BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Еўропа паказала Беларусі карту, але ўсё залежыць ад выбараў

15.11.2010
Еўропа паказала Беларусі карту, але ўсё залежыць ад выбараў

Пра збліжэнне Беларусі і Еўразвяза можна будзе гаварыць толькі пасля таго, як прэзідэнцкія выбары ў нашай краіне будуць прызнаныя дэмакратычнымі. У той жа час перамовы па спрашчэнні візавага рэжыму пачнуцца ў бліжэйшыя месяцы незалежна ад палітычных ацэнак. Аб гэтым падчас візіту ў Мінск заявіў Еўракамісар па пытаннях пашырэння і палітыкі добрасуседства Штэфан Фюле.

“Дарожная карта” для Беларусі

Насамперш нагадаем, што сёлета Штэфан Фюле ўжо быў у Беларусі. Падчас двухдзённага візіту 8-9 ліпеня ён агучыў намер стварэння Сумеснага прамежкавага плана — “дарожнай карты” далейшых узаемадачыненняў Беларусі і Еўразвяза, мэта якой — правядзенне ў нашай краіне рэформаў у сферы палітыкі, дэмакратыі і правоў чалавека, судовай сістэме і эканоміцы. Наўзамен Езразвяз (ЕЗ) абяцае стаць больш адкрытым для супрацоўніцтва з Беларуссю і даступным для беларускіх грамадзян.

Як і меркавалася, Фюле прывёз ў Мінск ўжо падрыхтаваны Еўракамісіяй Сумесны прамежкавы план, які паводле ягоных словаў, павінен “пераадолець адсутнасць глыбокіх адносінаў” паміж РБ і ЕЗ ва ўсіх сферах — палітыцы, эканоміцы, а таксама у такіх “адчувальных” для беларускага боку і “важных” для Еўропы пытаннях, як дэмакратыя і правы чалавека.

Брусельскі госць у чарговы раз паўтарыў, што Беларусь хоць і з’яўляецца актыўным удзельнікам праграмы “Усходняе партнёрства”, аднак ёсць адзінай з краінаў-партнёраў, у каго адсутнічаюць двухбаковыя стасункі з Еўразвязам. Нагадаем, у 1997 годзе дзяржавы-сябры ЕЗ замарозілі ратыфікацыю Пагаднення аб партнёрстве і супрацоўніцтве з Беларуссю праз праблемы з правамі і свабодамі грамадзян у нашай краіне. Адпаведна, няўдзел ў двухбаковым вымярэнні зніжае доступ да рэсурсаў Еўразвязу, якія вылучаюцца ў межах Усходняга партнёрства.

Цікава, што канкрэтных пунктаў падрыхтаванай “дарожнай карты” еўракамісар называць не стаў, паведаміўшы журналістам, што найперш хоча паказаць іх міністру замежных спраў Беларусі Сяргею Мартынаву. Ніякіх дадатковых дэталяў не з’явілася і пасля сустрэчы ў беларускім МЗС. Гэтак, паводле БелТА, Сяргей Мартынаў адзначыў, што на сустрэчы быў разгледжаны ўвесь комплекс адносін паміж Беларуссю і Еўрасаюзам, а таксама была таксама абмеркавана “роля будучых прэзідэнцкіх выбараў, у якасці аднаго з фактараў развіцця адносінаў ЕЗ-Беларусь". Паводле кіраўніка МЗС Беларусі, з абодвух бакоў была выказана зацікаўленасць, каб гэтыя адносіны былі больш стабільнымі і насілі больш перспектыўны характар, чым у мінулым.

Як распавёў TUT.BY старшыня міжнароднага кансорцыўма "ЕўраБеларусь" Улад Вялічка, ідэя новай прапановы, якая ў пэўным сэнсе павінна кампенсаваць адсутнасць плану дзеянняў у межаў Еўрапейскай палітыкі суседства, палягае ў наяўнасці пэўных умоваў індыктараў для дасягнення пакрокавага руху Беларусі да Еўропы.

Усё залежыць ад выбараў

Адзначым, Штэфан Фюле падкрэсліў, што дэталёвае абмеркаванне Сумеснага прамежкавага плана пачнецца толькі пасля прэзідэнцкіх выбараў. Еўропа ў чарговы раз (літаральна два тыдні назад аб гэтым абсалютна канкрэтна заявілі міністры замежных спраў Германіі Гіда Вэстэрвэле і Польшчы Радаслаў Сікорскі) дае зразумець кіраўніцтву Беларусі, што далейшае збліжэнне курсаў і інтэнсіфікацыя стасункаў мажліва толькі ў выпадку дэмакратычна праведзеных выбараў.

Індыкатарам ацэнкі дэмакратычнасці і адкрытасці прэзідэнцкіх выбараў, якія пройдуць у Беларусі 19 снежня, еўракамісар назваў заключэнне місіі назіральнікаў БДІПЧ АБСЕ. Калі доўга- і кароткатэрміновыя назіральнікі прызнаюць выбары адпаведнымі дэмакратычным стандартам, Еўразвяз “з павагай паставіцца” да народнага выбару.

Характарызуючы ход выбарчай кампаніі, ён канстатаваў “абмежаваны прагрэс”, нагадаўшы, што падчас папярэдняга візіту называў сферы, у якіх бы хацеў бачыць рух наперад: рэгістрацыя кандыдатаў і складу выбарчых камісій, папярэдняе галасаванне, падлік і апрацоўка бюлетэняў, роўны доступу кандыдатаў да СМІ, свабода сходаў).

“Менш за 1 працэнт прадстаўнікоў апазіцыі ў выбаркамах не адпавядае нашым чаканням, — распавёў пра хібы выбарчай кампаніі Штэфан Фюле. — Застаецца адкрытым і пытанне датэрміновага галасавання”.

Перамовы па візах пачнуцца ў 2011-м

Спадар Фюле таксама паведаміў, што ў пятніцу Еўракамісія зацвердзіла мандат дэлегацыі Еўразвяза ў Мінску на пачатак перамоў па праекце пагаднення аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі паміж Еўразвязам і Беларуссю. Цяпер абодва гэтыя пытанні павінны прайсці ўзгадненне ў працоўных групах з прадстаўнікоў краінаў-сяброў ЕЗ. Разгляд першага з іх пачнецца ўжо ў гэтым месяцы, другога — у наступным. Мяркуецца таксама, што сам перамоўны працэс можа стартаваць на пачатку 2011 года. Прычым у адрозненне ад “дарожнай карты”, “візавае пытанне” не будзе залежыць ад палітыкі. Карацей, тое, аб чым столькі гаварылі апошнія гады, налета можа здзейсніцца, і беларусы будуць плаціць за візы на 60, а 35 еўра.

Еўрачыноўнік выказаў спадзеў, што ў наступным годзе прадстаўніцтва Еўразвяза ў Беларусі атрымае паўнавартасны статус пасольства на чале з амбасадарам.

“Дыялог Еўропы і Грамадзянскай супольнасці будзе структурным”

Калі падчас летняга візіту еўракамісар сустракаўся з кіраўніцтвам краіны і апазіцыяй, то перад сённяшнім прыездам прэс-сакратар Штэфана Фюле паведаміла TUT.BY, што гэтым разам галоўная мэта — выказаць падтрымку беларускаму народу і грамадзянскай супольнасці напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, а сустрэчы з любымі кандыдатамі на пасаду прэзідэнта не плануюцца.

І, сапраўды, на 15 лістапада ў Міску пачалося для еўракамісара з двухгадзіннай сустрэчы з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці Беларусі, у якой узялі удзел больш за 50 чалавек.

“Актыўная грамадзянская супольнасць — асноўная платформа для развіцця дэмакратыі. Падчас гэтай сустрэчы я паабяцаў, што наш далейшы дыялог з грамадскасцю Беларусі стане структураваным”, — распавёў Фюле журналістам, паабяцаўшы, што і надалей збіраецца наведваць нашу краіну і знаёміцца з сітуацыяй асабіста.

“Ёсць сапраўдная зацікаўленасцю спадара Фюле ў тым, каб грамадзянская супольнасць удзельнічала ў агульным дыялогу паміж Беларуссю і Еўразвязам. Ён бачыць у гэтым яе вялікі ўнёсак, — распавёў TUT.BY адзін з удзельнікаў сустрэчы Ўлад Вялічка. — Раней гэтыя словы казаліся розным людзьмі досыць фармальна”.

Напярэдадні візіту група ўдзельнікаў Нацыянальнай платформы Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства выступіла з сумесным зваротам. У лісце адзначаецца, што з'яўленне ініцыятывы "Ўсходняе партнёрства" і інтэнсіфікацыя кантактаў Беларусі з Еўразвязам паслужылі стымулам для далейшага развіцця грамадзянскай супольнасці краіны. “У той жа час беларуская грамадзянская супольнасць пакуль знаходзіцца ў вельмі неспрыяльных умовах, якія не дазваляюць ёй быць раўнапраўным суб'ектам у дыялогу з дзяржавай. Наяўнасць крымінальнай адказнасці за дзейнасць незарэгістраваных ініцыятыў, практыка неабгрунтаваных адмоў у рэгістрацыі грамадскіх аб'яднанняў і іншых формаў некамерцыйных арганізацый, адмоў у рэгістрацыі праектаў, ігнараванне існуючых пляцовак для дыялогу сведчаць аб падыходзе, які пераважае ў стаўленні дзяржавы да грамадзянскай супольнасці Беларусі”, — ідзецца ў звароце.

Разам з тым, прадстаўнікі праеўрапейскіх НДА Беларусі выказалі занепакоенасць тым, што дзеянні ўладаў, якія апошнім часам пачалі выяўляць інтарэс да грамадзянскай супольнасці, могуць прывесці да “імітацыі працэсаў дыялогу” і да “выцяснення з міжнародных працэсаў і грамадскага жыцця ў самой краіны ўжо існуючых і дзеючых на прынцыпах самаарганізацыі аб'яднанняў і кааліцый грамадзянскай супольнасці”.

 

Крыніца: Кастусь Лашкевіч, TUT.BY

Видео