BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Forex па-беларуску

30.10.2008
Forex па-беларуску
Нацыянальны банк Беларусі заклікае насельніцтва не мяняць валюту ўкладаў і захоўваць грошы ў банках.

Начальнік упраўленьня інфармацыі Нацыянальнага банку Анатоль Драздоў праз мэдыі пракамэнтаваў апасеньні насельніцтва з нагоды падзеньня курса эўра ў Беларусі. Ён сказаў так: “Самай вялікай памылкаю ў пэрыяд няўстойлівасьці сусьветных валютаў зьяўляецца спроба рэзка памяняць валюту зьберажэньняў”.

Віталь: Я ўчора на ўласныя вочы бачыў валютчыкаў. Яны ізноў зьявіліся ў Менску. Становяцца ў чаргу й пытаюцца ў людзей, хто здае даляры.

Фінансыст Нацбанка Анатоль Драздоў мусіў праз сродкі масавай інфармацыі патлумачыць людзям тое, што, здаецца, вынікае зь лёгікі здаровага сэнсу. Практыка паказвае, што беларусы ўпарта аддаюць перавагу найбольш дарагой валюце. У сьнежні 2006 году і пачатку 2007 усе куплялі дарагія даляры. Потым даляр патаньнеў і ўжо ў траўні ды ўлетку 2008 году ўсе кінуліся купляць дарагі эўра. Калі курс эўра пайшоў уніз, павялічыўся попыт на даляры.

Паводле іранічнага тлумачэньня Яраслава Раманчука, фінасавя дзівосы тлумачацца гістарычнай памяцьцю беларусаў.

Раманчук: У беларусаў доўгая гістарычная памяць. Падчас гіперінфляцыі адзіным спосабам ратунку былі даляры. Мы, Расея і Ўкраіна працягваем жыць у сфэры даляра, які асацыюецца са стабільнасьцю, дабрабытам, будучыняю. Калі пачаўся псыхоз, калі й банкі, й людзі пачалі нервавацца, людзі вырашылі пазбавіцца рублёў і купіць даляры. Эўра ў мэнтальнасьці нашых людзей яшчэ не зьяўляецца цьвёрдай валютай. Непрапарцыянальны перакос у бок эўра. Але гэта зьява часовая.

Нацбанк кажа, што самая надзейная валюта беларускія рублі...

Раманчук: Калі б яны яшчэ пачалі казаць праўду, дык людзі пачалі б атакаваць банкі. У ліпені Нацбанк надрукаваў даклад пра стабільнасьць нашай фінансавай сыстэмы, дзе папярэджваў, што ў сярэднетэрміновай пэрспэктыве ёсьць пагроза нестабільнасьці для беларускай эканомікі. Гэта адбываецца ў кантэксьце сусьветнага крызысу. Наш урад, як страус, стараецца схаваць галаву ў мільярдныя крэдыты.

Паводле фінансыстаў з Нацбанку Беларусі, сама бясьпечна захоўваць ашчаднасьці ў беларускіх рублях. Стаўкі па дэпазытах даходзяць ажно да 15.5% гадавых, яны за літаральна за апошія тры тыдні павялічыліся на 5-6%.

Беларусы маюць сякія-такія ашчаднасьці, якія яны захоўваюць на дэпазытах у банках. Але гэта зусім нямнога, паводле падлікаў Міхася Залескага, які свае падлікі праводзіў таксама ў пераліку на даляры.

Залескі: 7 з паловаю мільярдаў даляраў, паводле Нацбанка. Падзяліць на 7 мільёнаў чалавек (па колькасьці выбаршчыкаў), сума невялікая. У працаздольнага чалавека сярэднестатыстычнага назапашана грошай на 3 месяцы жыцьця. Але 90% грошай – на 3% укладаў. Бабулі зьбіраюць на пахаваньне. Гэтага рэальна хопіць.

Варта нагадаць, што паводле адмыслоўцаў Standard and Poor's, банкі Беларусі ацэненыя як рызыкоўныя. Беларусь увайшла ў 9 групу, разам зь Нігерый, Коста-Рыкай, Гватэмалай, Лібіяй і Віетнамам.

Ганна Гарачка

Видео