BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Санкцыі супраць Беларусі могуць аднавіцца аўтаматычна

16.03.2009
Санкцыі супраць Беларусі могуць аднавіцца аўтаматычна

Напярэдадні сёньняшняга саміту ў Брусэлі кіраўнікоў МЗС Эўразьвязу ў Эўропы няма адзінага падыходу да Беларусі. Рознагалосьсі існуюць па шэрагу самых розных пытаньняў – канцэптуальных, тактычных, палітычных.

У часе сёньняшняй сустрэчы павінна быць прынятае рашэньне адносна далейшага лёсу санкцыяў у дачыненьні высокіх беларускіх чыноўнікаў на чале з Лукашэнкам. Як падае агенцтва France Press, калі кансэнсус ня будзе дасягнуты, то візавыя забароны, прыпыненыя летась у кастрычніку, аўтаматычна будуць адноўленыя ў красавіку.

Адмыслова да саміту падрыхтаваны дакумэнт, у якім вітаюцца пэўныя пазытыўныя крокі Беларусі і яе лідэра: у прыватнасьці, супрацоўніцтва з АБСЭ ў пытаньнях выбарчага заканадаўства. Зь іншага боку, у пятніцу ў Брусэлі прагучала рэзкая крытыка на адрас апошніх парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі.

Як заявіў у размове з France Press на ўмовах ананімнасьці адзін эўрапейскі дыплямат, пытаньне адносна аптымальных падыходаў да Менску па-ранейшаму застаецца нявырашаным. Ёсьць палітыкі ў ЭЗ, якія кажуць: “Мы павінны прыкласьці яшчэ больш намаганьняў і дастукацца да Беларусі”. Іншыя – наадварот – упэўненыя: “Не, зь Менскам трэба быць больш жорсткімі.”

На сёньняшні дзень самым неадкладным зьяўляецца пытаньне санкцыяў. Шэраг краін на чале зь Нямеччынай выступаюць супраць візавай забароны для беларускага чыноўніцтва на чале з Лукашэнкам. Гэтыя краіны спадзяюцца такім чынам вызваліць Беларусь з-пад расейскага ўплыву.

У часе сёньняшняй сустрэчы ім прыйдзецца ўзгадняць сваю пазыцыю з пазыцыяй прыхільнікаў больш жорсткіх падыходаў: такіх, як Велікабрытанія, Нідэрлянды, Швэцыя. Гэтая група – за аднаўленьне санкцыяў, паколькі “ў Менску назіраецца надта малы прагрэс у галіне правоў чалавека”.

Ёсьць таксама і трэція краіны, кшталту Бэльгіі, якія спадзяюцца на дасягненьне кампрамісу ў гэтым складаным пытаньні.

Чакаецца, што дэбаты будуць дастаткова вострымі. Менавіта ў іх выніку вырашыцца, ці варта запрашаць Лукашэнку на сустрэчу эўрапейскіх кіраўнікоў у Прагу. Плянуецца, што на гэтым травеньскім саміце будзе аб’яўлены старт праграме “Ўсходняе партнэрства”, да ўдзелу ў якой запрошаная і Беларусь.

Як заявіў суразмоўца France Press, "што б хто ні думаў пра беларускі рэжым, гэтая краіна ўсё ж зьяўляецца непасрэдным суседам ЭЗ, і гэтая краіна да таго ж адчувае, што яе рвуць паміж сабой на часткі Эўропа і Расея”. А таму Беларусь неабходна далучаць да эўрапейскіх праграм, ”дэманстраваць ёй тое, што яна можа атрымаць ад стасункаў з Эўропай”.

Паводле эўрапейскіх дыпляматаў, калі ня будзе дасягнутая згода ў пытаньні санкцыяў, санкцыі ад красавіка будуць аўтаматычна адноўленыя.

Візавыя і фінансавыя санкцыі супраць сарака высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў, а таксама Аляксандра Лукашэнкі былі ўведзеныя пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году, якія ў Эўропе прызналі неадпаведнымі міжнародным нормам. Санкцыі былі прыпыненыя на паўгоду ў кастрычніку 2008 г.

Спасылка

Видео