BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Ацэнкі разьвіцьця сытуацыі ў Беларусі

18.06.2010
Ацэнкі разьвіцьця сытуацыі ў Беларусі

З пачатку дыялёгу паміж Эўрапейскім Зьвязам і Беларусьсю беларускія грамадзкія арганізацыі назіраюць за сытуцыяй у Беларусі. Свае высновы й экспэртныя ацэнкі яны выдаюць у выглядзе Маніторынгу разьвіцьця сытуацыі ў Беларусі. Неўзабаве павінен выйсьці пяты такі даклад.

Асноўная ідэя гэтага грамадзкага маніторынгу - паінфармаваць эўрапейскія структуры, якія адказвюць за дыялёг зь Беларусьсю, пра тое, як складваецца сытуацыя ў Беларусі, наколькі ў краіне выконваюцца дэмакратычныя нормы й правы чалавека. Гэта грамадзкі кантроль за тым, як беларускія ўлады выконваюць свае абяцаньні адносна зьменаў у Беларусі. Гаворыць каардынатар ініцыятывы, старшыня Беларускага Шуманаўскага таварыства Кацярына Пшыбыльска.

Кацярына Пшыбыльска: Гэта маніторынг разьвіцьця сытуацыі ў Беларусі, які праводзіцца з мэтай інфармаваньня тых, хто прымае рашэньне наконт дыялёгу зь Беларусьсю. Справаздача рыхтуецца супольнымі намаганьнямі беларускіх і міжнародных грамадзкіх арганізацыяў, сярод якіх БАЖ, Ассамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў, “Салідарнасьць", праваабарончы цэнтар "Вясна", Беларускі Хэльсінскі камітэт, у супрацы зь Беларускім Шуманаўскім таварыствам. Гэтыя дасьледаваньні вядуцца з канца 2008 году, ад пачатку дыялёгу Беларусі з Эўразьвязам. Зараз рыхтуецца да выхаду ў сьвет 5-я справаздача такога тыпу.

Першыя маніторынгі з 2008-2009 гадоў падкрэсьлівалі, што беларускія ўлады пачалі рабіць крокі ў бок дэмакратычных зьменаў. На гэты раз сытуацыя пагаршаецца, а экспэрты нават прадказваюць рост рэпрэсіяў. Гаворыць праваабаронца з цэнтру "Вясна" Валянцін Стэфановіч.

Валянцін Стэфановіч: За мінулыя паўгады сытуацыя не палепшылася, не было ніякіх зьменаў у заканадаўстве, скіраваных на дэмакратызацыю ў краіне. Застаецца палітычна матываваны перасьлед, абмяжоўваюцца асноўныя грамадзянскія правы (свабода слова й свабода асацыяцыяў). Апошнія падзеі: перасьлед незалежных журналістаў, крымінальныя справы супраць актывістаў кампаніі "Гавары праўду", указ пра інтэрнэт, сьведчаць пра тое, што будзе пагаршацца сытуацыя, будзе усплеск рэпрэсіяў напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў.

Маніторынг яшчэ ня выйшаў, таму канчатковыя высновы пакуль невядомыя. Аднак з уступнай інфармацыі вынікае, што беларускія грамадзкія арганізацыі згодныя, што ў беларускага кіраўніцтва адсутнічае воля да дэмакратычных рэформаў.

Кацярына Пшыбыльска: Можна зрабіць такую выснову, што на пачатку дыялёгу з Эўропай былі некаторыя прыкметы зьменаў з боку беларускіх уладаў, тады як цяпер сытуацыя значна пагоршылася. Дэмакратычныя зьмены не былі ўнесены ў заканадаўства, нядаўна прынятыя дэкрэты й законы, наадварот, абмяжоўваюць працу грамадзянскай супольнасьці й апазыцыі. Палітычныя рэпрэсіі надалей выкарыстоўваюцца. Палітычная воля да дэмакратычных рэформаў адсутнічае.

У гэтым годзе арганізатары плянуюць падрыхтаваць яшчэ два маніторынгі па сытуацыі ў Беларусі. Гаворыць Кацярына Пшыбыльска.

Кацярына Пшыбыльска: Працяг будзе. Рашэньне Эўразьвязу па далейшых стасунках зь Беларусьсю будзе прымацца толькі ў верасьні. Мы дакладна падрыхтуем яшчэ адну справаздачу бліжэй да гэтай даты. Ёсьць пляны падрыхтаваць справаздачу напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў.

Ацэнкі беларускіх экпэртаў адносна разьвіцьця сытуацыі ў Беларусі кіруюца ў Брусэль да ведама эўрапейскіх палітыкаў. Восеньню Эўразьвяз будзе ізноў разглядаць пытаньне адносінаў зь Беларусьсю: працягваць дыялёг з уладамі ці ўводзіць санкцыі.

 

Крыніца: Юры Ліхтаровіч, Польскае радыё для замежжа

Видео