BE RU EN
rss facebook twitter

Беларуская АЭС: за і супраць

25.06.2008
Беларуская АЭС: за і супраць

Будаваць ці не будаваць атамныя электрастанцыі – пытаньне спрэчнае. У кожнай краіне ёсьць свае прыхільнікі і праціўнікі АЭС. У ЗША 104 атамныя станцыі, якія даюць 20% ад усіх патрэбаў краіны ў электраэнэргіі. Днямі сэнатар Джон Маккэйн заклікаў пабудаваць 45 новых атамных станцый да 2030 года, каб зьнізіць залежнасьць ЗША ад імпарту нафты. У Францыі 59 АЭС, у Японіі – 54, у Расеі – 31. А ў Аўстраліі – ніводнай.

Мінусаў – процьма. Ці ёсьць плюсы?

У Беларусі няма адмыслоўцаў-будаўнікоў, якія маюць досьвед праектаваньня і збудаваньня такіх адказных, складаных і небясьпечных аб’ектаў. Адсутнічаюць і прафэсіяналы, якія маюць вопыт абслугоўваньня. Няма сховішча радыёактыўных адкідаў. Няма ўласных сродкаў – надзея толькі на крэдыты. І пералік аргумэнтаў “супраць” можна працягваць.

Вядомы эканаміст, філёзаф, эколяг, прэзыдэнт Амэрыканскага Фонду вывучэньня эканамічных тэндэнцыяў (The Foundation on Economic Trends) Джэрэмі Рыфкін падлічыў: “Каб задаволіць ўсясьветную патрэбу ў энэргіі з дапамогай атамнай энэргіі, давядзецца цягам наступных 50 гадоў кожны месяц будаваць новую атамную станцыю. Гэта 2500 новых АЭС. Гэта нерэальна. Інвэстыцыі ў АЭС тармозяць трэцюю індустрыяльную рэвалюцыю. У першую чаргу, трэба распрацоўваць ўзнаўляемыя крыніцы энэргіі”.

А.Лукашэнка: “АЭС – гэта наша выратаваньне”

Акадэмік Капіца назвал АЭС «атамнай бомбай, якая дае электрычнасьць». Ці патрэбана яна Беларусі? Гэта ўжо не абмяркоўваецца. Палітычнае рашэньне аб будаўніцтве ў Беларусі атамнай электрастанцыі сумарнай магутнасьцю ў 2000 МВт прынятае. Вызначаныя тэрміны будаўніцтва: увод першага энэргаблёку ў 2016 годзе, другога – у 2018-м. Прыблізны кошт праекту, паводле ацэнак Міністэрства фінансаў Беларусі, можа скласьці 4 мільярды даляраў.

Аляксандар Лукашэнка яшчэ ў сьнежні 2006 года заявіў: “Пытаньне аб стварэньні ўласнай ядзернай энэргетыкі становіцца практычна безальтэрнатыўным варыянтам гарантыі нацыянальнай бясьпекі Беларусі... Гэта наша выратаваньне”. Ён выказаў ўпэўненасьць, што пры правільным інфармаваньні народа Беларусі аб сытуацыі ў энэргетычнай сфэры і пэрспэктывах разьвіцьця рэспублікі людзі пагодзяцца з пазыцыяй кіраўніцтва краіны і падтрымаюць яе.

Орхуская канвэнцыя парушана: пра думку народу ніхто і не пытаўся

Бальшыня жыхароў Беларусі – супраць будаўніцтва АЭС. Такія вынікі апытаньня, праведзенага незалежнымі сацыёлягамі пры канцы кастрычніка – на пачатку лістапада 2007 года. 47,7% апытаных – супраць будаўніцтва, 32,5% - падтрымліваюць гэту ідэю, 14,5% — абыякава ставяцца, астатнія адказу не далі.

Наколькі маральна прымаць такія рашэньні ў Беларусі, якая моцна пацярпела ад Чарнобыльскай катастрофы 1986 года, без узгадненьня з народам?

Расейскі экспэрт Камісіі па ўстойліваму разьвіцьцю ААН Аляксандар Ажароўскі выказаў меркаваньне, што Беларусь парушыла ратыфікаваную ёю Канвэнцыю аб доступе да інфармацыі, удзеле грамадзкасьці ў працэсе прыняцьця рашэньняў і доступу да правасудзьдзя. «У адпаведнасьці з дакумэнтам, атамныя станцыі дакладна ўваходзяць у сьпіс аб’ектаў, па якіх абавязаныя праводзіцца працэдуры Орхускай канвэнцыі. Парушана тая частка, якая тычыцца ўдзелу грамадзкасьці на раньніх стадыях прыняцьця рашэньня”.

Паводле словаў дырэктара беларускага прадстаўніцтва ІSAR (Інстытуту садзейнічаньня грамадзкім ініцыятывам) Алены Лаеўскай, пакуль яшчэ не выпрацаваная адзіная пазыцыя Мінпрыроды і незалежных экспэртаў адносна ўдзелу грамадзкасьці ў прыняцьці рашэньня пра будаўніцтва АЭС. “Паколькі рашэньне пра будаўніцтва АЭС закранае ўсё насельніцтва Беларусі, то ў адпаведнасьці з Орхускай канвэнцыяй неабходна правесьці рэспубліканскі рэфэрэндум”, лічыць спадарыня Лаеўская. Экспэрт зьбіраецца зьвярнуцца ў сакратарыят Орхускай канвэнцыі па тлумачэньне па гэтым пытаньні. 

У Горацкім раёне створаная антыядзерная група, якая зьбірае подпісы супраць будаўніцтва АЭС і рыхтуюць запыт у сакратарыят Канвэнцыі з просьбай разабрацца.

Месца пад будаўніцтва АЭС дагэтуль ня вызначанае

Канчаткова ня вырашана, дзе АЭС будзе пабудаваная, хто яе будзе будаваць.

Пакуль разглядаюцца тры пляцоўкі пад будаўніцтва: Кукшынаўская (Горацкі раён Магілёўскай вобласьці), Астравецкая (Гарадзенская вобласьць) і Краснапалянская (Магілёўская вобласьць). Дзяржаўная камісія адранжыравала іх менавіта ў такой пасьлядоўнасьці. Усе тры пляцоўкі не маюць забаронных фактараў для разьмяшчэньня АЭС, паведаміў намесьнік міністра энэргетыкі Міхаіл Міхадзюк. На Кукшынаўскай паводле інжынэрна-геалягічных паказаньняў заўвагаў няма, але побач – гарады Горкі і Ворша, на Краснапалянскай ёсьць крэйдавыя адлажэньні, па Астравецкай – сэйсьмічнасьць на адзін бал вышэй (7 балаў пры дапушчальнай сэйсьмічнасьці 8 балаў), да таго ж – у 30 кілямэтрах Вільня. Пакуль яшчэ вывучаюцца ўсе варыянты, праводзяцца тэхніка-эканамічныя параўнаньні.

Мінусаў – процьма. Ці ёсьць плюсы?

У Беларусі няма адмыслоўцаў-будаўнікоў, якія маюць досьвед праектаваньня і збудаваньня такіх адказных, складаных і небясьпечных аб’ектаў. Адсутнічаюць і прафэсіяналы, якія маюць вопыт абслугоўваньня. Няма сховішча радыёактыўных адкідаў. Няма ўласных сродкаў – надзея толькі на крэдыты. І пералік аргумэнтаў “супраць” можна працягваць.

Што да кампаній, якія будуць будаваць, то  дагэтуль не аб’яўлены тэндэр на будаўніцтва АЭС. Згодна заканадаўства, правядзеньне конкурсу – абавязковае, аднак, па словах акадэміка Аляксандра Міхалевіча, у нашай краіне магчымы варыянты: “Вызначае Аляксандр Рыгоравіч. У нас ёсьць заканадаўства, згодна зь якім такія рэчы трэба праводзіць па тэндэры. Адзіны, хто можа адмяніць гэты тэндэр, указаць на іншую працэдуру, гэта прэзыдэнт краіны”.

Хто будзе будаваць?

На думку намесьніка міністра энэргетыкі Міхаіла Міхадзюка, найменшыя складанасьці з будаўніцтвам АЭС будуць з расейкай кампаніяй “Атамбудэкспарт". Для ўдзелу ў будаўніцтве францускай кампаніі Areva патрабуецца дазвол прэзыдэнта Францыі. Паводле словаў М.Міхадзюка, “з амэрыканскім бокам амэрыкана-японскай кампаніі Westinghouse-Toshiba ёсьць адна праблема: палітычныя дачыненьні складваюцца ня так, як хацелася б...”.   

Па словах намесьніка начальніка аддзела зьнешняй эканамічнай дзейнасьці Навукова-дасьледчага інстытута ў Ніжнім Ноўгарадзе Аляксандра Загляднава, францускі і расейскі рэактары адрозьніваюцца выдаткамі на паліва: “Расійскае паліва для Беларусі абыдзецца таньней, чым заходнеэўрапейскае”.

Пад АЭС ужо прыняты Закон аб выкарыстаньні атамнай энэргіі

Тэрмін эксплюатацыі энэргаблёку, які прапануюць Беларусі – 60 год. А тэрмін акупляльнасьці – каля 15 год. Такім чынам, эканамічны эфэкт Беларуская АЭС прынясе толькі недзе ў 2035 годзе. Гэта без уліку крэдыту, за які давядзецца разьлічвацца краіне.

Сярэдні кошт будаўніцтва АЭС магутнасьцю 2000 МВт на пляцоўках, дзе няма неабходнай інфраструктуры, згодна з міжнароднай практыкай складае 8 – 12 мільярдаў даляраў, паведаміў першы віцэ-прэзыдэнт “Атамбудэкспарту” Аляксандар Глухаў. Беларускі Мінфін у 2 – 3 разы недаацаніў кошт такога будаўніцтва. 

У тэрміновым парадку пад будаўніцтва АЭС 24 чэрвеня дэпутаты прынялі Закон аб выкарыстаньні атамнай энэргіі (у другім чытаньні). Пры прыняцьці Закону не было ніводнай заўвагі, акрамя рэплікі дэпутаткі  Вольгі Абрамавай, што яна не знайшла ў законе канкрэтнага адказу на пытаньне пра ўтылізацыю ядзерных адкідаў.

Людміла Корсак

[email protected]


Видео