BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

“Be2gether“: сапраўдны апгрэйд для беларуса

04.08.2008
“Be2gether“: сапраўдны апгрэйд для беларуса
14-17 жніўня на зямлі Нарвілішскага замку, што ў 50-ці метрах ад літоўска-беларускай мяжы, адбудзецца другі па ліку фестываль музыкі і мастацтваў “Be2gether“. Сёлетні фэст мае стацца адрозным ад папярэдняга, будзе больш удасканаленым і мадэрнізаваным.

Яшчэ да пачатку непасрэдна музычнай часткі, пад якую арганізатары пабудавалі 5 сцэнаў, фестываль распачнецца працай міжнародных творчых майстэрняў. 1000 майстроў з краін Еўропы і іх вучні – удзельнікі варштатаў, разам створаць атмасферу сучаснага свята мастацтваў. Апагеем супольнай працы мастакоў і адначасова галоўным сюрпрызам для наведвальнікаў мерапрыемства стане адкрыццё парку скульптур, якія ўмеюць гучаць. Для аматараў рухацца ў рытме адкрыецца адмысловая акадэмія танца, кіраваць якою будуць прафесіяналы-выкладчыкі.

Адзін з выступоўцаў мінулагодняга “Be2gether“, лідэр гурта IQ48 Аляксандр Ракавец падзяліўся з Еўрарадыё сваімі ўражаннямі ад леташняга выступу “лосяў”, а таксама адзначыў асаблівасць атмасферы, што панавала на фестывалі.

Аляксандр Ракавец: “ Уражанні былі прыемнымі, таму што выступалі на адной сцэне з сусветнымі зоркамі, такімі як Morcheeba, Therapy?, Bloodhound Gang, Ляпис Трубецкой, ды і першы раз гралі ў Літве... Яшчэ шмат было беларусаў, і арганізатары зрабілі ўсё, каб яны туды прыехалі. На фэсце панавала добрая атмасфера сцірання межаў паміж краінамі...”

Сярод зорак, прыезд якіх чакаецца на сёлетні “Be2gether” , — Fishbone, Groove Armada, Girls Against Boys, Zdob Si Zdub, а таксама беларускія гурты Osimira, Mauzer, N.R.M.

Лявон Вольскі
, фронтмэн N.R.M., ставіцца да фэсту вельмі пазітыўна. На яго думку, беларусы, якія паедуць патусавацца на зямлю Нарвілішскага замку ў жніўні, атрымаюць магчымасць сапраўднага абнаўлення.

Лявон Вольскі: “ Чакаю культурнай інтэграцыі з братнім літоўскім і іншымі народамі, якія там будуць прысутнічаць. Чакаю, што прыедуць нашыя прыхільнікі і проста людзі, якія хочуць патусавацца на гэтым фестывалі. На маю думку, фэст для постсавецкай тэрыторыі дастаткова сур’ёзны і рэдкі... Падаецца, што для беларускага чалавека патрапіць на такую імпрэзу і проста дыхнуць еўрапейскім паветрам разняволенасці - сапраўдны сур’ёзны апгрэйд.”

Уваходны білет на ўсе дні фэсту каштуе 210 літаў, на адзін дзень – 105. Білеты можна набыць у гандлёвых кропках фірмы Tiketa. На афіцыйнай старонцы фэсту “Be2gether” арганізатары папярэджваюць наведвальнікаў, што непасрэдна перад пачаткам фестывалю білеты будуць даражэць.

Дадатковую інфармацыю можна знайсці на афіцыйным сайце фестываля: http://www.b2g.lt/2008/ru/ 

Спасылка

Видео