BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Элтан Джон выканае любімыя песьні беларусаў

19.06.2010
Элтан Джон выканае любімыя песьні беларусаў

Элтан Джон абяцаў прыслухацца да меркаваньня беларускіх гледачоў пры выбары гітоў для выкананьня на канцэрце ў Менску. На канцэрце, хутчэй за ўсё, прагучыць песьня Believe і іншыя самыя папулярныя хіты выканаўцы.

Адзін з арганізатараў канцэрту, кіраўнік кампаніі "БелАрт Прадакшн энд Энтэртэйнмэнт" Расьціслаў Крымер на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску паведаміў, што канцэрт пачнецца роўна а 8-й вечара 26 чэрвеня ў комплексе "Мінск-Арэна". "Элтан Джон вядомы сваёй пунктуальнасьцю", - адзначыў ён. Арганізатары гарантуюць высокую якасьць гуку на канцэрце - музыка прыедзе ў Менск са сваёй апаратурай. Падчас выступу таксама прадугледжаны сьветлавыя эфэкты і трансьляцыя выявы на экраны. Пра гэта паведамляе БелаПАН.

Прыхільнікам творчасьці Элтана Джона Крымер рэкамэндаваў прыходзіць на канцэрт з чырвонымі ружамі без шыпоў. Ён таксама паведаміў, што сьпявак ня мае намеру размаўляць ні з прыхільнікамі, ні з журналістамі.

Арганізатар не сказаў, колькі білетаў на канцэрт ужо прададзена, адзначыўшы толькі, што з акупляльнасьцю "ўсё ў парадку". Чакаецца, што паслухаць папулярнага выканаўцу ў Менск прыедуць каля 700 гледачоў з Расеі, Украіны і краін Балтыі.

Тэлевэрсію выступленьня плянуецца паказаць у эфіры ОНТ на наступны дзень. У яе ўвойдзе ад траціны да паловы лепшых гітоў, выкананых на канцэрце.

Паводле Крымера, Элтан Джон пагадзіўся даць канцэрт у Менску пасьля таго, як выбар месца ўхваліў яго мэнэджэр. "Мэнэджэр сказаў, што тут добрыя людзі і што вельмі ўсё дагледжана, добра, яны не чакалі гэтага", - адзначыў арганізатар.

Музыкант прыляціць зь Лёндану на сваім асабістым самалёце і паляціць зь Беларусі адразу пасьля канцэрту. Яго будуць суправаджаць каля 30 тэхнікаў, гукарэжысэраў, пастаноўшчыкаў, відэаінжынэраў, а таксама асабістая ахова. Выканаўца таксама прывязе з сабой фургон строяў і свой знакаміты чорны раяль.

Для сьпевака рыхтуюць грымёрку, дзе ўсё вытрымана ў бэжавым колеры, на сьценах - адмысловая абшыўка, дыван і мэбля маюць загадзя абгавораныя памеры. Найбольшай складанасьцю для арганізатараў стаў пошук таршэраў, якія павінны глядзець уверх, даючы мяккае сьвятло.

Што да прадуктаў харчаваньня, то патрабаваньні музыкі ў гэтым пляне выканаць нескладана. Паводле Крымера, абед для Элтана Джона і яго каманды будуць рыхтаваць беларускія кухары, нічога надта вышуканага ён не замаўляў. Асаблівы пункт у райдэры выканаўцы - гэта лёд, які павінен ахалоджваць усе напоі. Са сьпіртнога музыка папрасіў толькі бутэльку белага віна і пару бляшанак піва. Элтан Джон і яго каманда гатовыя пакаштаваць традыцыйныя стравы беларускай кухні, напрыклад, дранікі.

 

Крыніца: Радыё Свабода

Видео