BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Што зь Нясьвіжам вырабілі

15.05.2008
Што зь Нясьвіжам вырабілі

За рэканструкцыяй Радзівілаўскага палацу сачыла фотакарэспандэнтка газэты «Наша Ніва» Юлія Дарашкевіч. Архітэктар Уладзімер Папруга ў інтэрвію «НН»: Толькі выключэньне Нясвіскага замку са Сьпісу ЮНЭСКА здолее спыніць разбурэньне.

«НН»: Спадар Папруга, калі меркаваць па здымках, зробленых у Нясьвіскім замку, там адбываецца не рэстаўрацыя, а нешта іншае…

 Уладзімер Папруга: …І яно шакуе ня толькі людзей, далёкіх ад рэстаўрацыі, але і спэцыялістаў. Сапраўдную рэстаўрацыю падмяняюць разбурэньнем і стварэньнем макетаў — цалкам з сучасных матэрыялаў. Рэстаўрацыя падмяняецца імітацыяй. Тое самае робіцца ў гістарычным цэнтры Менску. Зьнішчаецца аўтэнтыка каштоўнасьці — зьнішчаецца і сама каштоўнасьць.

«НН»: Але Нясьвіскі замак унесены ў сьпіс Сусьветнай культурнай спадчыны, куды ўключаюць толькі аўтэнтычнае.

Уладзімер Папруга: Нясьвіскі замак (разам зь Мірскім і Белавескай пушчай) мае ў гэтым сьпісе катэгорыю 0. Але калі «спосаб» рэстаўрацыі праз падмену стаў нормай, то на належнасьць аб’екту да сьпісу ЮНЭСКА ўвага папросту не зьвяртаецца.
Нясьвіскаму замку ня дзьве тысячы год, як помнікам Рыму, што і цяпер знаходзяцца ў зайздросным стане. Гэты замак ніколі ня быў у руінах, на працягу ўсёй сваёй гісторыі ён актыўна ўжываўся. І раптам аказваецца, што ён яго трэба разбурыць, бо немагчыма ўтрымаць! Гэта папросту шулерства. У любой краіне разабрацца ў гэтай гісторыі было б справай Пракуратуры ці Камітэту дзяржаўнага кантролю. У гэтым сюжэце ёсьць ўсё: ад дэзынфармацыі дзяржаўных наглядных органаў, эквілібрыстыкі з матывацыяй да падробкі праектных матэрыялаў.

«НН»: Але ў выпадку замены часткі Нясьвіскага замку макетам гэта нагода для ЮНЭСКА выключыць аб’ект са Сьпісу.

Уладзімер Папруга: І я асабіста толькі б вітаў такое рашэньне. Лічу, што гэтай справе трэба надаць міжнародны розгалас. На жаль, гэта адзіны спосаб спыніць нарэшце Мінкультуры. Парушана ўсё, што можна сабе ўявіць — працэдура, мэтадалёгія, нарматыўная база.
Я асабіста перакананы, што калі б нарэшце ўдалося данесьці да кіраўніка дзяржавы ўсю праўду аб тым, што насамрэч сёньня адбываецца з культурнай спадчынай, гарантам захаваньня якой зьяўляецца дзяржава, ён быў бы моцна расчараваны.Сёньня ўвесь працэс абыходжаньня з гісторыка‑культурнай спадчынай стараньнямі Мінкультуры проста выведзены з прававога поля, а данесьці адэкватную пазыцыю да вышэйшага кіраўніцтва празь «легальныя» СМІ, на жаль, немагчыма.
Заўважце, калі на пачатку 90‑х гадоў у Беларусі сьпісы гісторыка‑культурных каштоўнасьцяў налічвалі каля 19 тысяч аб’ектаў, то ўжо сёньня — толькі каля пяці тысяч. Нават Замчышча ў складзе Гістарычнага цэнтру Менску, у 2006 годзе было пазбаўлена сваёй найвышэйшай катэгорыі.

Niasvizh. Photo by Julia Darashkevich
Niasvizh. Photo by Julia Darashkevich
Niasvizh. Photo by Julia Darashkevich
Niasvizh. Photo by Julia Darashkevich
Niasvizh. Photo by Julia Darashkevich
Niasvizh. Photo by Julia Darashkevich
Niasvizh. Photo by Julia Darashkevich
Niasvizh. Photo by Julia Darashkevich
Niasvizh. Photo by Julia Darashkevich
Niasvizh. Photo by Julia Darashkevich

Фота: Юлiя Дарашкевiч

Гутарыла Наталка Бабіна

 

Даведка: Уладзімер Папруга - архітэктар, былы галоўны дзяржаўны інспэктар па ахове спадчыны Менгарвыканкаму, гадаванец ICCROM (міжнароднай інстытуцыі, створанай пад патранатам ЮНЭСКА ў 1959 у Рыме як галоўны мэтадычны цэнтар для кансультаваньня апошняй ў дачыненьні да гісторыка‑культурнай спадчыны), ляўрэат Прэміі прафсаюзаў БССР у галіне архітэктуры.

Спасылка

 

Видео