BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Чарговая саступка беларускаму рэжыму альбо "лагічнае рашэнне"?

27.05.2009
Чарговая саступка  беларускаму рэжыму альбо "лагічнае рашэнне"?

Паліткамісія Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы (ПАСЕ) прагаласавала за вяртанне Беларусі статуса спецыяльна запрошанага, якога дзяржава была пазбаўленая пасля выбараў 1997 года, перадае РИА "Новости". Беларускія палітыкі неаднолькава ставяцца да гэтага рашэння.

Паліткамісія абмеркавала даклад Андрэа Рыгоні з прапановай вярнуць Беларусі статус спецыяльна запрошанага. Гэта дазволіць дэпутатам парламента краіны удзельнічаць у працы ПАСЕ. Даклад быў прыняты адзінагалосна без зменаў.

Намеснік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка здзіўлены непастаянствам ПАСЕ.

Крышку здзіўляюся непастаянству палітычнага камітэту, таму што яго дэлегацыя ўзімку прыязджала ў Беларусь, і спадар Рыгоні, спецдакладчык па Беларусі, выступаў з дастаткова адэкватнай ацэнкай становішча ў нашай краіне пад час так званага тэставага перыяду, без ілюзіяў. Што да нейкіх рэальных зменаў, то няма такіх інстытуцыянальных зменаў, што Рыгоні і сказаў.

Рыгоні выказаў прапанову, якая была ўзгоднена на палітычным камітэце: для працягу размовы без надання якіх бы там ні было статусаў запрасіць у Страсбург змешаную групу, у якую б уваходзілі прадстаўнікі як ўлады, так і дэмакратычных сілаў.

Ідэю змешанай групы, па словах спадара Вячоркі, не прынялі ўлады. Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы распрацавалі накід "падарожнай мапы" дзеля вяртання Беларусі ў Раду Еўропы, расказаў палітык. У дакуменце ўтрымліваюцца спасылкі на асноватворныя дакументы Рады Еўропы.

Вядома, што Рада Еўропы — гэта ўсё ж арганізацыя каштоўнасная. У склад яе ўваходзяць краіны, якія падзяляюць такія каштоўнасці як дэмакратыя, справаздачная, выбіраная ўлада, пашана да правоў чалавека і так далей. У статутных дакументах запісана менавіта так.

Вось таму мы прапанавалі, распачаць, у першую чаргу, перамоўны працэс. І, пры ўмове пачатку рэальных крокаў Беларусі дзеля выканання крытэраў членства ў Радзе Еўропы, падыйсці да моманту, калі ёй можна будзе прапанаваць вось гэты статус спецыяльна запрошанага.  

Акрамя таго, лічыць В.Вячорка, Беларусі трэба падпісаць некалькі фундаментальных канвенцыяў Рады Еўропы — аб правах чалавека і аб мясцовым самакіраванні — што дазволіла б дастакова хутка перайсці да статусу поўнага членства.

Тое, што прапаноўваецца цяпер — гэта нават не пераскокванне праз этапы. Гэта заплюшчванне вачэй на тое, што, на жаль, цягам апошняга паўгода ніякіх зрухаў у нас не адбылося, — рэзюмаваў палітык.

Намеснік старшыні Руху "За Свабоду" Аляксей Кавалец, наадварот, лічыць рашэнне паліткамісіі лагічным.

Тое, што планавалася, зроблена. І нічога тут дзіўнага няма. Больш таго, мы на Прэзідыуме АДС ухвалялі, што гэта добра было б зрабіць.

На думку А.Кавальца, вяртанне Беларусі статуса спецыяльна запрошанага толькі паспрыяе далейшай лібералізацыі.

Умовы для далейшай дэмакратызацыі, канечне, не адмяняюцца. Мы знаем, што яна [Беларусь – аўт.] адразу нічога не выканае, але трэба так званая "дарожная мапа" і пакрокавы рух наперад. Статус дае магымасць для ўсіх гэтых еўрапейскіх інстытуцыяў уплываць на далейшае выкананне. Інакш будзе такая сітуацыя, што лепш для ўладаў, калі яны не запрошаныя, і ніхто на іх не ўплывае.

Пасля прыняцця даклада паліткамісіяй, канчатковае рашэнне аб наданні Беларусі статуса спецыяльна запрошанага будзе прымацца на чарговай сесіі ПАСЕ, якая адбудзецца напрыканцы чэрвеня.

Людміла Мароз  Сайт АДС

Видео