BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Швецыя пераймае эстафету Усходняга партнёрства

27.05.2009
Швецыя пераймае эстафету Усходняга партнёрства

На гэтым тыдні прадстаўнікі Кансорцыюма “ЕўраБеларусь” прысутнічаюць   там дзе абмяркоўваюцца перспектывы Усходняга партнёрства. Рыхтуючы сваё старшынства ў Еўрапейскім Саюзе, Дэлегацыя ЕС ў Швецыі ініцыявала правядзенне ў Стакгольме 26 траўня аднадзённай канферэнцыі пад назвай “Усходняе партнёрства – інструмент дэмакратычнай і эканамічнай стабільнасці”.

Мерапрыемства сабрала больш за 60 чалавек – прадстаўнікоў шматлікіх дыпламатычных прадстаўніцтваў, працуючых ў Швецыі (у тым ліку амбасады Беларусі і некаторых іншых краін Усходняга партнёрства), грамадскіх і дзяржаўных арганізацыяў, зацікаўленых ў міжнародным супрацоўніцтве, чыноўнікаў з Брусэлю, супрацоўнікаў швецкага ўраду, а таксама шэраг экспертаў з розным досьведам і пазіцыямі па гэтым пытанні.   

Сустрэча атрымалася як кваліфікаванае і матываванае абмеркаванне галоўнымі зацікаўленымі бакамі перспектываў рэалізацыі праграмы Усходняга партнёрства, а таксама бачання шляхоў гэтай рэалізацыі і найбольш верагодных выклікаў, з якімі прыйдзецца мець справу.

Варта адзначыць, што канферэнцыя атрымалася хутчэй абмеркаваннем прадстаўнікамі Швецыі пытанняў рэалізацыі і перспектываў праграмы, чым дыялогам на гэты конт з усходнімі суседзямі ЕС. У якасці спікера, які ў пэўным сэнсе рэпрэзентуе пазіцыю краін Усходняга партнёрства на Канферэнцы выступаў толькі прадстаўнік Кансорцыюма “ЕўраБеларусь” Улад Вялічка. Ён звярнуў увагу ўдзельнікаў на адпаведныя рызыкі, звязаныя з арганізацыяй рэальнага і паўнавартаснага ўдзелу грамадзянскай супольнасці Беларусі і суседніх краін у праграме, а таксама каротка прадставіў вынікі канферэнцыі па пытаннях Усходняга партнёрства, якая адбылася 22 красавіка ў Мінску.

Сустрэча ў Стакгольме хутчэй выглядае як пачатак размовы, чым як спроба даць адказы на пытанні, якіх па-ранейшаму застаецца вельмі шмат. Як выказаўся прадстаўнік МЗС Швецыі, “час самітаў прайшоў, нас чакае рутынная праца, але без яе немагчыма рэалізаваць мэты праграмы”. У любым выпадку ад швецкага старшынства ў ЕС варта чакаць, што пытанне Ўсходняга партнёрства застанецца адным з самых прыарытэтных у павестцы дня Еўропы, і адпаведна такія сустрэчы у розных фарматах будуць рэгулярнымі.

[email protected]

Видео