BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Салідарнасьць пад ледзяным дажджом

24.03.2009
Салідарнасьць пад ледзяным дажджом

22 сакавіка, напярэдадні беларускага Дня Волі ў Варшаве прайшоў традыцыйны канцэрт “Салідарныя зь Беларусьсю”. Нягледзячы на дрэннае надвор’е, каля дзьвюх тысячаў чалавек прыйшлі на канцэрт, каб падтрымаць беларусаў, якія жадаюць дэмакратычных пераменаў у сваёй краіне.

     На сцэне гурт "Dalі".      Побач мітынг партыі LPR - супраць польскага ўраду і ў падтрымку Лукашэнкі. У адрозьненьні ад Менску, ніхто дэманстрантаў не разганяе.                   

Канцэрт “Салідарныя зь Беларусьсю” праходзіць ужо ў чацьверты раз. Пра яго мэты нам распавядая адна з арганізатараў імпрэзы – Марта Калужыньска, сябра ініцыятывы “Вольная Беларусь”.

М. Калужыньска: Падчас сёлетняга канцэрту мы хацелі б расказаць гледачам, што перамены ў Беларусі насамрэч павярхоўныя. Мы хочам сказаць, што, нягледзячы на аб’яўленую лібэралізацыю, моладзевых актывістаў супрацьпраўна забіраюць у войска, а свабодна распаўсюджваць дазволілі толькі дзьве незалежныя газэты. Мы хочам паказаць, што грамадзкасьць за мяжою ўважліва сочыць за тым, што адбываецца ў Беларусі ды ўсьведамляе ўсю павярхоўнасьць аб’яўленай лібэралізацыі. Мы таксама хочам падтрымаць тых людзей на Беларусі, якія хочуць пераменаў – каб яны былі мужнымі, не здаваліся й не гублялі надзеі.

На сцэне ў Варшаве выступіла больш за дзесяць вядомых польскіх гуртоў і выканаўцаў. Камандаў зь Беларусі было няшмат. З чым зьвязаны абмежаваны ўдзел беларускіх выканаўцаў у сёлетнім канцэрце, нам тлумачыць адзін з арганізатараў фэсту – Сяржук Марчык.

С. Марчык: На гэта ёсьць дзьве прычыны. Першая вельмі банальная – польскае грамадзкае тэлебачаньне ў гэтым годзе адмовілася ад фінансаваньня канцэрту, таму ў нас былі вельмі абмежаваныя сродкі, каб запрасіць гурты зь Беларусі. Другая заключаецца ў тым, што канцэрт адрасаваны перш за ўсё да палякаў, каб яны не забываліся пра Беларусь і каб беларуская тэма гучала ў газэтах і на тэлебачаньні. Калі пра беларусаў будуць ведаць, гаварыць – значыць будуць падтрымліваць дэмакратычныя грамадзкія ініцыятывы ў Беларусі. Таму мы вырашылі сёлета запрасіць гурты, на якія прыйдуць гледачы. Адпаведна палякі прыйдуць хутчэй на польскіх зорак, чым на беларускіх.

Сябра ініцыятывы “Вольная Беларусь” Сяржук Марчык падкрэсьліў, што на беларускіх музыкаў не забыліся. На канцэрце выступіў таленавіты беларускі гурт “Далі”, польска-беларускі праект “Мёд”, беларускія выканаўцы Андрэ Карп і Яўген Валошын.

Саліст гурта “Мёд” Цімафей Хадневіч вельмі задаволены з удзелу ў канцэрце. Ён лічыць, што арганізатары акцыі Салідарныя зь Беларусьсю” робяць вельмі важную справу.

Ц. Хадневіч: Гэтыя канцэрты вельмі важныя таму, што даюць магчымасьць беларускім выканаўцам заграць на такой вялікай сцэне. Па-другое, правядзеньне такіх канцэртаў, укладваньне сродкаў у разьвіцьцё дэмакратыі на Беларусі дапамагае наладзіць добрасуседзкія адносіны паміж народамі. Праз музыку – да сэрцаў!

Пра свае прычыны ўдзелу ў канцэрце распавядае таксама вядомы польскі выканаўца Дарэк Малеёнэк, удзельнік гурта Maleo Reggae Rockers:

Д. Малеёнэк: Я ўжо трэці раз іграю на гэтым канцэрце й трэці раз удзельнічаю ў яго арганізацыі. Я заўсёды вельмі цешуся, што магу гэта рабіць. Я лічу, што палякі сёньня павінны дапамагаць тым, каму горш. У камуністычныя часы нам было дрэнна, і шмат людзей нам тады дапамагала. Мы вельмі цанілі тое, што на Захадзе ў нашую падтрымку ладзілі канцэрты, казалі пра тое, што адбывалася ў Польшчы. Нам было вельмі важна ведаць, што мы не адны, што пра нас не забыліся. Думаю, сёньня гэта вельмі важна для беларусаў.

Падчас канцэрту на сцэну былі запрошаныя вядомыя дзеячы польскай антыкамуністычнай апазыцыі 80-х гадоў Збігнеў Буяк, Браніслаў Вільдштэйн, Мая Камароўска, Агнешка Рамашэўска.

Былы дзеяч дэмакратычнай апазыцыі, а сёньня публіцыст Браніслаў Вільдштэйн падкрэсьліў, што як абрынуўся камунізм, так мінуць і часы Аляксандра Лукашэнкі, але тое, што робіцца сёньня для ўсталяваньня салідарнасьці ды ўзаемапаразуменьня паміж беларусамі й палякамі – застанецца на доўгія гады.

Да польскай моладзі, якая сабралася на канцэрце “Салідарныя зь Беларусьсю”, выйшлі таксама дзеячы сёньняшняй беларускай дэмакратычнай апазыцыі – Вінцук і Арына Вячоркі, Лявон Баршчэўскі. Яны заклікалі падтрымаць Франака Вячорку,  Івана Каліту, Івана Шылу, Зьмітра Хведарука ды іншых моладзевых актывістаў, якія супрацьпраўна былі забраныя ў войска, а таксама падтрымаць тых дзеячаў апазіцыі, якія сёньня знаходзяцца ў турме.

Арганізатары канцэрту ды госьці зь Беларусі таксама заклікалі кіраўніцтва польскага грамадзкага тэлебачаньня вярнуць аднаго са стваральнікаў тэлеканалу “Беласат” Агнешку Рамашэўску на пасаду дырэктара каналу.

Сёлетні канцэрт “Салідарныя зь Беларусьсю” сабраў каля дзьвюх тысячаў чалавек. Гэта нашмат менш, чым у папярэднія гады, калі на фэст прыходзіла да 15 тысячаў гладачоў. Вінаваты ў гэтым ледзяны дождж, які амаль безь перапынку ліў падчас канцэрту. Аднак тыя маладыя людзі, якія не спужаліся дрэннага надвор’я, засталіся задаволеныя. Вось што пра канцэрт кажа адна з гледачоў Анжаліка з Варшавы:

Анжаліка: Я прыйшла на гэты канцэрт першы раз і хацела ўбачыць, якія гурты тут выступаюць, што адбываецца падчас канцэрту. На маю думку, маладыя палякі няшмат ведаюць пра тое, што адбываецца ў Беларусі. Старэйшыя людзі разумеюць гэта лепш. Але такі канцэрт можа ўзбудзіць цікавасьць моладзі да Беларусі. Я толькі год таму даведалася, што такі фэст ёсць, у гэтым годзе вырашыла прыйсьці, і лічу вельмі добрым, што такія канцэрты праводзяцца. 

Сярод тых, хто ў непагадзь прыйшоў на Тэатральную плошчу Варшавы, былі й беларусы.  Сваімі ўражаньнямі ад канцэрту дзеліцца з намі беларускі студэнт Алесь.

Алесь: Польскія гурты вельмі добрыя. Шкада толькі, што зь Беларусі прыехала мала гуртоў. У мінулыя гады гэта былі беларускія рок-зоркі, а сёньня прыехалі менш вядомыя, але таксама файныя гурты, такія як “Мёд” ці “Dali”.

- А гэты ледзяны дождж не перашкаджае?

Канечне, не! Нам ніколі не перашкаджае надвор’е.

- А па шчырасьці?

Па шчырасьці таксама не.

Напрыканцы канцэрту “Салідарныя зь Беларусьсю” гледачы ўбачылі відэапасланьне былога прэзыдэнта Польшчы й колішняга лідэра прафсаюзу “Салідарнасьць” Леха Валэнсы. Лех Валэнса сказаў, што Эўропа ня будзе поўнай безь Беларусі. Эўропа заўсёды гатовая працягнуць руку дапамогі, аднак дамагчыся дэмакратычных пераменаў у сваёй краіне могуць толькі самі беларусы. Ніхто ня зробіць гэтага за іх.

Завяршаючы канцэрт, музыкі ды арганізатары выказалі спрадзяваньне, што гэта апошні такі канцэрт у Варшаве. Яны мараць аб тым, каб у наступным годзе выступіць разам зь сябрамі зь Беларусі ў Менску.

Аляксандар Папко

Выступае беларуска-польскі гурт "Мёд".

Беларускія сьцягі над Варшавай.

Падтрымаць беларусаў прыйшла ў асноўным моладзь.



Видео