BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Выстава "Абарона Брэсцкай крэпасьці на фатаздымках акупанта"

18.06.2010
Выстава "Абарона Брэсцкай крэпасьці на фатаздымках акупанта"

У аўторак у Варшаве адкрылася выстава памяці падзеяў ІІ Сусьветнай вайны. Выставу арганізавала амбасада Беларусі ў Польшчы ў супрацы з польскімі культурніцкімі асяродзьдзямі. У цэнтры ўвагі аўтараў выставы падзеі 1941-га году: абарона Брэсцкай крэпасьці вачыма жаўнераў Вэрмахту.

У гэтым годзе адзначаецца 65-ая гадавіна перамогі над гітлераўскім фашызмам. Да гэтай нагоды прыўрочана выстава "Абарона Брэсцкай крэпасьці на фатаздымках ворага", што адкрылася 15 чэрвеня ў Варшаве. Выставу адчыніў Амбасадар Беларусі ў Польшчы В. Гайсёнак і прадстаўнікі таварыстваў "Польшча-Беларусь" і "Польшча-Ўсход". Гэтая  выстава паказваецца ў Польшчы не ўпершыню. Яна выстаўлялася раней і атрымала пазытыўныя ацэнкі. Распавядае адзін з арганізатараў выставы Алесь Карачун, дырэктар Культурнага цэнтру Беларусі ў Польшчы.

Алесь Карачун: Гэтая выстава была ўпершыню паказана ў Бела-Падлясцы, яна была арганізавана мэмарыяльным комплексам Брэсцкая крэпасьць разам з нашым консульствам, якое знаходзіцца ў гэтым горадзе. Выстава спадабалася гледачам, мы атрымалі пажаданьні, каб яе паказаць у іншых гарадах Польшчы. Мы адгукнуліся й наступная выстава адбылася ў Беластоку, у выставачных залях Беларускага Культурнага цэнтру ў Польшчы.

Увагу польскіх гледачоў прыцягнула нетыповая ідэя выставы: паказаньне гістарычных падзей вачамі захопнікаў, нямецкіх жаўнераў, якія фатаграфавалі, што яны бачаць і апісвалі свае адчуваньні. Ідэя выставы такога тыпу зьявілася ў берасьцейскіх спэцыялістаў. Распавядае навуковы супрацоўнік музэя Брэсцкай крэпасьці Тамара Юрчук.

Тамара Юрчук: Ідэя гэтай выставы зьявілася ў 1990-ыя годы. Да гэтага часу ў нас былі прасдатўлены ў асноўным дакумэнты савецкага боку і ўспаміны абаронцаў крэпасьці. Былі дакумэнты нямецкага боку, але яны не былі сыстэматызаваны ў асобную выставу. Калі ў 1990-ыя гады зьявіліся фатаздымкі, зробленыя непасрэднымі ўдзельнікамі захопу Брэсцкай крэпасьці, тады зьявілася гэта выстава.

Гледзячы гэтую выставу, арганізатары паставілі перад сабой мэту паказаць гледачам жудасьць і пачварнасьць вайны й прыгадаць пра тое, які кошт быў заплачаны за перамогу. Гаворыць Алесь Карачун.

Алесь Карачун: Я лічу, што гэта важны ўнёсак у тое, каб  мы памяталі пра тое, што адбывалася 65 гадоў таму, каб мы памяталі пра тых, хто загінуў у той вайне, за нашае сёньняшняе жыцьцё.

Што цікава, паводле словаў спэцыялістаў, якія рыхтавалі гэтую экспазыцыю, найбольшым адкрыцьцём стаў той факт, што, дзякуючы такім ініцыятывам, магчыма прымірэньне паміж былымі ворагамі. Гаворыць Тамара Юрчук.

Тамара Юрчук: Адкрыцьцём быў погляд нямецкага боку, які імкнецца сапраўды ісьці на збліжэньне з вэтэранамі Чырвонай арміі й тое, што вэтэраны Чырвонай арміі гэта разумеюць і працягваюць руку сяброўства, хаця тады яны былі з розных бакоў барыкадаў.

У Польшчы ёсьць цікавасьць да гэтай выставы. З прапановай паказаць экспазыцыю зьвярнуўся музэй Польскага войска ў Беластоку. У Варшаве пасьля адкрыцьця выставы адбыўся сьвяточны канцэрт.

 

Крыніца: Юры Ліхтаровіч, Польскае радыё для замежжа

Видео