BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

З гуманітарнага ліцэю - у Італію, Польшчу, Галяндыю, Індыю

19.06.2010
З гуманітарнага ліцэю - у Італію, Польшчу, Галяндыю, Індыю

Сёньня адбудзецца выпускная вечарына ў Беларускім гуманітарным ліцэі імя Якуба Коласа. У дарослае жыцьцё выпраўляюцца восем ліцэістаў, якія чатыры гады правялі ў экстрэмальных умовах. Сем гадоў таму на распараджэньне Міністэрства адукацыі ліцэй быў зачынены, і ўстанова перайшла на становішча "партызанскай школы". Аднак, як гэта часта здараецца, неўладкаванасьць толькі зьяднала выкладчыкаў, дзяцей і іх бацькоў.

На ўрачыстую вечарыну запрошаныя грамадзкія актывісты, акрэдытаваныя ў Беларусі дыпляматы, дзеячы культуры, літаратары, мастакі і музыкі, госьці з замежжа. Зрэшты, ліцэісты ніколі не былі абдзеленыя ўвагай, іх прымаюць на самым высокім узроўні ў шмат якіх краінах. Прыкладам, падчас мінулагодняй летняй сэсіі ў Польшчы навучэнцы гасьцявалі ў першай лэдзі, пані Марыі Качыньскай. І нядаўнюю катастрофу польскага ўрадавага самалёта, гібель многіх тамтэйшых палітыкаў, якія ўсяляк спрыялі беларускаму ліцэю, тут успрымаюць як асабістую трагедыю. А вось беларускія ўлады занесьлі навучальную ўстанову ў чорны сьпіс "нядобранадзейных"...

Сёлетні выпуск "партызанскай школы" як ніколі пашырае геаграфію беларускай прысутнасьці ў сьвеце. Працягваць навучаньне выпускнікі неўзабаве выправяцца ў Нідэрлянды, Італію, Польшчу, нават у далёкую Індыю. Там яны будуць спасьцігаць азы біялёгіі, дыпляматыі, гатэльнага бізнэсу, мастацтва. Практычна ўсе ліцэісты канстатуюць, што за прамінулы час атрымалі незаменны досьвед самастойнасьці, і ўваходжаньне ў дарослае жыцьцё іх не палохае. Гаворыць адна з выпускніц:

"Паступленьне ў ліцэй - гэта адна з самых найцудоўнейшых рэчаў, якая ўвогуле магла са мной здарыцца. Таму што ніводная навучальная ўстанова, якая зараз ёсьць у Беларусі, не магла б мяне забясьпечыць такой колькасьцю досьведу, не магла б даць мне такога жыцьцёвага вопыту. Гэта і пастаянныя вандроўкі, і знаёмства з абсалютна новымі людзьмі, і ні з чым не параўнальны ўнутраны мікраклімат. Калі я раней навучалася ў звычайнай гімназіі, мае сябры абмяжоўваліся пераважна маёй клясай. А цяпер у мяне ёсьць сябры, якія раскіданыя па ўсім сьвеце - у Індыі, у ЗША, у Італіі, у Галяндыі. Цяпер я і сама маю магчымасьць працягнуць навучаньне за мяжой і паглядзець, як працуе сыстэма адукацыі ў іншых краінах. Спадзяюся, гэта будзе вельмі карысна".

За час існаваньня Беларускага гуманітарнага ліцэю празь яго прайшлі больш за 700 чалавек. У лепшыя часы конкурс у ліцэй быў як на самыя прэстыжныя ўнівэрсытэцкія факультэты. Цяпер, праўда, многіх палохае пэўная побытавая неўладкаванасьць, аднак ёсьць і зусім іншыя прыклады - асобныя "экстрэмалы" штодня езьдзяць у Менск на заняткі зь іншых гарадоў Беларусі.

Нязьменны кіраўнік навучальнай установы Ўладзімер Колас канстатуе па-ранейшаму высокую запатрабаванасьць ліцэйскай адукацыі. Ня стаў выключэньнем і гэты год: па выніках уступнай кампаніі ліцэйская сям’я папоўнілася некалькімі дзясяткамі новых падлеткаў. Паводле спадара Коласа, захоўваецца і магчымасьць ладзіць выязныя сэсіі за мяжой. І неўзабаве вучні і выкладчыкі скарыстаюць магчымасьць хоць нейкі час пазаймацца ў цывілізаваных умовах:

"У нас шмат партнэраў за мяжой: ёсьць і ў Польшчы, і ў Літве, і ў Нямеччыне. Быў бы час толькі гэтым займацца. Безумоўна, мы ня хочам выяжджаць назаўсёды, хоць і былі прапановы проста пераехаць, вучыцца ў добрых умовах. Ну, але ж як гэта? Зьяжджаць з радзімы ўвогуле? Ня гэта ёсьць мэтай. Але пазаймацца нейкі час у нармальных умовах, выкарыстаць гэтую сытуацыю дзеля таго, каб пашырыць веды, пазнаёміць нашых навучэнцаў і нашых выкладчыкаў са сьветам, з жыцьцём у іншых дзяржавах, з гісторыяй, культурай, геаграфіяй гэтых краінаў - гэта варта. Нават для выкладчыкаў гэта магчымасьць даведацца пра сучасныя мэтодыкі выкладаньня, працу з найноўшымі сродкамі навучаньня. Вось гэтыя магчымасьці мы выкарыстоўваем. Ну і, акрамя таго, проста пабыць разам з нашымі сябрамі, з нашымі аднадумцамі, пазаймацца ў чалавечых умовах, паіснаваць у нармальных умовах. Дзеля гэтага варта наладжваць такія сэсіі".

Сёлета 15 студзеня коласаўскі ліцэй адзначыў сваё 20-годзьдзе. За гэты час ён прайшоў шлях ад нядзельнай навучальнай установы пазакляснага тыпу да Нацыянальнага дзяржаўнага гуманітарнага ліцэю Міністэрства адукацыі. Але ў 2003-м намаганьнямі ўладаў калектыў апынуўся ў падпольлі, і зараз Беларускі гуманітарны ліцэй працуе ў неафіцыйным статусе.

 

Крыніца: Ігар Карней, Радыё Свабода

Видео