BE RU EN
rss facebook twitter

У Горадні рыхтуюцца да гадавіны Саюзу палякаў Беларусі

08.09.2008
У Горадні рыхтуюцца да гадавіны Саюзу палякаў Беларусі
Набліжаецца 20-ая гадавіна стварэньня Саюзу палякаў Беларусі. Дзеячы арганізацыі рыхтуюцца да сьвяткаваньня гэтых угодкаў. Таксама да гэтага дня рыхтуецца й гарадзенская міліцыя, толькі па-свойму.

Нагадаем, Саюз палякаў Беларусі зьяўляецца найбуйнейшай арганізацыяй польскай меншасьці ў Беларусі. Годам нараджэньня гэтай арганізацыі прынята лічыць 1988 год, калі было створана Польскае культурна-асьветніцкае таварыства імя Адама Міцкевіча, якое пазьней перарасло ў Саюз палякаў Беларусі. У гэтым годзе прыпадае 20-ая гадавіна стварэньня гэтай арганізацыі. Аказалася, што да сьвяткаваньня гэтай “круглай” даты дня беларускіх палякаў рыхтуюцца ня толькі актывісты СПБ, алі й гарадзенская міліцыя. Праўда, міліцыя робіць гэта па-свойму. Учора ў Горадні быў затрыманы актывіст гэтай арганізацыі Мячыслаў Яськевіч. Афіцыйнай прычынай паслужыла падазрэньне, што ягоны аўтамабіль падобны да машыны, якая была скрадзена. Больш падрабязна распавядае Мячыслаў Яськевіч.

Мячыслаў Яськевіч: Я ехаў на машыне ў Гародні й быў затрыманы патрулём ДАІ. Яны папрасілі дакумэнты й сказалі, што падобаная машына была скрадзена. Потым дзесьці званілі й сказалі мне, што трэба ехаць да іх у ДАІ. Потым ізноў званілі і ўрэшце сказалі, што паедзем у кастрычніцкі РАУС Горадні. Калі пад'ехалі пад будынак РАУС, там ужо на мяне чакалі вышэйшыя чыны міліцыі. Пачалі рабіць здымкі маёй машыны, а праз вакно відаць, што ў мяне ў машыне ляжаць газэты "Magazyn Рolski" і "Głos znad Niemna". Некалькі розных нумароў. Міліцыя адразу сказала, што ў мяне ў машыне знаходзяцца забароненыя ўлёткі. Я сказаў, што гэтыя выданьні друкуюцца ў Польшчы. Але на мяне склалі пратакол, а потым заявілі, што зьверху прыйшоў загад зрабіць дагляд у мяне ў кватэры. Але пракуратура такой згоды не дала, і на гэтым скончылася маё затрыманьне.

Як аказалася, міліцыю цікавіў не аўтамабіль актывіста СПБ, а “нелегальныя выданьні польскай меньшасьці” – газэты "Głos znad Niemna na Uchodźstwie" і "Magazyn Polski na Uchodźstwie", якія выдаюцца польскім фондам “Свабода й Дэмакратыя”. Да актыўнасьці гарадзенскую міліцыю падштурхнуў той факт, што ў бліжэйшыя выходныя беларускія палякі будуць адзначаць чарговую гадавіну стварэньня іх арганізацыі, перакананы Мячыслаў Яськевіч.

Мячыслаў Яськевіч: Мне здаецца, што гэтае затрыманьне зьвязана з тым, што ў нас у суботу будзе сьвяткаваньне 20-годзьдзя Саюзу палякаў на Беларусі. Таму што звычайна, як мы робім якое-небудзь мерапрыемства, то адразу пачынаецца, што мы брыдкасловім, хуліганім; нас затрымліваюць, розныя такія гісторыі адбываюцца.

Каб адзначыць гадавіну СПБ, актывісты гэтай арганізацыі падрыхтавалі сьвяточную праграму. Больш падрабязна пра тое, якой будзе гэтая праграма, паспавядае Мячыслаў Яськевіч.

Мячыслаў Яськевіч: Гадавіну будзем сьвяткаваць так як і раней. У 12 гадзінаў у Фарным касьцёле будзе імша за 20-цігодзьдзе СПБ. Прыедуць усе сябры нашай арганізацыі. Потым будзе ўрачыстае складаньне вянкоў пры Катынскім крыжы на вайсковых могілках. Гэты крыж быў устаноўлены, каб ушанаваць памяць выхадцаў горада Горадні, якія загінулі ў Катыні. Пры кожных нашых мерапрыемствах мы запальваем там сьвечкі, прыносім кветкі. Потым сьвята працягнецца ў рэстаране. На жаль, усіх туды мы ня зможам запрасіць, таму будуць людзі па запрашэньнях, прадстаўнікі ад кожнага аддзелу. Там будуць уручаныя дыплёмы за ахвярную працу на карысьць нашай арганізацыі. Потым будзе канцэрт з удзелам беларускіх і польскіх гуртоў. Такая вось праграма.


Сьвяткаваньне ХХ-ай гадавіны стварэньня СПБ заплянавана на суботу. Чакаецца, што на гэтае мерапрыемства зьбяруцца ўсе сябры арганізацыі й будуць таксама прадстаўнікі з Польшчы.

Спасылка 

Видео