BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Сёння ў Менску адкрыецца інфармацыйны цэнтр Савета Еўропы

08.06.2009
Сёння ў Менску адкрыецца інфармацыйны цэнтр Савета Еўропы

У Менску адбудзецца ўрачыстае адкрыццё інфармацыйнага цэнтра Савета Еўропы. Ён будзе працаваць у будынку Інстытута журналістыкі Белдзяржуніверсітэта.

Як паведамілі ў прэс-службе Савета Еўропы, удзел у цырымоніі возьмуць кіраўнік МЗС Славеніі (старшыні СЕ) Самуэль Жбогар, намеснік Генеральнага сакратара СЕ Мод дэ Бур-Букікіо, дакладчык Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы па Беларусі Андрэа Рыгоні, міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў і рэктар БДУ Сяргей Абламейка.

Галоўная функцыя цэнтра — інфармаваць грамадзян Беларусі пра дзейнасць Савета Еўропы, "быць правадніком каштоўнасцяў і норм СЕ у тым, што тычыцца правоў чалавека, дэмакратыі і вяршэнства права", зазначылі ў прэс-службе арганізацыі.

Інфармацыйны цэнтр таксама будзе спрыяць арганізацыі акцый і мерапрыемстваў, якія праводзяцца пад эгідай Савета Еўропы, развіццю супрацоўніцтва грамадзянскай супольнасці з мясцовымі і цэнтральнымі ўладамі. Апрача таго, тут можна будзе атрымаць інфармацыю пра кампаніі Савета Еўропы па супрацьдзеянні гандлю людзьмі, па барацьбе з дыскрымінацыяй і нецярпімасцю і за адмену смяротнай кары.

Адкрыццё інфацэнтра кіраўніцтва СЕ разглядае як адзін з крокаў Менска па ўступленні Беларусі ў арганізацыю.

26 траўня ў Парыжы, абмеркаваўшы сітуацыю ў Беларусі, паліткамісія СЕ падтрымала прапанову дакладчыка Рыгоні аб наданні беларускаму парламенту статусу спецыяльнага запрошанага, які дазваляе дэпутатам браць удзел у працы ПАСЕ. Канчатковае рашэнне павінна быць прынята на чарговай сесіі ПАСЕ ў канцы чэрвеня.

Каментуючы рашэнне, кіраўнік паліткамісіі Горан Ліндблад заявіў: "Мы лічым, што такім чынам мы зможам спрыяць зменам у краіне, якая адчувае недахоп дэмакратыі, краіне з рэпрэсіўным урадам, краіне, у якой дагэтуль існуе смяротная кара, а праблемы апазіцыі заключаюцца ў тым, што ёй проста цяжка існаваць. Мы спадзяемся, што рашэнне аб наданні статусу спецыяльнага запрошанага дазволіць Беларусі "асучасніць" грамадства і палітычную сістэму. Ізаляцыя гэтаму яўна не спрыяе".

Прынятая рэзалюцыя, зазначыў Ліндблад, утрымлівае пункт аб тым, што ў працы  ПАСЕ змогуць браць удзел і прадстаўнікі беларускай апазіцыі.

"Мы спадзяемся, што гэта прывядзе да зменаў, і апошняя з еўрапейскіх краін, якая не з'яўляецца членам Савета Еўропы, зможа праз некаторы час перайсці ад статусу спецыяльнага запрошанага да членства", — заявіў палітык.

Статус спецыяльнага запрошанага ў ПАСЕ парламент Беларусі атрымаў у 1993 годзе, аднак быў пазбаўлены яго пасля канстытуцыйнага рэферэндуму, праведзенага ў лістападзе 1996 года, які пашырыў паўнамоцтвы прэзідэнта, паведамляе БелаПАН.

Спасылка

Видео