BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

ЕС і Беларусь праз шэсць месяцаў: у чаканні новых вынікаў і выпрабаванняў

07.03.2009
ЕС і Беларусь праз шэсць месяцаў: у чаканні новых вынікаў і выпрабаванняў

“Крокі, што рабілі беларускія ўлады цягам шасці месяцаў прыпынення дзеяння санкцый, не прынеслі значных зменаў у сітуацыю ў краіне, да таго, ж з’яўляюцца цалкам зваротнымі. Тым не менш, неабходна скарыстацца з пазітыўнай дынамікі, назапашанай з моманту пачатку дыялогу, таму Еўрасаюзу варта было б даць Беларусі яшчэ адзін шанец і падоўжыць прыпыненне візавых санкцый яшчэ на паўгода”. Такім быў асноўны тон выступленняў прадстаўнікоў беларускай грамадзянскай супольнасці ў часе дэбатаў, зладжаных дзвюма буйнейшымі фракцыямі Еўрапейскага парламента  –  Партыяй еўрапейскіх сацыялістаў і Еўрапейскай народнай партыяй (Еўрапейскія дэмакраты) у супрацоўніцтве з “Офісам за дэмакратычную Беларусь” і славацкай фундацыяй  Понціс (Pontis) 4 сакавіка гэтага году.

У дыскусіі бралі ўдзел сябры беларускіх грамадскіх арганізацый, дэпутаты Еўрапейскага парламента, амбасадар Рэспублікі Беларусь у ЕС, НАТА і Бельгіі, высокія прадстаўнікі Рады Еўрасаюза і Еўрапейскай камісіі ды іншыя зацікаўленыя асобы.

Прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці Беларусі ў асобе старшыні БАЖа Жанны Літвіной, намесніка кіраўніка Міжнароднай федэрацыі па правох чалавека Алеся Бяляцкага, прадстаўніка Асамблеі дэмакратычных НДА Сяргея Мацкевіча, мадэратара дэбатаў аналітыка Віталя Сіліцкага,а таксама незалежнай журналісткі Ірыны Віданавай, якая прэзентавала маніторынг па сітуацыі ў Беларусі, у сваіх прамовах адзначалі хібы працэсу лібералізацыі ў краіне. Паводле экспертаў, беларускія ўлады не маюць жадання праводзіць сапраўдныя рэформы і вымушана ідуць на тыя ці іншыя саступкі з увагі на эканамічныя і геапалітычныя чыннікі. Разам з тым, удзельнікі дыскусіі пагадзіліся, што ўзнаўленне дыялогу стварыла пэўныя платформы для агучвання грамадзянскай супольнасцю сваіх пазіцый, і працяг перамоўнага працэсу спарадзіў бы большую верагоднасць развіцця гэтай станоўчай тэндэнцыі, чымсьці вяртанне санкцый.

Прадстаўнікі грамадскага сектару выказалі таксама сваю занепакоенасць адсутнасцю празрыстасці працэсу перамоў. У прыватнасці, Алесь Бяляцкі  адзначыў, што нічога не вядома пра змест кансультацый, якія адбываюцца паміж Цэнтральнай выбарчай камісіяй і АБСЕ. Праваабаронцы заклапочаны таксама ўзнаўленнем практыкі крымінальнага пераследу за палітычную дзейнасць і выказалі спадзяванне, што гэтым пытанням будзе надавацца належная ўвага.

У сваім звароце да аўдыторыі кіраўнік Палітычнага дэпартамента Генеральнага сакратарыяту Рады ЕС Хельга Шмід нагадала, што “трансфармацыі не адбываюцца за адну ноч”, і што зварот да папярэдніх пазіцый у працэсе дэмакратызацыі –  натуральная з’ява, але важна, каб такія адкаты не былі вельмі рэзкімі. Яна адзначыла пазітыўную дынаміку выпрабавальнага перыяду, прыгадаўшы адэкватную рэакцыю ўлад на крытыку парламенцкіх выбараў 2008 г. і згоду на супрацоўніцтва з Місіяй АБСЕ ў пытаннях рэфармавання выбарчага заканадаўства, рэгістрацыю Руху “За свабоду”, вяртанне ў сістэму дзяржаўнага распаўсюджання дзвюх незалежных газет і спробы выканаць рэкамендацыі Міжнароднай арганізацыі працы (МАП). Спадарыня Шмід падкрэсліла, што ЕС чакае ад Беларусі больш глыбокіх, сістэмных пераўтварэнняў. Яна выказала спадзяванні, што выпрабавальны перыяд будзе падоўжаны яшчэ на шэсць месяцаў, і краіна зможа ўдзельнічаць у праграме Усходняга партнёрства.

Каментуючы афіцыйную пазіцыю ўлад пра нежаданне Беларусі мець асобныя перадумовы для супрацоўніцтва, што па іх меркаваннях, парушае роўнасць з іншымі дзяржавамі, Хельга Шмід заўважыла, што ЕС мае агульны да ўсіх падыход, заснаваны на каштоўнасцях і ўзаемных інтарэсах краін.

Намеснік кіраўніка Дэпартамента Еўракамісіі па знешніх сувязях Х’юга Мінгарэлі ў сваёй прамове акрэсліў магчымыя рамкі эканамічнага супрацоўніцтва і апісаў выгоды, якія Беларусь магла б атрымаць ад удзелу ва Усходнім партнёрстве, што між іншага ўлучаюць: падпісанне пагаднення пра спрашчэнне візавага рэжыму, праграмы студэнцкіх абменаў, якія даступныя зараз у мінімальнай ступені, атрыманне крэдытаў. Асаблівую ўвагу ён надаў магчымасці скарыстаць досвед ЕС у галіне развіцця рэгіёнаў. На яго думку, праграмы развіцця рэгіёнаў былі б карысныя Беларусі, дзе асноўная маса насельніцтва сканцэнтравана вакол буйных прамысловых кангламератаў, што моцна церпяць ад эканамічнага крызісу. Спадар Мінгарэлі падкрэсліў таксама, што  будучае супрацоўніцтва, нягледзячы на палітычную волю Бруселя, будзе залежыць ад адпаведных рашэнняў і крокаў з боку беларускіх улад.

Старшыня дэлегацыі па адносінах з Беларуссю ў Еўрапарламенце Яцэк Пратасевіч і віцэ-страшыня фракцыі сацыялістаў, кіраўнік працоўнай групы па Беларусі Ян-Марынус Віерсма падкрэслілі важнасць ўдзелу грамадзянскай супольнасці ў дыялогу паміж ЕС і Беларуссю. Гэтая прапанова не атрымала, аднак, падтрымкі ў беларускага амбасадара Уладзіміра Сянько.

У сваім выступленні спадар Сянько падкрэсліў важнасць Беларусі для Еўрасаюзу, яе ролю ў змаганні з такімі з’явамі, як нелегальная міграцыя і гандаль людзьмі. Ён звярнуў увагу прысутных на тое, што Беларусь – гэта краіна, праз якую праходзіць не толькі 20 % транзіту газу, але і 80 % транзіту нафты ў Еўропу. Спадар амбасадар назваў ізаляцыю Беларусі контрпрадуктыўнай з’явай, якая пацягнула за сабой страту многіх магчымасцей. Ён зазначыў таксама, што лібералізацыя, якая адбываецца ў краіне, не ёсць толькі вынікам вонкавага ціску, але арганічнай часткай гістарычных працэсаў, што праходзяць на постсавецкай прасторы.

Акрамя пытанняў палітычных свабод, удзельнікаў сустрэчы цікавілі перспектывы далучэння Беларусі да ЕС і магчымасці аздараўлення беларускіх дзяцей з пацярпелых ад Чарнобыльскай катастрофы рэгіёнаў за мяжой.

Democraticbelarus.org

 

Видео