BE RU EN
rss facebook twitter

Сацыяльная абароненасьць: крокі дзяржаўныя

09.07.2008
Сацыяльная абароненасьць: крокі дзяржаўныя

Беларускія ўлады дэкляруюць, што ў краіне зараз адбываецца станаўленьне новай нацыянальнай мадэлі сацыяльнай падтрымкі насельніцтва. Яе мэтай зьяўляецца забесьпячэньне ўстойлівага павышэньня якасьці жыцьця сацыяльна неабароненых груп насельніцтва, а адметнасьць – праграмна-мэтавы характар, адрасны прынцып, міжведамаснае ўзаемадзеяньне пры аказаньні дапамогі.

Сацыяльная падтрымка адзінокіх, пажылых людзей, інвалідаў, вэтэранаў ажыцьцяўляецца таксама праз дзяржаўныя сацыяльныя праграмы: “Комплексную праграму па ўдасканаленьні сыстэмы сацыяльнай абароны з самотнымі грамадзянамі пажылога ўзросту ў Рэспубліцы Беларусь да 2010 года”; “Рэспубліканскую комплексную праграму па сацыяльнай падтрымцы людзей сталага веку, вэтэранаў і асобаў, што пацярпелі ад наступстваў войнаў (на 2006-2010 гады)”; “Дзяржаўную праграму па прадухіленьні інваліднасьці і рэабілітацыі інвалідаў на 2006 – 2010 гады”; “Дзяржаўную праграму аб безбар'ерным асяродзьдзі фізычна аслабленых асобаў на 2007 – 2010 гады”.

Хто найперш мае патрэбу ў дзяржаўнай сацыяльнай падтрымцы?

Паняцьця “рысы беднасьці” у Беларусі няма. У краіне дзейнічае 44 дзяржаўныя сацыяльныя стандарты, мэта якіх – задаволіць важнейшыя патрэбы чалавека. Бальшыня норм і нарматываў, якія ўваходзяць у сыстэму стандартаў, ёсьць абавязацельствамі дзяржавы перад рознымі групамі насельніцтва і павінны забясьпечвацца за кошт яго фінансавых рэсурсаў. Сацыяльна арыентаваная дзяржава павінна клапаціцца пра найменш абароненых сваіх грамадзянаў.

Найперш, гэта інваліды. За апошнiя 5 гадоў у Беларусі колькасьць iнвалiдаў павялічылася больш чым на 30 тысяч чалавек і  дасягнула 510 тысяч (у тым ліку больш за 28 тысяч дзяцей-інвалідаў). Удзельная вага iнвалiдаў у грамадзтве -- 5,2%. Сярэдні памер пэнсіі па інваліднасьці – 322 тысячы рублёў.

Акрамя інвалідаў, сацыяльная абарона, дзяржаўная дапамога патрэбна яшчэ амаль двум з паловай мільёнам чалавек: гэта пэнсіянэры па ўзросту (амаль 2 мільёны чалавек), гэта 130 тысяч дзяцей ва ўзросьце да 18 гадоў з асаблiвасьцямi псыхафiзычнага разьвiцьця, 280 тысяч маленькіх дзетак (ва ўзросьце да 3 гадоў), гэта цяжарныя жанчыны, маладыя маці... Такім чынам, амаль чвэрць насельніцтва Беларусі мае патрэбу ў дзяржаўнай падтрымцы.

Дарэчы, сярэдні памер працоўнай пэнсіі – 349 тысяч (а гэта 122% мінімальнага спажывецкага бюджэту), памер сацыяльнай пэнсіі – 138 тысяч. Дапамога на дзіця ва ўзросьце да трох гадоў складае 80% БПМ (зараз гэта 149 тысяч).

Льготы – упарадкаваныя, а дакладней – скасаваныя

Зараз адбываецца так званае рэфармаваньне сацыяльнай палітыкі: да прыкладу, у сфэры адукацыі колькасьць платных месцаў у ВНУ даўно ўжо перавышае колькасьць бюджэтных месцаў. Пашыраецца аб’ём платных паслуг у сфэры аховы здароўя, санаторна-курортным абслугоўваньні. Скарачаюцца працоўныя адпачынкі, аплата дадатковых адпачынкаў перакладзеная на плечы наймальнікаў. А самы значны ўдар па найменш абароненых катэгорыях насельніцтва – гэта Закон "Аб дзяржаўных сацыяльных ільготах”, згодна зь якім ўсе гэтыя льготы “упарадкаваныя”, а дакладней – скасаваныя. 

Адменены 50% праезд у транспарце для ўсіх катэгорый грамадзянаў, бясплатныя лекі для немаўлят, 50% зьніжка на лекі для інвалідаў, вэтэранаў, чарнобыльцаў, донараў, старых. Замест ільготаў прэзыдэнт выдаў Указ “Аб некаторых захадах дзяржаўнай падтрымкі насельніцтва”. На адрасную дапамогу можна разьлічваць, калі даход на чальца сям’і не перавышае бюджэт пражытковага мінімуму (зараз гэта каля 210 тысяч рублёў). Але для таго, каб атрымаць дапамогу, трэба сабраць процьму дакумэнтаў, даведак. Па стану на 1 чэрвеня 2008 года па адрасную дапамогу зьвярнулася  каля 70 тысяч заяўнікаў, падтрымку атрымалі 177 тысяч чалавек на агульную суму 29,4 млрд. рублей.

Па падліках Міністэрства фінансаў, адмена ільготаў дазволіць вызваліць каля 160 мільярдаў рублёў, і ўсе гэтыя сродкі будуць пераразьмеркаваныя адрасна. Але ў бюджэце 2008 года на адрасную дапамогу выдаткавана толькі 60 мільярдаў рублёў.

Людміла Корсак

[email protected]

 

Видео