BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Фэстываль тэатраў Цэнтральнай Эўропы „Суседзі’

12.06.2008
Фэстываль тэатраў Цэнтральнай Эўропы „Суседзі’

Другі дзень у Любліне трывае Фэстываль тэатраў Цэнтральнай Эўропы „Суседзі’. Сёлета ў ім прымаюць удзел тэатры зь Беларусі, Украіны, Чэхіі, Славакіі, Славэніі, Ізраіля й Польшчы.

Беларускую культуру прыехалі прадстаўляць тэатры Modern Art Theatre, Берасьцейскі тэатар драмы й музыкі ды Свабодны тэатар.

Як кажа дырэктар фэстывалю Вітальд Мазуркевіч, спэктаклі выбіраліся такім чынам, каб зацікавіць фэстывалем як мага большую колькасьць гледачоў.

В. Мазуркевіч: Фэстываль „Суседзі” праходзіць ужо трэці раз. Як і першыя два фэстывалі, ён адбываецца ў трох напрамках, скіраваных да вельмі вялікай групы гледачоў. Спэктаклі ў пленэры для дарослых – гэта асноўная частка фэстывалю. Але таксама ёсьць спэктаклі ў пленэры для дзяцей ды выступы, якія адбываюцца ў люблінскіх залях.

На фэстываль, як звычайна, прыехалі традыцыйныя тэатры, прафэсійныя групы, але й незалежныя акторы з альтэрнатыўных накірункаў. Дырэктар фэстывалю „Суседзі” Вітальд Мазуркевіч падкрэсьлівае, што кожны глядач можа знайсьці нешта адпаведнае й цікавае для сябе.

В. Мазуркевіч: Вялікім посьпехам заўсёды ў Любліне карыстаюцца тэатры з Чэхіі, якія ўжо моцна пасябравалі з нашым горадам. Пачынаўся фэстываль спэктаклем Тэатру Палёнія з Варшавы. Цікавінкаю напэўна зьяўляецца Нацыянальны тэатар імя Івана Франко з Украіны. Ну й вельмі цікавымі, як заўсёды, зьяўляюцца спэктаклі з Украіны й Беларусі. Найперш гэтыя вулічныя выступы. Свабодны тэатар зь Беларусі ці Тэатар Воскрэсенія з Украіны – гэта нашыя сталыя ўдзельнікі.

Фэстываль тэатраў Цэнтральнай Эўропы „Суседзі” адбываецца ў рамках Эўрапейскага году міжкультурніцкага дыялёгу. Гэта адна з 13 імпрэзаў, якая ладзіцца ў Польшчы па праекце Эўразьвязу. Дырэктар Вітальд Мазуркевіч падкрэсьлівае, што гэта мае сваё значэньне для творцаў, для арганізатараў фэстывалю, але найперш для Любліна.

В. Мазуркевіч: Я думаю, што найперш гэта мае істотнае значэньне для Любліна. Польшча стварае мяжу Эўразьвязу, таму рана ці позна нашыя суседзі будуць да нас прыязджаць. Гэтую праграму культурніцкага абмену мы вядзем ужо даўжэйшы час. Але неўзабаве Люблін будзе прымаць ня толькі тэатры, але, спадзяюся, што й бізнэс, эканамічныя праекты. Гэтага працэсу нам не пазьбегнуць.

Лёзунгам Эўрапейскага году міжкультурніцкага дыялёгу зьяўляюцца словы вядомага літаратара ксяндза Юзэфа Тышнэра: „Дыялёг – гэта будаваньне ўзаемнасьці’. Фэстываль „Суседзі” гэтую ўзаемнасьць будуе. На ім прадстаўлена, як выглядае культура ў суседзяў Польшчы. Менавіта гэта найбольш цікавіць люблінскіх гледачоў.

В. Мазуркевіч: Я думаю, што гэта імпрэза, якая ўжо ўпісалася ў каляндар Любліна, бо гледачы зь вялікім зацікаўленьнем чакаюць чарговага фэстывалю. Зазвычай надвор’е нам пасуе, стварае добрую атмасфэру. Пераважная частка спэктакляў адбываецца ў пленэры, таму фэстываль як бы выходзіць насустрач гледачам – і дарослым, і дзецям, і з палітычнай тэматыкай, і з грамадзкай. Сёлета ёсьць спэктаклі на рэлігійную тэму. Як бачна, спэктар вельмі-вельмі вялікі.

Фэстываль „Суседзі” закончыцца 14 чэрвеня.

Спасылка 

 

Видео