BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Прыярытэты Бузэка — эўрапейская будучыня Беларусі

09.07.2009
Прыярытэты Бузэка — эўрапейская будучыня Беларусі

Польскі палітык, эўрапарлямэнтар, сябра Эўрапейскай Народнай Партыі Ежы Бузэк мае надзвычай высокія шанцы на абраньне 14-16 ліпеня прэзыдэнтам Эўрапарлямэнту, пішуць эўрапейскія выданьні.

Раман ЯкаўлеўскіТым часам былы прэзыдэнт ЭП немец Ганс-Герт Пётэрынг ужо павіншаваў 69-гадовага Бузэка з гэтай пасадай, даючы зразумець, што гэта ўжо вырашаная справа. Пётэрынг вітае тое, што сьпікерам упершыню можа быць абраны ўсходнеэўрапейскі палітык.

Сябрам Эўрапарлямэнту колішні польскі прэм’ер і актывіст “Салідарнасьці” стаў у 2004 годзе. Ён уваходзіў у склад парлямэнцкай дэлегацыі па Ўкраіне, а таксама працаваў у Камітэце па пытаньнях прамысловасьці, дасьледаваньняў і энэргетыкі.

Як піша са спасылкай на аднаго нямецкага палітыка Koelnische Rundschau, сярод галоўных прыярытэтаў Бузэка — перадусім эўрапейская будучыня Ўкраіны ды Беларусі і, зразумела, энэргетычная палітыка.

Такой жа думкі прытрымліваюцца і назіральнікі зь іншых краін.

Як лічыць польскі палітык Яцэк Пратасэвіч, калі Бузэка абяруць на пасаду сьпікера, то цягам бліжэйшых сама меней двух з паловай гадоў (на такі час абіраецца сьпікер) Польшча будзе мець істотны ўплыў на палітыку Эўразьвязу ў дачыненьні да Беларусі.

Міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі адзначае: “Пасьля нядаўніх выбараў эўрадэпутатаў ад Польшчы сярод іх, на жаль, не аказалася палітыкаў, якія раней актыўна адстойвалі інтарэсы дэмакратычнай Беларусі. Асабліва шкада адсутнасьці Януша Анышкевіча. Хачу згадаць, што менавіта з ініцыятывы польскай дэлегацыі ў мінулай кадэнцыі Беларусь (БАЖ і Аляксандар Мілінкевіч) двойчы атрымалі прэмію імя Андрэя Сахарава.

Але, калі Бузэк ачоліць Эўрапарлямэнт, гэта будзе на карысьць дэмакратычнай Беларусі. Ён цалкам у беларускай тэме і добра ведае, што адбываецца ў краіне”.

У склад Эўрапарлямэнту ўваходзяць 736 дэпутатаў ад краінаў, якія зьяўляюцца чальцамі Эўразьвязу.

Спасылка

Видео