BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

На працы ў Польшчы

05.06.2010
На працы ў Польшчы

Амаль 3,5 тыс. беларусаў выехалі летась працаваць у суседнюю Польшчу. Як сцвярджаюць у Міністэрстве працы і сацыяльнай палітыкі нашай краіны-суседкі, лічба гэтая самая высокая за апошнія 10 гадоў, і прагназуюць, што яна будзе толькі павялічвацца. Што прымушае нашых з’язджаць у заходнім кірунку?

Былога менчука Ігара Войніча, выкладчыка славістыкі ды музыкі групы “Камелот”, наўрад ці можна назваць тыповым гастарбайтэрам ці “гасцявым працаўніком”, як гэтае слова перакладаецца з нямецкае мовы. У Польшчу ён прыехаў, як кажуць, усур'ёз і надоўга. Займаецца прыкладна тым жа, што і на радзіме: піша музыку, рамантуе кампутары і выкладае. Для гэтага адкрыў сваю ўласную фірму.

Ігар Войніч: “Захад, як можна ўжо здагадацца, - гэта працоўны лагер з узмоцненай ежай. Сапраўды, калі хочаш нешта мець, ты будзеш нешта мець. Так што магчымасці адкрываюцца”.

“Узмоцненая ежа” ды жаданне зарабіць ёсць асноўнымі матывамі нашых суайчыннікаў. Нават польская “мінімалка”, якая складае ў эквіваленце 1,3 млн бел. руб., значна вышэйшая за сярэдні заробак у Беларусі. Але выбар, як лічаць польскія чыноўнікі, у большасці беларусаў абмежаваны.

Эмілья Малыс-Зарэмба, Міністэрства працы і сацыяльнай палітыкі: “Грамадзяне Беларусі, як і Украіны, працуюць у Польшчы найперш у сельскагаспадарчым сектары і на будоўлі”.

І не толькі. У звязку з масавым выездам палякаў на заробкі ў Заходнюю Еўропу, беларусы могуць разлічваць на значную частку працоўных месцаў і ў сферы паслугаў, і ў гандлі. Яшчэ адна магчымасць трапіць у Польшчу - гэта вучоба. Летась з гэтаю мэтаю сюды прыехалі амаль паўтары тысячы беларусаў.

Маніка Прус, МУС Польшчы: “Калі беларус навучаецца ў Польшчы, ён мае права атрымаць дазвол на знаходжанне тут на фіксаваны перыяд часу. Як правіла, ад трох месяцаў да двух гадоў”.

Зацікаўленасць у беларускіх мазгах і працоўных руках у Польшчы апошнім часам прадэманстравалі і значным спрашчэннем працэдуры атрымання дазволу на працу. Не выключаюцца і іншыя крокі.

Рафал Рудніцкі, Прадстаўніцтва Еўракамісіі ў Польшчы: “У візавым рэжыме трэба пазбягаць патрабавання платы за візы для настаўнікаў, прадстаўнікоў мясцовых арганізацыяў, для журналістаў і студэнтаў. Гэтыя канкрэтныя крокі могуць быць зробленыя”.

І таму “гасцявых працаўнікоў”, у адрозненне ад нядаўняга мінулага, у Польшчы цяпер чакаюць. У лісце запрошаных нашая краіна займае адно з першых месцаў.

Беларусь, якая пачынаецца літаральна за вось гэтым шлагбаумам, штогод пакідаюць усё больш беларусаў. Пакідаюць, часцей за ўсё, з мэтаю падзарабіць. Хтосьці неўзабаве вернецца дахаты ды інвестуе гэтыя грошы на радзіме. Але значная частка беларускіх гастарбайтэраў застанецца тут. Мабыць, каб быць бліжэйшымі да дэмакратычнай і больш заможнай Еўропы.

 

Крыніца: Алесь Сіліч, Белсат

Видео