BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Беларусь – краіна грандыёзных праектаў

06.03.2009
Беларусь – краіна грандыёзных праектаў

Беларусь марыць прарвацца ў космас, хоча заняць частку Антарктыкі, засвоіўшы паўднёвы полюс Зямлі, і стварыць у сябе канкурэнцыю Сіліконавай даліне. Пра такую будучыню марыць кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка...

Беларускі Лас Вэгас з Глыбокага не атрымаўся...

 

“Уявіце сабе самалёты з усяе Эўропы, якія прызямляюцца ў Глыбокім, - хваліў сваю ідэю дэпутат Палаты прадстаўнікоў Васіль Хрол. Дзе знаходзіцца Глыбокае, ведае ня кожны беларус, - што казаць пра патэнцыйных турыстаў з Эўропы. Дэпутат Хрол прыдумаў, што ў краіне трэба ўпарадкаваць бізнэс, зьвязаны з азартам, ачысьціць ад яго Менск, а ў Глыбокім наладзіць эўрапейскі Лас Вэгас. Хоць ідэю высьмеялі, яна сьведчыць пра тое, што ў вярхох улады Беларусі пачынае ўкараняцца міт, быццам 10-мільённая й ня вельмі заможная краіна – гэта ўсясветная імпэрыя...

 

Беларусь – касьмічная дзяржава

 

«Ці Беларусь можа стаць касмічнай дзяржавай?» –  паставіла пытаньне газэта «Советская Белоруссия». «Так! І я шчасьлівы з гэтай прычыны,” – адказаў касманаўт Уладзімер Кавалёнак...

 

Яшчэ ў часы СССР ў Беларусі распрацоўваліся ўстаноўкі для мадуляваньня палётаў, пачынаючы з Белкі і Стрэлкі. Два беларусы – Пётр Клімук і Уладзімер Кавалёнак – пабывалі ў космасе. Пасьля развалу Савецкага Саюзу наступіла зацішша. Але цяперашні кіраўнік дзяржавы захацеў, каб Беларусь стала касьмічнай краінай. У 2006 годзе  была няўдалая спроба запусьціць першы беларускі касьмічны апарат «БелКА» на канвэрсійнай ракеце-носьбіце «Днепр». Ракета ўпала празь некалькі сэкунд пасьля старту з касмадрому Байканур (Казахстан). Спадарожнік «БелКА» быў пабудаваны расейскай ракетна-касьмічнай карпарацыяй «Энэргія» і застрахаваны на  $16 мільёнаў даляраў. Але вышэйшае кіраўніцтва краіны вырашыла не спыняцца.

 

На канец 2009 году заплянаваны запуск новага беларускага касьмічнага апарату. Ён павінен забясьпечыць поўнае пакрыцьцё тэрыторыі краіны якаснай касьмічнай здымкай. Па інфармацыі старшыні прэзыдыюму Нацыянальнай акадэміі навук Міхаіла Мясьніковіча, кошт самога спадарожніка – 38 мільярдаў беларускіх рублёў. Ён падкрэсьліў, што “Беларусь пры распрацоўцы новага спадарожніка імкнулася не паўтараць “БелКУ”, а зрабіць яго лепш”. Пастаўлена і задача -- за 5 гадоў забясьпечыць акупляльнасьць спадарожніка з пэўнай рэнтабэльнасьцю. Кіраўнік прэзыдыюму НАН сказаў, што “Беларусі неабходна правільна навучыцца гандляваць касьмічнай інфармацыяй ў інтарэсах трэціх краінаў, якія ўжо сёньня праяўляюць інтарэс да беларускіх тэхналёгіяў. Ускосны эканамічны эфэкт заключаецца ў тым, што такія краіны, як Расея, Украіна, Вэнэсуэла, Іран разьмяшчаюць у нас заказы на абсталяваньне і матэматычныя мадэлі, якія выкарыстоўваюцца пры распрацоўцы беларускага апарату”.

 

У Беларусі будзе свая Сіліконавая даліна

 

Silicon Valley — неафіцыйная назва рэгіёну ў Сан-Францысцкай затоцы ў Паўночнай Каліфорніі, ЗША. Рэгіён атрымаў сваю назву з той прычыны, што там разьмешчана вельмі шмат высокатэхналягічных кампаніяў. Назва даліны паходзіць ад слова крэмень (silicon), паколькі гэты элемэнт зьяўляецца асноўным матэрыялам для вырабу электронных мікрасхем. Асноўнымі сфэрамі дзейнасьці фірмаў у Сіліконавай даліне зьяўляюцца электроніка, касьмічная галіна, біятэхналёгіі, кампутарнае абсталяваньне і праграмнае забесьпячэньне.

 

Ідэя стварэньня сваёй “Сіліконавай даліны” пачала абмяркоўвацца ў Беларусі яшчэ ў 2004 годзе. 22 верасьня 2005 года прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка падпісаў Дэкрэт №12 “Аб стварэньні Парку высокіх тэхналёгіяў”.

 

Паркі высокіх тэхналёгій дзейнічаюць у многіх краінах сьвету. Парк аб’ядноўвае шэраг фірмаў па вытворчасьці камунікацыйных тэхналёгій ды праграмнага забесьпячэньня для кампутарнай тэхнікі. Узровень падрыхтоўкі беларускіх праграмістаў высока цэніцца за мяжою, таму вялікая іх колькасьць працуе менавіта за межамі Беларусі.

 

Ці зможа ў будучыні Парк высокіх тэхналёгій стварыць нейкі лэйбл ІТ-тэхналёгіяў, які станецца своеасаблівым лэйблам Беларусі за мяжой? Намесьнік дырэктара ПВЦ Аляксандар Марцінкевіч перакананы: “Паводле амэрыканскай маркетынгавай кампаніі Trastel group, якая праводзіла апытаньне вядучых топ-мэнэджэраў Паўночнай Амэрыкі й Заходняй Эўропы, 22% апытаных назвалі Беларусь найбольш пэрспэктыўнай краінай з пункту гледжаньня распрацоўкі праграмнага забесьпячэньня. Напрыклад, Расею назвала 30% апытаных, а Кітай толькі 18%”.

 

ПВТ атрымаў адразу ж асаблівы статус – ён ствараецца пры прэзыдэнце, прэзыдэнт асабіста прызначае кіраўнікоў і зацьвярджае статут. Дырэктарам Парку высокіх тэхналёгіяў Аляксандар Лукашэнка прызначыў Валерыя Цапкалу, былога першага намесьніка міністра замежных спраў, экс-амбасадара Беларусі ў ЗША.

 

Прэм'ер-міністар Беларусі Сяргей Сідорскі лічыць, што стварэньне Парка высокіх тэхналёгіяў дазволіць ужо праз 3-4 гады вырабляць праграмнай прадукцыі на суму $350 мільёнаў даляраў у год і задзейнічаць у гэтай сфэры 15 тысяч чалавек.

 

Аб’ём вытворчасьці ў ПВТ ў 2008 годзе склаў 260,5 мільярдаў рублёў і ў параўнаньні з 2007 годам павялічыўся ў 2 разы. Зараз ў Беларускім Парку высокіх тэхналёгіяў працуе 61 рэзыдэнт.  

 

Ідэя беларускай Сіліконавай даліны фактычна зьвялася да афшору.

 

Беларусь засвойвае Антарктыду

 

Дзяржава мае намер адкрыць ў Антарктыцы ўласную палярную станцыю. Навошта? Паводле камэнтатара дзяржаўнай тэлевізіі, усясьветныя імпэрыі толькі й чакаюць моманту, каб падзяліць гэты кантынэнт між сабой. Беларусь ня можа адставаць. Яшчэ ў 2007 годзе беларускі ўрад плянаваў пачаць навуковыя працы ў Антарктыдзе. Антарктыда мае вялікія запасы нафты, газу, мэталаў і іншых карысных выкапняў, таму з такіх пазыцыяў праца там беларускіх навукоўцаў насамрэч карысная і патрэбная.

 

Беларусы на паўднёвым полюсе будуць вывучаць газавыя і аэразольныя кампанэнты атмасфэры. Нашы суайчыньнікі разьмесьцяцца ў раёне гары Вечаровая на ўзьбярэжжы мора Касманаўтаў. Базай будзе станцыя, якую расейцы перадалі беларусам бясплатна. Яна месьціцца ў 14 кілямэтрах ад расейскай станцыі «Маладзёжная» і мае такую самую назву.

 

У студзені 2009 году беларуская група палярнікаў вывучала рэгіён Антарктыды, што прылягае да гары Вечаровая. Як паведаміў прадстаўнік палярнікаў Алег Смарчкоў, беларусы праводзілі геафізычныя вымярэньні, пракладвалі шлях на бераг бухты Лазурнай для адбору проб зоаплянктону, узораў марскіх арганізмаў і расьліннасьці. На палявой антарктычнай базе “Гара Вечаровая” ўсталяваная мэтэастанцыя, якая дазволіць назіраць за зьменай надвор’я, адсочваць уплыў умоваў надвор’я на навакольнае асяродзьдзе Антарктыды.

 

Лядовыя арэны 

 

З 1999 года ў Беларусi пачалася эпоха адкрыцьця Лядовых палацаў, калі ў Менску на вуліцы Прытыцкага быў адкрыты першы Лядовы. Зараз іх у краіне паўтары дзесяткі. Як ні дзіўна, самы вялікі ў Беларусі Лядовы палац знаходзіцца не ў сталіцы, а ў Бабруйску – “Бабруйск-Арэна”. Палац разьлічаны на сем тысяч глядацкіх месцаў.  Будавалі яго аўральным чынам. Меркавалася будоўлю скончыць праз тры гады, у лістападзе 2009 году. Аляксандар Лукашэнка, аднак, запатрабаваў паскорыць будаўніцтва. На будоўлі працавалі ў тры зьмены дзьве тысячы будаўнікоў. Колькі сродкаў пайшло на лядовы палац – невядома. Плянавалася, што ў 2013 годзе ў Беларусі пройдзе чэмпіянат сьвету па хакею. “Бабруйск-арэна” значылася ў заяўцы як адно зь месцаў правядзеньня першынства. Гэтым і апраўдвалася паскарэньне будаўніцтва. Права правядзеньня хакейнага чэмпіянату ў 2013 годзе, аднак, выйграла Швэцыя.

 

Ва ўмовах эканамічнага крызысу ў 2009 годзе ў Беларусі будзе пабудавана 19 лядовых палацаў. 8 зь іх - на Магілёўшчыне. Дзе і якія лядовыя арэны павінныя зьявіцца ў бліжэйшыя гады, вызначана ўказам Лукашэнкі «Аб зацьвярджэньні Дзяржаўнай інвэстыцыйнай праграмы на 2009 год».

 

У Берасьцейскай вобласьці лядовыя арэны плянуецца пабудаваць у Драгічыне, Лунінцы, Кобрыне, Баранавічах; у Віцебскай вобласьці — у Глыбокім, Лепелі, Навалукомлі; у Гарадзенскай вобласьці — у Ваўкавыску, Лідзе, Слоніме. У лідэрах — Магілёўская вобласьць. Тут будаўніцтва лядовых палацаў запланавана адразу ў васьмі райцэнтрах – у Глуску, Горках, Клічаве, Касьцюковічах, Крычаве, Асіповічах, Чавусах і Шклове. Сіратліва на гэтым фоне выглядае Гомельская вобласьць. У гэтым рэгіёне можа зьявіцца толькі адна лядовая арэна, прычым, у самім Гомелі ў мікрараёне «Гомсельмаш». На будоўлю 19 новых лядовых арэн плянуецца накіраваць прынамсі 70 мільярдаў рублёў. Хоць не выключана, што з улікам дэвальвацыі гэтыя сумы будуць павялічаныя.

 

Акрамя таго, па словах старшыні Фэдэрацыі хакея Ўладзіміра Навумава, сёлета пачнецца будаўніцтва яшчэ аднаго новага буйнога Лядовага палацу з трыма пляцоўкамі ў Менску. Па словах Навумава, «праект «Чыжоўка-Арэна» вельмі цікавы. Інвэстыцыі ідуць з Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў.

 

Людміла Корсак

[email protected]

Видео