BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

БАЖ запрашае журналістаў да ўдзелу ў творчым конкурсе «Вольнае слова – 2010»

11.03.2011
БАЖ запрашае журналістаў да ўдзелу ў творчым конкурсе «Вольнае слова – 2010»

Паважаныя калегі! Грамадская арганізацыя «Беларуская асацыяцыя журналістаў» працягвае штогадовы творчы конкурс «Вольнае слова». Запрашаем сябраў арганізацыі да ўдзелу.

 

Конкурс праводзіцца з мэтай удасканалення прафесійнага майстэрства супрацоўнікаў незалежных друкаваных СМІ і інтэрнэт-выданняў, заахвочвання таленавітых журналістаў, стымулявання іх дзейнасці ў адстойванні агульначалавечых каштоўнасцяў, у тым ліку прынцыпаў прафесійнай журналістыкі і свабоды слова.

У склад журы конкурсу ўваходзяць:

Таццяна МЕЛЬНІЧУК
Юлія СЛУЦКАЯ
Андрэй АЛЯКСАНДРАЎ
Анатоль ГУЛЯЕЎ
Максім ЖБАНКОЎ
Аляксандр СТАРЫКЕВІЧ
Андрэй СКУРКО
Юрась КАРМАНАЎ, старшыня

«Драматычныя падзеі мінулага года засведчылі ступень запатрабаванасці вольнага слова ў нашай краіне. А конкурс дазваляе нам захоўваць стандарты прафесіі ды супрацьстаяць спробам дэвальвацыі прынцыпаў якаснай журналістыкі», — лічыць старшыня конкурсу Юрась Карманаў.

Удзельнічаць у конкурсе маюць права толькі сябры ГА «БАЖ».

На конкурс прымаюцца журналісцкія матэрыялы, апублікаваныя з 1 студзеня 2010 года па 31 снежня 2010 года ўключна. Даслаць творчыя працы неабходна да 20 красавіка 2011 года (па паштовым штампе). Вынікі будуць падводзіцца ў траўні 2011 года.

На конкурс прымаюцца не больш за 3 матэрыялы аднаго аўтара.


Намінацыі конкурсу:

1. Найлепшы інфармацыйны матэрыял (рэпартаж, інфармацыйнае паведамленне, інтэрв’ю)

Ацэньваецца:

  • арыгінальнасць інфармацыі (інфармацыйны факт, інфармацыйная нагода);

  • адпаведнасць прынцыпам падачы навін;

  • арыгінальнасць загалоўка, лід;

  • спосабы дасягнення эфекту прысутнасці (для рэпартажу);

  • аўтарскі стыль.

 

2. Найлепшая аналітычная публікацыя (артыкул дыскусійнага, аналітычнага, тлумачальнага плану, карэспандэнцыя, рэцэнзія). 

Ацэньваецца:

  • грамадская значнасць узнятай праблемы;

  • адпаведнасць прынцыпам напісання аналітычнага, дыскусійнага тэксту;

  • прапорцыі «прысутнасці» меркаванняў аўтара і экспертаў, даказальнасць;

  • стыль, спосабы аўтарскай падачы;

  • «прывязка» да мясцовых праблем;

  • адпаведнасць прынцыпам пабудовы аналітычнага тэксту.

 

3. Найлепшая публікацыя літаратурна-мастацкага жанру ў журналістыцы (нарыс, эсэ)

Ацэньваецца:

  • выбар тэмы;

  • пераканальнасць, даказальнасць, ступень аўтарскай аргументацыі;

  • аўтарскі стыль.

 

4. Журналісцкае расследаванне

Ацэньваецца:

  • выбар тэмы; грамадская значнасць узнятай праблемы

  • пераканальнасць, даказальнасць, ступень аўтарскай аргументацыі;

  • аўтарскі стыль.

Вынікі творчага конкурсу ў пералічаных намінацыях шляхам тайнага галасавання падвядзе журы ў складзе 8 чалавек з ліку вядомых беларускіх журналістаў і публіцыстаў. Работы ўдзельнікаў конкурсу будуць ацэньвацца чальцамі журы па пяцібальнай сістэме.

Пераможцам будзе прызнаны аўтар, які набярэ найбольшую суму балаў. У выпадку, калі ў двух ці больш прэтэндэнтаў апынецца аднолькавая колькасць балаў, «лепшага з лепшых» вызначыць паўторнае тайнае галасаванне.

У кожнай з чатырох вышэйпералічаных намінацый прапаноўваецца ўручэнне трох грашовых прэмій (1 месца — 300 000 рублёў, 2 месца — 200 000 рублёў, 3 месца — 100 000 рублёў) і ганаровых дыпломаў БАЖ.

 

5. Намінацыя «Дэбют» — для маладых і пачынаючых журналістаў, стаж працы якіх (альбо супрацоўніцтва з рэдакцыяй) не перавышае трох гадоў.

Пераможцу намінацыі «Дэбют» уручаецца заахвочвальная прэмія і ганаровы дыплом БАЖ.

Усе конкурсныя матэрыялы будуць выстаўляцца на сайце арганізацыі. У будучым прадугледжваецца іх публікацыя ў нашым карпаратыўным часопісе «АБАЖУР», які рассылаецца ў незалежныя і дзяржаўныя медыя.

 

Патрабаванні да афармлення конкурсных матэрыялаў

На конкурс прымаюцца выразкі публікацый (альбо іх якасна зробленыя копіі), завераныя рэдакцыйнай пячаткай і подпісам кіраўніка рэдакцыі.

 

Абавязкова трэба:

прыкласці электронны варыянт матэрыялу (у фармаце.doc (MS Word)) і падаць наўпроставы лінк на яго ў Сеціве (калі гаворка ідзе пра інтэрнэт-публікацыю),

указаць дату выхаду публікацыі (на кожным артыкуле),

кароткія звесткі (не больш за адзін аркуш фармату А4) пра свой творчы шлях (што палічыце патрэбным).

Пазначце таксама вашы кантактныя дадзеныя: нумар тэлефона, электронны адрас.

 

Увага! НЕ прымаюцца да ўдзелу ў конкурсе лісты, у якіх не выкананыя ўсе вышэйпералічаныя патрабаванні.

Паважаныя сябры, свае публікацыі вы можаце перадаць у офіс ГА «БАЖ» асабіста ці даслаць па пошце заказным лістом з пазнакай на канверце «Конкурс». Наш адрас: 220030, Мінск, вул. Камсамольская, 7–32.

e-mail: [email protected] (з пазнакай-«Вольнае слова»).

 

Жадаем творчых поспехаў!

 

Умовы конкурсу зацверджаны Праўленнем ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» 10.04. 2007 г. Змяненні ва ўмовах конкурсу зацверджаны Праўленнем ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» 08.12.2008 г.

Видео