BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Пражская вясна "Усходняга партнёрства"

21.05.2009
Пражская вясна "Усходняга партнёрства"

Беларуская дэлегацыя спакойна прайшла ад аўтамабіля праз кардон журналістаў, якія трымалі на выцягнутых руках доўгія палкі мікрафонаў. Уладзіміра Сямашку, першага віцэ-прэм'ера, і Уладзіміра Сянько, пастаяннага прадстаўніка Беларусі ў ЕС, мала хто тут ведаў у твар. Міма еўрапейскіх журналістаў яны прайшлі фактычна інкогніта. Але гэта былі толькі першыя, сціплыя крокі беларускай дыпламатыі — па цёмна-сінім дыване ў Еўропу.
Адлюстраванне нашых рэалій, характэрнае для апошніх гадоў: у чэшскай сталіцы паралельна знаходзіліся дзве беларускія дэлегацыі, у якіх супадалі суразмоўцы, але не графікі. У Еўропу беларускія ўлады і дэмакратычная апазіцыя ідуць дзвюма калонамі. У кожнай свой сцяг: афіцыйны Мінск гаворыць аб прагматычным супрацоўніцтве, апазіцыя робіць упор на важнасці развіцця грамадзянскай супольнасці, нацыянальнай культуры і мовы.

На гэтым тыдні ў чэшскай сталіцы дзякуючы беларускай дыяспары, вядомай сваёй актыўнасцю, прайшоў шэраг мерапрыемстваў, закліканых распавесці аб сітуацыі ў Беларусі. Апоўдні 7 мая, у дзень устаноўчага саміта "Усходняга партнёрства", дэманстрацыя пачалася сімвалічна — на плошчы Францішака Палацкага, вядомага гісторыка і дзеяча чэшскага Адраджэння. У месцы, названым у гонар вучонага, які паклаў пачатак чэшскай ідэнтычнасці, беларусы замежжа і апазіцыйныя палітыкі казалі аб важнасці захавання нацыі.

Мітынг быў прадоўжаны перад Кангрэс-цэнтрам, дзе праходзіў саміт "Усходняга партнёрства". Доблесная чэшская міліцыя перавяла дэманстрантаў з іх сцягамі да асноўнага ўваходу. Да беларусаў там далучыліся малдаване, а кожны ўдзельнік саміта, калі пад'язджаў, бачыў бел-чырвона-белыя сцягі і заклікі "спыніць дыктатуру". Прэм'ер-міністр Чэхіі, якая старшынствуе ў ЕС, Мірэк Тапаланек падышоў да беларусаў, каб запэўніць: членства Беларусі ў новай праграме Еўрасаюза не з'яўляецца нейкай сімвалічнай легітымацыяй існуючай улады.

Між тым саміт у Празе 7 мая стаў сімвалічным і гістарычным як для афіцыйнага Мінска, гэтак і для апазіцыі. "Усходняе партнёрства" — палітычны і дыпламатычны прарыў Беларусі на заходнім напрамку. Цяпер мы — паўнацэнныя ўдзельнікі рабочай платформы для рэалізацыі еўрапейскіх працэсаў ва Усходняй Еўропе і працэсаў еўраінтэграцыі. Дакументы саміта не падпісваліся, быў толькі сімвалічны абмен копіямі, але ва ўсіх установачных паперах мы ўзгаданыя.

"Набярыцеся цярпення", — папрасіла еўракамісар па знешняй палітыцы Беніта Ферэра-Вальднер на правах маці новай палітыкі. Перамены ў грамадстве, сказала яна, патрабуюць часу. Заснаваўшы асобную фінансавую і палітычную праграму для шасці постсавецкіх краін, ЕС дэманструе гатоўнасць усімі магчымымі сродкамі садзейнічаць рэформам і мадэрнізацыі, эфектыўнаму кіраванню, эканамічнаму росту і энергетычнай бяспецы ў кожнай з іх.

Плануецца, што ў чэрвені краіны-ўдзельніцы пачнуць дыскусіі аб практычным напаўненні чатырох сфер супрацоўніцтва канкрэтыкай, фармуляванні праектаў для развіцця дэмакратыі, эканамічнай інтэграцыі, энергетычнай бяспекі і кантактаў паміж людзьмі. Узровень і хуткасць збліжэння ЕС і асобных краін будзе праходзіць па індывідуальнай праграме ў залежнасці ад пажаданняў "усходніх партнёраў" і іх поспехаў у сферы дэмакратызацыі: інтарэсы Брусель не мае намеру аддзяляць ад агульных еўрапейскіх каштоўнасцей.

Калі апазіцыя сустрэлася з Тапаланекам, кіраўніком МЗС Карэлам Шварцэнбергам, чэшскімі дэпутатамі і прадстаўнікамі наступнага старшыні ЕС — Швецыі, то афіцыйная беларуская дэлегацыя раздзялілася і правяла сустрэчы з вярхоўным прадстаўніком ЕС па агульнай знешняй палітыцы Xаўерам Саланам, Ферэра-Вальднер, кіраўніком МЗС Іспаніі Мігелем Марацінасам і прадстаўнікамі чэшскага бізнесу. Пасля саміту кіраўнік дэлегацыі Уладзімір Сямашка нават не знайшоў часу зняцца на агульнай фатаграфіі…

Відавочную зацікаўленасць ва "Усходнім партнёрстве" не толькі афіцыйнага Мінска, але і апазіцыі падкрэсліў і Мірэк Тапаланек. Паводле яго слоў, апазіцыя бачыць у палітыцы магчымасць развіваць грамадзянскую супольнасць і падтрымліваць беларускія традыцыі. Улады ж рады канкрэтным праектам. І ў гэтым няма нічога дзіўнага. Як падкрэсліў Хаўер Салана, сітуацыя ў краінах-партнёрах вельмі розная, але яны ў любым выпадку застануцца суседзямі ЕС, геаграфічна нічога змяніцца не можа. Суседзі, кажа ён, як і новая палітыка ЕС — не на месяцы або гады, а назаўсёды. І "ўсходнія партнёры", і Расія.

Па сутнасці, беларускія ўлады сапраўды пачынаюць шчыльную працу з еўрапейскімі калегамі і калегамі па СНД і плануюць супрацоўніцтва. Апазіцыя ж, у сваю чаргу, будзе працягваць лабіраваць праекты развіцця грамадства і ўзаемадзеяння з няўрадавымі арганізацыямі. Праца будзе ўзаемадапаўняльнай, але, на жаль, зноў не сумеснай.

Рэальным пацвярджэннем намераў Еўракамісіі не забываць аб правах і каштоўнасцях стала б наладжванне менавіта гэтага, унутранага дыялогу. Аб'яднанне намаганняў уладаў і апазіцыі як нішто іншае паказала б наяўнасць патэнцыялу для перамен і рэформ у краіне. Калі нават зусім розныя лідэры апазіцыі гатовы паспрабаваць працаваць за агульным сталом, а Лукашэнка не выключае супрацоўніцтва з апанентамі, то няма нічога немагчымага.

Першы крок у Еўропу зроблены. І ён мае сэнс толькі ў тым выпадку, калі за ім будуць іншыя.

Марына Рахлей,
БелаПАН, Прага — Мінск.

Видео