BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Еўрапарламент не ўключыў беларускае пытанне ў парадак дня

25.11.2009
Еўрапарламент не ўключыў беларускае пытанне ў парадак дня

Праект новай рэзалюцыі Еўрапарламента па Беларусі не будзе разгледжаны на гэтым тыдні, як планавалася раней.

Пра гэта Еўрарадыё даведалася ад Агнешкі Курант, асістэнткі старшыні Дэлегацыі Еўрапарламента па справах Беларусі Яцэка Пратасевіча.

Агнешка Курант: “Мы запрапанавалі разглядзець гэтую рэзалюцыю, але яе не ўключылі ў парадак дня, і відаць, нешта здарылася на канфэрэнцыі старшынь палітычных фракцый Еўрапарламента. Магчыма, праграма тыдня была вельмі насычаная. Але шчыра кажучы, не ведаю”.

Дэлегацыя па справах Беларусі будзе намагацца, каб беларускае пытанне трапіла на наступнае паседжанне ў Страсбургу. У лепшым выпадку яго разгледзяць ў сярэдзіне снежня, паведаміў Еўрарадыё супрацоўнік прэс-службы Еўрапарламента Тома Дзюдро.

Тома Дзюдро: “Трэба будзе пачакаць рашэння старшынь палітычных груп, ці ўключаць яны Беларусь у парадак дня наступнай пленарнай сесіі, якая адбудзецца ў сярэдзіне снежня”.

Нагадаем, планавалася, што на гэтым тыдні Еўрапарламент разгледзіць праект новай рэзалюцыі па Беларусі, якая павінна канкрэтызаваць патрабаванні Савета міністраў замежных спраў ЕС ад 17 лістапада. У падрыхтоўцы праекта разам з Дэлегацыяй Еўрапарламента па справах Беларусі ўдзельнічалі прадстаўнікі беларускай апазіцыі, што знаходзіліся ў Бруселі з 16 па 19 лістапада. У праекце новай рэзалюцыі каля 15 пунктаў, між іншым патрабаванне зарэгістраваць партыю Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя, пакінуць у спакоі царкву "Новае жыццё" і г. д.

Cпасылка

Видео