BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Лукашэнку могуць запрасіць на саміт Эўразьвязу

03.12.2008
 Лукашэнку могуць запрасіць на саміт Эўразьвязу
Беларусь можа ўзяць удзел у палітыцы Ўсходняга партнэрства, калі будзе адпавядаць эўрапейскім стандартам. Пра гэта сёньня на прэс-канфэрэнцыі ў Брусэлі заявіла камісар Эўразьвязу па зьнешняй палітыцы і Палітыцы добрасуседзтва Бэніта Фэрэра-Вальднэр.

2 сьнежня паслы Азэрбайджану, Армэніі, Беларусі, Грузіі, Малдовы і Ўкраіны сустрэліся ў Брусэлі з прадстаўнікамі Эўракамісіі. Паводле спадарыні Вальднэр, беларускія ўлады ўсьведамляюць, як шмат трэба зрабіць, каб стаць паўнавартасным удзельнікам Эўрапейскай палітыкі добрасуседзтва, а таксама новай узмоцненай палітыкі Ўсходняга партнэрства.

Эўракамісія мае намер прапанаваць Азэрбайджану, Армэніі, Беларусі, Грузіі, Малдове і Ўкраіне падпісаць пагадненьне пра асацыяцыю і стварэньне новай эўрапейскай эканамічнай зоны. Пагадненьне прадугледжвае фармаваньне адзінай зоны свабоднага гандлю для разьвіцьця агульнага ўнутранага рынку. У сваю чаргу, усе шэсьць краінаў павінны пераняць заканадаўчыя акты ЭЗ і прызнаць вэрдыкты Эўрапейскага суду.

У пэрспэктыве для грамадзянаў краін-удзельніц палітыкі Ўсходняга партнэрства прапануецца адмена візавага рэжыму і стварэньне зоны свабоднага гандлю.

Распрацоўка праграмы Ўсходняга партнэрства была паскорана ў зьвязку з падзеямі на Каўказе.

Чакаецца, што 11 сьнежня палітыка Ўсходняга партнэрства будзе ўхвалена на эўрапейскім саміце кіраўнікоў краін ЭЗ. У чэрвені 2009 году чакаецца ўстаноўчы саміт Усходняга партнэрства. Потым плянуецца праводзіць рэгулярныя сустрэчы прадстаўнікоў ЭЗ і Ўсходняй Эўропы.

Бэніта Фэрэра-Вальднэр заявіла, што калі ў красавіку 2009 году дзеяньне візавых санкцый адносна беларускіх чыноўнікаў будзе паўторна прыпынена ці зьнята, то кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнку запросяць на саміт палітыкі Ўсходняга партнэрства.

Гэты саміт павінен прайсьці ў красавіку ў Празе.

Cпасылка 

Видео