BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Беларускія кінадакументалісты атрымалі Гран-пры фестываля ў славацкім Кошыцэ

18.06.2010
Беларускія кінадакументалісты атрымалі Гран-пры фестываля ў славацкім Кошыцэ
Дакументальны фільм "Днюка" ўзнагароджаны галоўным прызам XVI міжнароднага фестываля лакальных тэлевізіяў, які адбыўся 9-12 чэрвеня ў славацкім горадзе Кошыцэ.

У конкурсе фестывалю бралі ўдзел 94 фільмы і тэлепраграмы з розных краінаў свету.

Разам з "Днюкаю" за ўзнагароды змагаліся 13 іншых беларускіх работ, але менавіта стужку маладых беларускіх рэжысёраў Андрэя Куцілы і Аляксандра Налівайкі журы адзначыла як выдатую работу. Паміж іншым, хлопцы атрымалі спецпрэмію ад мэра горада Кошыцэ.

Здымкі адбываліся ў вёсцы Лышча на Піншчыне. "Днюка" распавядае пра паўсядзённасць палескага сяла. Гэта вельмі маляўнічы і натуралістычны вобраз мікракосмасу людзей старога веку. Часам смешны, часам - журботны.

"Адзін з чальцоў журы, - распавядае Андрэй Куціла, - у прыватнай размове сказаў, што фільм нагадвае яму паэму. Вельмі прыемнае параўнанне. Кожны адзначаў шчырасць і натуральнасць кінаапавядання, асабісты аўтарскі погляд, назіранне без ціску на герояў і рэчаіснасць. Вядома, цікава было гледачам менавіта назіраць за некаторымі падрабязнасцямі беларускага ладу, адчуваць фальклорныя матывы. Аказалася, у звычайнай беларускай вёсцы, нягледзячы на цяжкасці побыту, на сваркі і лаянку, можна разглядзець гарманічныя адносіны паміж чалавекам і прыродаю, мужчынам і жанчынаю. Калі нацыянальнае ператвараецца ў наднацыянальнае, гэта можа мець пэўны водгук. Што і адбылося. Я да апошняга не верыў, што атрымаю галоўную ўзнагароду фестываля, і быў шалёна шчаслівы, бо яна першая такога ўзроўню і запомніцца на ўсё астатняе жыццё!"

 

Крыніца: TUT.BY

Видео