BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Ці будзе сёлета "Басовішча"?

19.06.2010
Ці будзе сёлета "Басовішча"?

Такое пытанне ўсё часцей задаюць на форумах. За месяц да фэсту няма поўнага спісу ўдзельнікаў, музыкі не атрымалі запрашэнняў на візы, незразумела, ці змогуць атрымаць візы фанаты, а тэлефоны арганізатараў маўчаць ужо некалькі тыдняў.

Усё часцей на інтэрнэт-форумах пачалі сустракацца пытанні наконт правядзення “Басовішча”, якое сёлета запланавана на 16-17 ліпеня. Дагэтуль невядомы поўны спіс удзельнікаў, адсутнічае інфармацыя пра магчымасць атрымання бясплатных віз на фестываль. Тэлефоны арганізатараў упарта маўчаць ужо некалькі тыдняў.

Тым не менш музыкі да фэсту рыхтуюцца, нягледзячы на тое, што некаторыя з іх яшчэ не атрымалі запрашэнні на візы, і станоўча ставяцца да пашырэння моўнай палітыкі фэсту.

Так, рэгі-гурт “Адзіс Абеба”, які ўпершыню едзе на знакамітыя “Басы”, мае ў сваім рэпертуары некалькі беларускамоўных песень, аднак апроч іх збіраецца прадставіць публіцы “Басовішча” сваю “натуральную” творчасць. Пра гэта распавёў Еўрарадыё бас-гітарыст каманды Аляксандр Гелік.

Аляксандр Гелік: “Мне падаецца, што беларуская мова не прынцыпова важны факт. Мы хочам прадставіць сябе такімі, якімі мы ёсць. Калі мы жывем у Беларусі, і мы - беларусы, дык чаму б нам не сыграць на “Басах”?”

Дарэчы, гурт дагэтуль не атрымаў запрашэння на візы, а атрымаць іх музыкі мусяць менавіта ў чэрвені, бо ліпень хлопцы “забілі” для прыватных вандровак.

Гурту “Гурзуф”, вядомаму сваімі інструментальнымі эксперыментамі, арганізатары “басоў” падрыхтаваць адмысловую праграму кшталту апрацоўкі беларускіх мелодый не прапаноўвалі, хоць, на думку Ягора Забелава, ідэя някепская. Гурт паспрабуе прыцягнуць слухачоў сваёй звычайнай праграмай.

Ягор Забелаў: “Зразумела, што пакуль гэта не нашая публіка. Але, па-першае, там будзе шмат палякаў, якія ведаюць Гурзуф, а па-другое, заўсёды з любой аўдыторыі можна вывудзіць сваю: то бок, калі 5-10 адсоткаў з усёй колькасці запомняць Гурзуф і мы ім спадабаемся, то гэта - поспех!”

Запрашэнне выступіць на самым “беларускім” фэсце спачатку падалося “Гурзуфу” дзіўным, аднак новая пазіцыя арганізатараў станоўча паўплывала на рашэнне гурта.

Ягор Забелаў: “Я асцярожна ставіўся да гэтага фэсту. Мне не падабалася, што там адбываецца. Аднак арганізатары аб’явілі, што мяняюць палітыку фестывалю, то бок надаюць больш увагі беларускай музыцы ва ўсіх яе праявах, а не толькі таго, што тычыцца беларускай мовы”.

Гомельска-мінскі гурт Re1ikt, творчасць якога яшчэ нядаўна сумяшчала ў сябе дзве дзяржаўныя мовы, сёлета паўстане на “Басовішчы” у якасці выключна беларускамоўнай каманды. Па словах бубнача Аляксандра Дзімідзенкі, музыкі нават падрыхтавалі песню на верш Ларысы Геніюш, такім чынам падтрымаўшы прапанову арганізатараў ушанаваць памяць выбітнай паэткі.

Аляксандр Дзімідзенка: “Гурт Re1ikt парадуе слухачоў “Басовішча” сваімі новымі беларускамоўнымі творамі, новай праграмай з будучага альбому, які плануем хутка выдаць, новымі ўдзельнікамі калектыву, бо ў нас крыху змяніўся склад. І адна новая песня прагучыць на вершы Ларысы Геніюш. Гэтым таксама парадуем”.

Re1ikt’ы таксама пакуль не атрымалі запрашэння на візы, ужо тыдзень чакаюць адказу ад арганізатараў, але спадзяюцца, што часу яшчэ шмат, і на “Басах” яны ўсё-такі сыграюць.

Беларускім хэдлайнерам сёлетняга фестывалю заяўлены гурт “Ляпіс Трубяцкой”, які прэзентуе ў Еўропе складанку “Agitpop”. Па словах прадзюсера каманды Яўгена Калмыкова, выступ “Ляпісаў” на “Басах” упісаны ў графік еўрапейскага прома-туру, таму “акрабаты і шуты” выйдуць на сцэну “Басовішча” стоадсоткава.

Сёлета фэны беларускага року не пабачаць выступы “N.R.M.”, “Крамы”, “Нейра дзюбеля” і іншых традыцыйных удзельнікаў “Басоў”, апроч, хіба, этна-трыа “Троіца”.

Франтмэн гурта Іван Кірчук падтрымлівае папраўкі ў канцэпцыі фэсту маладой беларускай музыкі. Сама ж “Троіца” парадуе слухачоў новымі і старымі песнямі.

Іван Кірчук: “Будзе звычайна праграма “Троіцы”. Ёсць сем новых песень. Будзе музыка “Троіцы”, якая бывае, шмат новых інструментаў. Нічога не мяняецца”.

Такім чынам, сёлетняе “Басовішча” плануе пашырыць уяўленне пра беларускую музыку за кошт небеларускамоўных удзельнікаў з Беларусі, чым атрымоўвае бонусы з боку музыкаў і ганебныя выказванні з боку большасці аматараў фэсту.

Аднак, па словах прадзюсера Аляксандра Багданава (Папы Бо), арганізатары мяняюць палітыку фэсту тыкаючы хутчэй пальцам у неба, чым лагічна аналізуючы сітуацыю ў беларускай музыцы.

Папа Бо: “Здзівіла мяне тое, што арганізатары “Басовішча” тэлефанавалі і “Серебряной Свадьбе”, і гурту “CherryVata”, і гурту “Петля пристрастия”, нават гуртам “Нагуаль” і Port Mone. Яны прапаноўвалі выступіць на “Басовішчы”, але пры адной умове - каб гурты гэтыя выступілі з беларускамоўнай праграмай, што само па сабе смешна. Такое ўражанне, што арганізатары не азнаёміліся з музычным матэрыялам гуртоў. Кшталту, гурты на слыху, значыць, трэба іх запрасіць”.

 

Крыніца: Маша Лагодзіч, Еўрапейскае радыё для Беларусі

Видео