BE RU EN
rss facebook twitter

Алі С. Наўрузаў: “Рэспубліка Фэйсбук” супраць Рэспублікі Азербайджан

15.08.2011
Алі С. Наўрузаў: “Рэспубліка Фэйсбук” супраць Рэспублікі Азербайджан

“Рэспубліка Фэйсбук” супраць Рэспублікі Азербайджан

Алі С. Наўрузаў,
азербайджанскі эксперт па медыя-рэсурсах, блогер, аналітык і грамадзянскі актывіст; бакалаўр у галіне міжнародных адносінаў (Бакінскі дзяржаўны ўніверсітэт) і магістр дыпламатыі (Акадэмія дзяржаўнага кіравання); раней - супрацоўнік бакінскага Аналітычнага цэнтра нацыянальных і міжнародных даследаванняў. У цяперашні час - каардынатар праекта “Універсітэт свабоднай думкі” - лаўрэата першай штогадовай Амбасадорскай прэміі місіі АБСЕ за свабоду слова ў Інтэрнэце (2010 год)

 

Падчас аўтарытарнага праўлення прэзідэнта Ільхама Аліева, азербайджанскія актывісты моладзевых рухаў і апазіцыйныя палітыкі звярнуліся да Інтэрнэту і сацыяльных сетак як новага рэцэпту для стварэння дэмакратыі: яны хаваюцца ў інтэрнэт-прастору, каб пазбегнуць дзяржаўнага кантролю і рэпрэсіяў, і выкарыстоўваюць новыя тэхналогіі для гэтак неабходных пераўтварэнняў у сваёй краіне. 

“Рэспубліка Фэйсбук”

З прыходам Ільхама Аліева да ўлады ў 2003 годзе, сітуацыя з грамадзянскімі свабодамі, асабліва са свабодай слова, значна пагоршылася. У Індэксе свабоды прэсы, які штогод складаецца рэпарцёрамі без межаў, месца Азербайджану ўпала з 113-га месца ў 2003 годзе на 152-е ў 2010, сам прэзідэнт Аліеў занесены ў сусветны спіс 40 “ворагаў свабоды прэсы”. За гэтыя гады Азербайджан стаў адным з галоўных сусветных “турэмшчыкаў журналістаў”, апазіцыйныя партыі дэградавалі да дысыдэнтскіх клубаў па інтарэсах, а дзейнасць арганізацыяў грамадзянскай супольнасці значна скарацілася.

Такім чынам, у палітычным і грамадскім жыцці Азербайджана Інтэрнэт сёння адыгрывае важную ролю: ён стаў ледзь не адзіным месцам для вольнага абмену інфармацыяй, выражэння альтэрнатыўных меркаванняў і поглядаў, прасторы для сацыяльнай актыўнасці.

У краіне няма дакладных статыстычных дадзеных па колькасці інтэрнэт-карыстальнікаў. Афіцыйная статыстыка заснаваная на прыкладных ацэнках, і іх надзейнасць, такім чынам, з'яўляецца сумнеўнай для большасці інтэрнэт-экспертаў. У Баку, дзе састарэлая інфраструктура не дазваляе высокага доступу ў Інтэрнэт, стандартны сервісны пакет у 2 Мбіт каштуе каля $40, па-за межамі азербайджанскай сталіцы шырокі доступ да Інтэрнэту застаецца вельмі абмежаваным. Па афіцыйных дадзеных на 2010 год, з 9 мільёнаў чалавек у Азербайджане 36% маюць доступ да Інтэрнэту і толькі ў 19% з іх ёсць хуткасны доступ да інтэрнэту; 37% інтэрнэт-карыстальнікаў па-ранейшаму выкарыстоўваюць камутаваны доступ у Інтэрнэт (праз тэлефон з дапамогай мадэма), у той час як 42% маюць толькі мабільны доступ да інтэрнэту. Мабільны Інтэрнэт у Азербайджане знаходзіцца на этапе, папярэднім 3G-тэхналогіям, і толькі ў 2010 годзе адзін з мабільных аператараў краіны ўвёў 3G-тэхналогіі.

Адным словам, Азербайджан не ёсць высокатэхналагічнай краінай, а яе сярэднестатыстычны інтэрнэт- і медыя-карыстальнік - малады, адносна добра адукаваны і заможны гарадскі жыхар.

У жорсткім фінансавым, кіраўніцкім і творчым крызісе, пад пастаянным палітычным ціскам і ўрадавым кантролем, афіцыйныя СМІ краіны аказаліся не ў стане выконваць сваю галоўную функцыю - забяспечваць грамадскасць асноўнай інфармацыяй, колькасць яе чытачоў аказалася крытычна нізкай, і папулярнасць нацыянальных і мясцовых тэлеканалаў таксама рэзка ўпала.

Калі ўрад закрыў усе вуліцы, плошчы, універсітэты і тэлеканалы для любога праяўлення іншадумства і грамадскай актыўнасці, ліберальныя групы моладзі, іншыя грамадскія і палітычныя рухі перамясціліся ў онлайн-прастору. У гэтых змрочных абставінах магчымасць быць вольнымі ад цэнзуры і фільтравання інфармацыі, якую давалі Інтэрнэт і сацыяльныя сеткі, перамясціла іх у нішу, пакінутую традыцыйнымі СМІ. Азербайджанскія моладзевыя актывісты і апазіцыйныя палітыкі пачалі ўсё часцей звяртацца да Інтэрнэту і сацыяльных медыя таксама як да патэнцыйнага інструмента для палітычных пераменаў.

У выніку з’явіўся ашаламляльны кантраст паміж зместам жыцця, які падаваўся падкантрольным уладзе сегментам інтэрнэту, і сапраўдным паўсядзённым жыццём Азербайджана. У той час, як рэальнае жыццё людзей у шчыльна кантраляванай краіне становіцца сумным, руцінным і апалітычным, многія людзі звяртаюцца ў онлайн-прастору і, у прыватнасці, да сацыяльных сетак - Фэйсбука і Твітэра - для распаўсюду інфармацыі і выражэння сваёй грамадзянскай пазіцыі. Агульны эфект ад усіх гэтых дзеянняў прывёў да сітуацыі, названай азербайджанскімі актывістамі як  "Рэспубліка Фэйсбук".

Як пісаў адзін інтэрнэт-часопіс, які спыніў сваё існаванне яшчэ ў 2009 годзе: “Тое, што сёння адбываецца ў Фэйсбуку, можна параўнаць толькі з Матрыцай. Уявіце сабе сітуацыю, калі б Вы жылі ў чыстым і рамантычным свеце, дзе апазіцыя магла бунтаваць час ад часу, а Вы б не звярталі на іх ніякай увагі.Так было заўсёды, і значыць, так павінна быць і гэта рацыянальна. Але потым з’явіўся Фэйсбук, і Вы ўбачылі, што там шмат заможных і паспяховых людзей гавораць аб вострых праблемах, пра якія Вы ведалі і да гэтага, але існаванне якіх Ваша свядомасць не магла прыняць. Як быццам Марфей паклікаў вас і даў вам чароўныя таблеткі. Выпейце іх, калі хочаце даведацца праўду, і не рабіце нічога, калі не хочаце. Выбар за Вамі”.

“Рэспубліка Фэйсбук” - гэтак жа, як утапічная “Выспа Крым”, створаная Васілём Аксёнавым, - "не захопленая Чырвонай Арміяй, ідзе сваім уласным шлязам развіцця”.  

"Наша песня хараша, пачынай спачатку”

Інтэрнэт у Азербайджане - зараз амаль апошні пакінуты сегмент грамадскай прасторы, вольны ад дзяржаўнага кантролю, і ўрад адчайна спрабуе знайсці шляхі і сродкі для абмежавання яго магчымасцяў. Часам ўсплываюць заявы альбо чуткі аб намеры чыноўнікаў кантраляваць Інтэрнэт; адзін вышэйшы саветнік прэзідэнта калісьці параўнаў Інтэрнэт з "чорнай коткай без гаспадара, які пераскоквае праз усе платы і ўваходзіць у кожны дом без дазволу".

Выключыўшы з грамадскай прасторы і з паўсядзённага жыцця ўсе палітычныя рознагалоссі, урад, здаецца, не ў стане спыніць палітычныя дыскусіі, скандалы і выкрыцці ў Інтэрнэце. Як калісьці заўважыў Міклаш Харашці, прадстаўнік АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ, “улады Азербайджана праходзяць праз балючую працэдуру - яны хочуць кантраляваць Інтэрнэт, але ў той жа час разумеюць, што на практыцы не могуць гэтага зрабіць. Інтэрнэт - гэта вялікі сусвет, і ўрад такой невялікай краіны, як Азербайджан, не можа кантраляваць яго; калі ён толькі не вырашыць пераўтварыцца ў яшчэ адну Паўночную Карэю”.

Ніхто дакладна не ведае, чаму ўрад не звяртаецца да інтэрнэт-цэнзуравання - самага простага спосабу кантролю за інтэрнэтам. Усё сайты, пачынаючы ад крытычных блогаў і старонак сацыяльных сетак, дзе онлайн дысідэнты ствараюць асобныя "рэспублікі", могуць быць даступныя без аніякіх абмежаванняў. За апошнія гады былі заблакаваныя толькі адзін сайт з хадайніцтвамі і два сатырычных блога.

Такім чынам, урад звяртаецца да традыцыйнага спосаба расправы з іншадумствам - яны арыштоўваюць кібер-дысідэнтаў і прысуджаюць ім суровыя турэмныя тэрміны. У 2009 годзе былі збітыя і арыштаваныя два відэа-блогера і моладзевых актывіста Эмін Мілі і Аднан Гаджызада, нібыта “за хуліганства”, але насамрэч, як лічаць многія, за размяшчэнне на Youtube сатырычнага відэа, у якім змяшчаўся здзек над ўладамі. Праз тры гады яшчэ два актывісты - Бахтыяр Гаджыеў, выпускнік Гарварда, і Джаббар Савалан, 19-гадовы студэнт, былі змешчаныя за краты за сваю дзейнасць у Фэйсбуку.

Нешматлікія смелыя

У той час як адны людзі бачаць у гэтых дзеяннях ураду яго адчай, слабасць і няздольнасць да рэальных дзеянняў, іншыя лічаць іх мэтанакіраванай палітыкай: яны думаюць, што палітычнае іншадумства было наўмысна сасланае ў Фэйсбук, дзе яно эфектыўна адгароджанае ад шырокай грамадскасці сметнікам непатрэбнай інфармацыі. Там людзі, задзейнічаныя ў онлайн-актыўнасці, крытыкуюць урад, але іх словы рэдка ператвараюцца ў сапраўдныя дзеянні. Большасць крытыкаў ўрада выпускаюць пар праз кампутар і гэтым задавальняюцца. Рэальнае палітычнае і грамадзянскае жыццё паступова змяняецца віртуальным, чым большасць людзей задаволеная. А тыя, хто хоча разарваць гэтае заганнае кола, атрымліваюць старамоднае, але жорсткае лячэнне: іх саджаюць за краты.

З іншага боку, характар ​​сацыяльных сетак і абмежаваны доступ да Інтэрнэту ў Азербайджане робяць гэтае іншадумства бачным толькі нямногім. Вы павінныя быць не толькі дасведчаным карыстальнікам інтэрнэту, але і сябрам, па меншай меры, аднаго кібер-дысыдэнта ў Фэйсбуке, каб быць у курсе альтэрнатыўных меркаванняў. Нізкая магчымасць распаўсюджвання інтэрнэту, якая вынікае з адсутнасці належнай інфраструктуры і адносна высокіх коштаў, абмяжоўвае магчымасці апазіцыйных групаў і грамадзянскай супольнасці да больш шырокага ўплыву на грамадства ў цэлым.

Такім чынам, іншадумства і свабода слова ў азербайджанскім грамадстве сталі раскошай для тых, хто жыве ў асноўным у сталіцы Баку, мае прыстойны прыбытак, каб дазволіць сабе стабільнае падключэнне да Інтэрнэту, вольны час, каб праводзіць яго ў Фэйсбуку, і самае галоўнае, - мае дастаткова мужнасці, каб не баяцца рызыкаваць. Як сказаў адзін сучасны азербайджанскі філёзаф, "у Азербайджане толькі адважныя могуць карыстацца сваёй свабодай".

Гэтыя некалькі ваяроў, узброеных Інтэрнэтам і сацыяльнымі сеткамі, з'яўляюцца галаўным болем для ўрада. Дзякуючы ім самая маленькая правіна ўладаў атрымлівае такую ​​вядомасць, што нават замежныя СМІ трансліруюць яе у сваіх навінах, кожны ляп на афіцыйных сустрэчах абарочваецца скандалам і ганьбай для ўрада, а арышты палітычных зняволеных могуць даходзіць аж да Белага дома. Тым не менш, здольнасць гэтай нешматлікай колькасці людзей змяніць грамадства і палітычную сістэму застанецца вельмі абмежаванай да таго часу, пакуль іх дзейнасць не выйдзе з Фэйсбуку альбо пакуль доступ да інтэрнэту не стане неад'емнай магчымасцю кожнай сям'і ў Азербайджане.


Паводле EaP Community

Видео