BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Стэфан Эрыксан: Супрацоўніцтва магчыма пашыраць, не абмяжоўваючы кола пытанняў эканомікай

28.05.2009
Стэфан Эрыксан: Супрацоўніцтва магчыма пашыраць, не абмяжоўваючы кола пытанняў эканомікай

 Эканамічная інтэграцыя збліжае краіны і людзей і ў рэшце рэшт вядзе да фармавання агульных каштоўнасцей. Гэта закранае прынцыпы пабудовы грамадства, у тым ліку павагу да правоў і свабод кожнага чалавека”, — такое меркаванне выказвае Стэфан Эрыксан, амбасадар Швецыі, якая з 1 ліпеня будзе выконваць абавязкі краіны - старшыні Еўразвязу.

Фота: Часопіс
La Dolce Vita

Якім чынам Швецыя падчас свайго старшынства ў Еўразвязе будзе ўплываць на прасоўванне ініцыятывы “Усходняе партнёрства”, улічваючы што менавіта Швецыя была адной з краін-ініцыятарак гэтай еўрапейскай палітыкі суседства?

Па-першае, я хачу падкрэcліць, што Швецыя вельмі задаволена тым, што ў Празе была прынятая праграма “Усходняе партнёрства”. Мы таксама рады, што Беларусь была прадстаўленая ў Празе, і што Беларусь бярэ ўдзел у гэтай праграме, а таксама, што Беларусь пагадзілася з дэкларацыяй, прынятай у гэтым горадзе. Натуральна, улічваючы, што мы сапраўды былі аднымі з ініцыятараў гэтай ініцыятывы, мы далей будзем рабіць тое, што мы можам з нашага боку, каб сапраўды гэтая ініцыятыва стала поспехам для ЕЗ. Канешне, пакуль прынятая толькі рамачная праграма. І трэба далей думаць, якім зместам яе напоўніць. Разам з іншымі сябрамі ЕЗ мы будзем у гэтым накірунку працаваць.

Мы плануем ствараць больш спрыяльныя ўмовы для эканамічна-гандлёвых кантактаў, часцей праводзіць дыялогі на вышэйшым узроўні. Але абавязкова трэба дадаць, што і надалей мы будзем працягваць нашы кантакты з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці, у тым ліку і з палітычнымі партыямі — у надзеі на тое, што, у рэшце рэшт, у беларускім грамадстве ўсталюецца сапраўдны дыялог. Аднак сам па сабе наш дыялог з беларускімі ўладамі не здолее кардынальна змяніць сітуацыю ў краіне. Гэтаму можа спрыяць толькі паразуменне паміж рознымі сіламі грамадства ў пытаннях агульных каштоўнасцей. Той, хто прытрымліваецца іншых поглядаў на развіццё грамадства, не павінен аўтаматычна залічвацца ў ворагі. Хочацца верыць, што ўсе нашы захады прывядуць да стварэння станоўчай дынамікі ў адносінах ЕЗ з Беларуссю.

Шмат кажуць пра тое, што трэба дасягнуць пэўнага балансу паміж каштоўнасцямі і інтарэсамі. Ці сумяшчальна гэта, ці магчыма гэта наогул, на вашу думку?

Я думаю, што ў дыпламатыі, палітыцы — магчыма. Павінен быць нейкі баланс паміж каштоўнасцямі і інтарэсамі. Па-іншаму вельмі цяжка будзе нечага дасягнуць. Мабыць, хтосьці паспрачаецца са мной у гэтым пытанні. Але я лічу, што Швецыя даўно знайшла нейкі баланс у сваіх адносінах з Беларуссю. Мы былі даволі прагматычнымі. У тым сэнсе, што мы не толькі цяпер пачалі весці дыялог з беларускай уладай. Мы і раней мелі кантакты і будзем мець у далейшым. Мы лічым, што лепш весці нейкі дыялог і такім чынам мець магчымасць паўплываць на сітуацыю.

Афіцыйны Мінск выказваецца за прагматычнае супрацоўніцтва ў межах “Усходняга партнёрства”, маючы на ўвазе ў першую чаргу эканамічныя інтарэсы. І з беларускага боку гэта заўсёды падкрэсліваецца на афіцыйным узроўні. Зразумела, што не апошнюю ролю адыгрывае геаграфічнае становішча Беларусі. Эксперты выказваюць занепакоенасць наконт верагоднасці пэўнай рызыкі прасоўвання на першы план энергетычных і эканамічных пытанняў, а ўсё астатняе, маўляў, не так ужо і важна...

Я думаю, што можна было б чакаць такога падыходу. Зразумела, што зацікаўленасць з беларускага боку, менавіта з афіцыйнага, будзе больш тычыцца эканамічнага супрацоўніцтва і праектаў ў галіне энергетыкі. У гэтым нічога нечаканага няма. Але я думаю, што лепей пачаць нашы адносіны з чагосьці. Гэта не значыць, што ўсё астатняе не важна для нас. Мы спадзяемся, супрацоўніцтва магчыма пашыраць, не абмяжоўваючы кола пытанняў тым, аб чым цяпер кажуць улады. І нават калі ўлада не зацікаўлена ў чымсьці, будзем працаваць з незалежным грамадствам.

Вядома, што Швецыя прасоўвала ва “Усходнім партнёрстве” пытанне візавай, так бы мовіць, палёгкі для беларусаў. Але таксама вядома, некалькі краін выказаліся супраць. Шэраг беларускіх экспертаў лічаць, што візавае пытанне павінна існаваць як тэхнічнае, у той час, як зараз гэта пытанне хутчэй палітычнае...

Я схільны згадзіцца з тымі, хто кажа аб неабходнасці зрабіць візавыя пытанні больш тэхнічнымі. Таму што палітыка гэта іншая рэч. Я лічу, што сітуацыя не зусім зразумелая — і для беларусаў, натуральна, і для нас таксама. Калі фактычна існуе візавы бар'ер. Калі візы значна даражэй, чым для грамадзян Украіны ці Расіі. Я ўпэўнены, што Швецыя падчас свайго старшынства ў ЕЗ будзе ставіць гэтае пытанне, што яно будзе абмяркоўвацца. Ці знойдзем рашэнне падчас нашага старшынства, пра гэта рана казаць... Але трэба думаць.

У красавіку Беларусь наведала група шведскіх бізнесоўцаў, і, бадай, упершыню за апошнія пяць гадоў у такой колькасці. Ці звязана гэта са зменамі ў палітыцы?

Трэба адрозніваць палітыку ад эканомікі. Я не бачу тут ніякіх змен. І раней прыязджалі прадстаўнікі шведскіх фірм. Мабыць, не ў такой колькасці. Я лічу, што трэба было і раней такую дэлегацыю прывезці. Вельмі важна ўсталяванне кантактаў паміж нашымі прадпрыемствамі. Гэта на карысць не толькі Швецыі, але і Беларусі. Што тычыцца гэтай дэлегацыі, то большасць яе прадстаўнікоў вельмі задаволеныя. Хтосьці ўпершыню наведаў Беларусь, хтосьці ўжо раней быў тут. Яны правялі перамовы з магчымымі беларускімі партнёрамі. Я думаю, што перспектывы ёсць. Яны прадстаўлялі розныя галіны нашай прамысловасці. Тут абмежаванняў няма. Думаю, што мы зможам знайсці магчымасці супрацоўніцтва ва ўсіх галінах.

Якім чынам паўплывае на працу Шведскай амбасады ў Беларусі старшынства Швецыі ў ЕЗ?

Будзем працаваць, як і працавалі. Будзем прымаць анкеты на візы, рабіць нашу звычайную працу. Але, канешне, нам трэба будзе больш увагі звяртаць на наша старшынства. Магчыма, у нас не будзе хапаць сілаў, каб займацца нашымі двухбаковымі пытаннямі, больш увагі давядзецца надаваць шматбаковым адносінам. Але я мяркую, што старшынства Швецыі ў нейкім сэнсе добра паўплывае і на нашы двухбаковыя адносіны. Таму што праз працу ўнутры ЕЗ мы можам таксама прасоўваць нашы ўласныя інтарэсы. Але як краіна, што выконвае абавязкі старшыні ЕЗ, мы павінны ў першую чаргу прадстаўляць усе краіны, і гэта, натуральна, так і будзе.

***

Стэфан Эрыксан працуе ў Беларусі чацвёрты год, а з верасня 2008 г. узначальвае Амбасаду Швецыі ў Беларусі. Раней ён працаваў у Мінску ў якасці кіраўніка Беларускага Аддзялення шведскага дыпламатычныга прадстаўніцтва ў Расіі. Сярод калег-дыпламатаў Стэфан Эрыксан вылучаецца цудоўным веданнем беларускай мовы, яго часта можна сустрэць на культурных імпрэзах. Шведскі амбасадар не толькі лічыць важным размаўляць на мове краіны знаходжання, але і знаёміць сваіх суайчыннікаў з нашай культурай. Так, нядаўна з’явіліся яго пераклады на шведскую мову твораў Васіля Быкава, Уладзіміра Арлова, тэксты песень вядомага рок-гурта N.R.M.

Часопіс "Новая Еўропа"

Видео