BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Вяртаньне апошняй дыктатуры ў Эўропу

06.05.2009
Вяртаньне апошняй дыктатуры ў Эўропу
Эўрапейскі Зьвяз нядаўна пачаў палітыку “канструктыўнага дыялогу” зь Беларусьсю. Не занадта хутка. Да гэтага палітыка ЭЗ заключалася ў ізаляцыі Беларусі, якая і сама да гэтага імкнулася.

Гэтая палітыка амаль нічога не дасягнула, падтрымліваючы аўтарытарнага лідэра краіны, прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнку. Са спазьненьнем і часткова насуперак сабе, лідэры ЭЗ цяпер зразумелі, што ім трэба весьці справы з Лукашэнкам прагматычна, калі яны хочуць спрыяць рэформам у Беларусі і паступова выводзіць краіну з арбіты Расеі.

Асэнсаваньне гэтага не азначае, што Эўропа мае зрабіцца сьляпою ў дачыненьні сутнасьці рэжыму Лукашэнкі. Краіны-сябры ЭЗ занепакоеныя станам з правамі чалавека ў дзяржаве, якую некаторыя называюць “Кубай Ўсходу”. Палітычныя рэпрэсіі ды абмежаваньне свабоды слова застаюцца звычайнаю зьявай у Беларусі. Але тое самае – ці нават горшае – можна сказаць і пра Кітай, але ЭЗ інвестваваў шмат палітычнага капіталу ў стратэгічнае, шматбаковае партнэрства з ягонымі кіраўнікамі.

Беларусь - гэта прагал у постсавецкай дэмакратызацыі ды інтэграцыі Ўсходняй Эўропы. Эўрапейскія афіцыйныя асобы прыкладаюць усе намаганьні, каб не дапусьціць узьнікненьня новых лініяў падзелу паміж Беларусьсю і яе заходнімі ды паўночнымі суседкамі – Польшчаю, Літвой і Латвіяй, якія далучыліся да Эўразьвязу ў 2004 годзе. Фактычна, гэтыя краіны ёсьць найвялікшымі сымпатызантамі паляпшэньня стасункаў з Беларусьсю з прычыны гістарычных, камерцыйных і сямейных сувязяў.

ЭЗ таксама нечакана асэнсаваў патрэбу ў агульнай вонкавай палітыцы энергетычнай бясьпекі ня менш, чым патрэбу ў дывэрсыфікацыі паставак. Улічваючы, што ня менш за 20% расейскага газу, прызначанага эўрапейскім краінам, праходзіць празь Беларусь, стабільныя і структураваныя стасункі з урадам гэтай краіны зрабіліся прыярытэтам. У сваю чаргу, Лукашэнка вырашыў, што з эканамічных прычынаў Беларусі спатрэбіцца падтрымка ЭЗ і немагчыма далей залежыць толькі ад Расеі, не плоцячы пры гэтым высокага палітычнага кошту.

Але адліга ў стасунках Беларусі і ЭЗ мусіць базавацца на ўзаемных, сталых кроках насустрач. Урэшце, ніводнае стратэгічнае партнэрства ЭЗ не было безумоўным. Але Эўразьвяз мусіць быць гатовы адказаць на ўнутранабеларускі імпульс да рэформаў, большай адкрытасьці ды павагі да фундаментальных дэмакратычных правоў.

Напрыклад, нядаўняе вызваленьне палітычных вязьняў у Беларусі зьняло з парадку дня адну з ключавых прычынаў варожасьці Эўразьвязу ў адносінах да Лукашэнкі. Гэты жэст, разам з свабоднай публікацыяй апазіцыйнай газэты, ёсьць менавіта тым рухам, які схіліць ЭЗ да паляпшэньня стасункаў. Падобным чынам, Беларусь, у сваю чаргу, мае пазітыўна адказаць на крокі ЭЗ у кірунку нармалізацыі стасункаў, такія, напрыклад, як скасаванне візавых абмежаваньняў у адносінах да Лукашэнкі ды іншых высокіх чыноўнікаў.

Зразумела, вызваленьне палітычных вязьняў не апраўдвае папярэдняе самавольства Лукашэнкі. Але апазіцыя ў краіне безнадзейна падзеленая, загразла ў спрэчках і няздольная аказаць сур’ёзны супраціў ягонай уладзе. Больш за тое, здаецца, што Лукашэнка сапраўды папулярны. Выглядае, што вясковае насельніцтва і людзі старэйшага веку – як і ў іншых краінах былога Савецкага Саюзу – больш цэняць эканамічную стабільнасьць і сацыяльны парадак, чымся дэмакратычнае разьвіцьцё.

Некаторыя назіральнікі мяркуюць, што Лукашэнка цынічна спрабуе наладзіць стасункі з Захадам, каб дамагчыся большай падтрымкі ад Расеі, асабліва ў час фінасавага крызісу. І хаця магчыма, што Лукашэнка грае ў гульню “падзяляй і ўладар”, ён відавочна мусіць зрабіць выбар.

Чым болей ён набліжаецца да ЭЗ, тым большая трывога ў Крамлі. Расея гіперадчувальная да выклікаў яе ўплыву ў тым, што называецца “блізкім замежжам” былых савецкіх сатэлітаў. Леташняя вайна ў Грузіі ды пастаянныя высілкі Крамля ў дэстабілізацыі празаходняга ўраду Украіны - гэта папярэджаньне, чаго Лукашэнка можа чакаць, калі ён зойдзе занадта далёка.

Улічваючы заняпад эканомікі Беларусі ды звужэньне яе экспартных рынкаў, Расея можа скарыстацца са слабасьці Лукашэнкі. Крэмль разглядае просьбу Беларусі пра выдаваньне крэдыту памерам $ 2 млрд, але калі грошы зьявяцца, Беларусь можа чакаць, што давядзецца плаціць высокі палітычны кошт. Лукашэнка можа прыняць расейскі рубель, прынамсі, у якасьці рэзэрвовай валюты.

Расея тасама можа настойваць на шырэйшай вайсковай супрацы, уключна з разьмяшчэньнем расейскіх ракетаў у адказ на заплаванае Злучанымі Штатамі разьмяшчэньне супрацьракетнай абароны ў Польшчы і Чэхіі. Прэм’ер-міністар Уладзімір Пуцін і прэзыдэнт Дзьмітрый Мядзьведзеў могуць таксама настаяць на прызнаньні суверэнітэту грузінскіх рэгіёнаў Абхазіі ды Паўднёвай Асеціі, абвешчаных незалежнымі перад леташняю вайною, ведаючы, што гэта можа пагоршыць стасункі Эўразьвязу і Беларусі.

Спадзяваньнем Беларусі на танную энэргію з Расеі такама можна скарыстацца як рычагом. Але ўлічваючы крызіс у расейскай эканоміцы, Беларусь, магчыма, цяпер нават у мацнейшай пазіцыі, чымся сама думае. Краіне патрэбны шырэйшы доступ на сусьветныя рынкі і магчымая падтрымка ва ўступленьні ў Сусьветную арганізацыю гандлю, што ёсьць адною з найвялікшых перавагаў ЭЗ і адной з асноўных слабасьцяў Расеі.

Цяпер час для лідараў ЭЗ рэпрэзэнтаваць Лукашэнку зразумелую альтэрнатыву залежнасьці ад Расеі. Першым крокам у гэтым працэсе было ўключэньне Беларусі ў праграму "Усходняе партнэрства", новую структуру для стасункаў з шасьцю былымі савецкімі рэспублікамі ва Ўсходняй Эўропе і на Каўказе.

Заўчасна запрашаць Лукашэнку на адкрыцьцё самміту гэтай ініцыятывы ў Празе 7 траўня. Але пасьля гадоў аслабленьня, стасункі паміж Эўразьвязам і Беларусьсю нарэшце выглядаюць шматабяцальнымі. Вялікая адказнасьць ляжыць на Лукашэнку, але ЭЗ мае прыкласьці ўсе намаганьні, каб вярнуць Беларусь у сям’ю эўрапейскіх народаў, да якой яна належыць.

______________________

Чарлз Тэнак прадстаўляе ў Эўрапейскім парламенце Кансерватыўную партыю Вялікабрытаніі ў пытаньнях замежнай палітыкі ды ёсьць аўтарам рапарту Эўрапарламенту “Ўсходні кірунак у эўраейскай палітыцы добрасуседзтва”.

Пераклад з ангельскай зрабіла Надзея Манцэвіч

Спасылка

Видео