарончага цэнтру "Вясна" Валянцін Стэфановіч паведаміў, што на сустрэчы таксама ўздымалася пытаньне ўзаемадзеяньня грамадзянскай супольнасьці і ўрадавых структураў.

"Для мяне пытаньне прынцыповае. "Вясна" афіцыйна не зарэгістраваная. Таму няма магчымасьці сьцьвярджаць, што ў гэтым кірунку адбываюцца нейкія зрухі", — заявіў Стэфановіч.

Эўракамісар Штэфан Фюле 15 лістапада знаходзіцца з аднадзённым візытам у Менску.

Фюле правядзе перамовы зь міністрам замежных спраў Беларусі Сяргеем Мартынавым.

У Фюле заплянаваная сустрэча з кіраўніком місіі назіральнікаў БДІПЧ АБСЭ ў Беларусі Гертам Генрыхам Арэнсам, які прыбыў у Менск 12 лістапада.

Раней Штэфан Фюле наведваў Менск у ліпені 2010 году. Тады ён сустракаўся з прэзыдэнтам Аляксандрам Лукашэнкам, прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці і апазыцыйных партыяў.

 

Крыніца: Уладзімер Глод, Радыё Свабода

Видео