BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Калі мы адчуем на сабе “Ўсходняе партнёрства”

04.06.2009
Калі мы адчуем на сабе “Ўсходняе партнёрства”
Месяц як Беларусь ва “Ўсходнім партнёрстве”, але Еўрарадыё пакуль не адчула ўплыву еўрапейскай блізкасці на нашае жыццё. Калі ж ўсе мы — грамадзяне, улада, апазіцыя — памацаем “партнёрства” сваімі рукамі? З такім пытаннем Еўрарадыё звярнулася да палітолагаў ды беларускага МЗС.

Прэс-служба МЗС пакуль не ведае, якія праекты рыхтуе афіцыйны Мінск у межах праграмы. Нам параілі даслаць пытанні, каб перадаць іх “адказным” работнікам ведамства.

Палітолаг Андрэй Фёдараў тлумачыць гэта тым, што яшчэ не відаць канкрэтных контураў праграмы.

Андрэй Фёдараў: "Па-мойму, да канца не вызначыліся ў Бруселі — што з “партнёрствам” рабіць, у якіх накірунках яго развіваць. Праўда, у сярэдзіне чэрвеня будзе форум “Усходняга партнёрства”, магчыма, там прыйдуць да нейкіх канкрэтных рашэнняў".

Палітолаг мяркуе, што шмат чаго залежыць і ад беларускага боку.

Андрэй Фёдараў: “Ідэя сама па сабе добрая, але, як заўсёды, д’ябал тоіцца ў дэталях. Калі б Мінск істотна адкрыўся насустрач Захаду, рэакцыя не прымусіла б сябе чакаць. І зноў жа ўсё залежыць ад хуткасці, з якой Мінск зробіць крокі насустрач Захаду — тады паскорыцца сам працэс. Інакш ён будзе ісці вельмі і вельмі павольна”.

Аналітык Раман Якаўлеўскі да “Ўсходняга партнёрства” ставіцца скептычна, нават называе яго “лялькай”.

Раман Якаўлеўскі: "Асабіста я лічу, што "партнёрства" — гэта “лялька” на сённяшні дзень; лялька — гэта калі звонку грошы, а ўнутры — пуста. На сённяшні дзень гэта толькі ініцыятыва, нічога больш. Афіцыйны Мінск гатовы прыняць і прапанаваць толькі тыя праекты, удзел у якіх нясе прамую, маментальную выгаду. Але пры гэтым цалкам — падкрэсліваю: цалкам! — ігнаруецца, што “Ўсходняе партнёрства” павінна базіравацца на агульнапрынятых каштоўнасцях: свабода слова, правы чалавека, вяршэнства закона. Беларускі бок да гэтага глухі і гэтага не хавае".

Дацэнт кафедры міжнародных адносінаў БДУ Аляксандр Ціхаміраў кажа, што пакуль паміж Беларуссю і Еўропай ідзе “прыцірка”:

Аляксандр Ціхаміраў:
“Ёсць набор абяцанняў, якія, магчыма, рэалізуюцца ў будучыні. Але такой усвядомленай і канцэпцыі, і праграмы, і дэтальнай распрацоўкі, што характэрна для еўрапейцаў, я пакуль не пабачыў. Пакуль гэта нейкая прыцірка і праясненне пазіцый, па якіх можна супрацоўнічаць”.

Палітолаг гаворыць, што Мінск абярэ тактыку "дробных крокаў", без глабальнага збліжэння з Еўропай і без глабальнага разрыву з Расіяй.

Аляксандр Ціхаміраў: "Каб гэта запрацавала, трэба знайсці кропкі сутыкнення. У нас будзе тактыка “дробных крокаў”: не будзе глабальнага і рэзкага збліжэння".

Спасылка

Видео