BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Сацыяльная рэабілітацыя наркаманаў

31.07.2008
Сацыяльная рэабілітацыя наркаманаў

Мэдыкі б'юць трывогу: паводле неафіцыйнай статыстыкі, колькасьць наркаманаў у Беларусі перавысіла 100 тысяч чалавек. Начальнік Упраўленьня па наркакантролю і супрацьдзеяньню гандлю людзьмі МУС Алег Пякарскі прывёў лічбу ў 50 – 60 тысяч. На афіцыйным уліку стаіць крыху больш за 10 тысяч наркаманаў – сьцьвярджае галоўны нарколяг краіны Ўладзімер Максімчук.

Дзяржаўных рэабілітацыйных цэнтраў няма, камэрцыйныя наркаманам не па кішэні

Дапамога, што аказваецца ў стацыянарных і дыспансэрных наркалягічных установах, часьцяком недастатковая для лячэньня наркаманіі. Наркаман патрабуе працяглага аднаўленьня ня толькі псыхічных і фізычных рэзэрваў, але і  каштоўнасьцяў, інтарэсаў, здольнасьцяў, жаданьня працаваць і кантактаваць зь людзьмі. Пра тое, што ў краіне неабходна на дзяржаўным узроўні праводзіць рэабілітацыю нарказалежных, што неабходна стварыць рэабілітацыйны цэнтар, каб фінансаваньне вялося дзяржавай, неаднаразова паўтараў галоўны нарколяг краіны.

Зараз у Беларусі крыху больш за дзесятак рэабілітацыйных цэнтраў, якія фінансуюцца за кошт розных грамадзкіх і рэлігійных арганізацый. Ёсьць, праўда, рэабілітацыйныя праграмы ў буйных камэрцыйных мэдычных цэнтрах. Да прыкладу, у цэнтры «Парацэльс» сацыяльная рэабілітацыя праходзіць у стацыянарных умовах па-за межамі гарадзкой рысы, па ўласнай праграме «Берагіня» працягласьцю 5 месяцаў. Вось толькі кошт рэабілітацыі – больш за 25 мільёнаў беларускіх рублёў– нарказалежным не па кішэні. У мэдцэнтры «Фэнікс», дзе, паводле неафіцыйных крыніцаў, ад мэтадонавай залежнасьці лячыліся дзеці высокапастаўленых чыноўнікаў і вядомых людзей, аб умовах і расцэнках можна даведацца толькі ў прыватнай размове. Акрамя «Парацэльса» і «Фэнікса» рэабілітацыяй наркаманаў у сталіцы займаюцца цэнтры «Стэй», «Неавітана», «Данская – Старцава», «Доктар Малчанаў» ды іншыя – таксама на платнай аснове.

«Маці супраць наркотыкаў»

Грамадзкія і рэлігійныя арганізацыі, якіх крыху больш за дзесятак, займаюцца гэтым у асноўным дабрачынна, на ахвяраваньні, з дапамогай замежных спонсараў.

У 2000 годзе было зарэгістравана Рэспубліканскае грамадзкае аб'яднаньне «Маці супраць наркотыкаў». Старшынёй яго зьяўляецца Алена Пісарэнка, псыхоляг і пэдагог. Асноўная праграма рэабілітацыі мае назву «12 крокаў». Працягласьць 6 месяцаў, па 6 вечароў на тыдзень. Умовы: жаданьне, занятасьць у дзённы час (праца, вучоба), пажадана дэтаксікацыя.

Пры аб'яднаньні створана група псыхалягічнай рэабілітацыі для родных нарказалежных «Жорсткае каханьне – альтэрнатыва папушчальніцтву» ( для родных і блізкіх наркаманаў). Сустрэчы праводзяцца ў форме інтэрактыўнай дыскусіі, –  шчырыя размовы ў атмасфэры даверу і суперажываньня дазваляюць бліжэй пазнаёміцца, падзяліцца праблемамі, маюць вялікае псыхатэрапэўтычнае значэньне. За 5 гадоў больш за 150 чалавек зьвярнулася па дапамогу. 50% маюць устойлівую рэмісію. Удзел у праграмах бясплатны. Групы ўзаемадапамогі дзейнічаюць у Берасьці, Віцебску, Горадні, Жлобіне, Пінску.

Тэлефон для кантактаў : (017) 293-07-59, мабільныя тэлефоны +375 29 677-21-85; +375 29 772-92-86; Е-mail: mothersantidrugs@tut.by; www.narkotiki.by

Сьветлагорск – «неафіцыйная сталіца» наркаманаў 

Тут дзейнічаюць некалькі цэнтраў і праграм. Дабрачынная грамадзкая арганізацыя «Альтэрнатыва», моладзевае грамадзкае аб'яднаньне «Рэальны сьвет», Міжнародная дабрачынная грамадзкая арганізацыя «Сацыяльныя хрысьціянскія службы «ТОS Вайсрусланд».

«Рэальны сьвет» спачатку абапіраўся на досьвед польскіх рэабілітацыйных абшчын «МОНАР». Потым праграма мянялася і дапаўнялася, убіраючы ў сябе найбольш прагрэсыўныя аспэкты і інструмэнты многіх эўрапейскіх рэабілітацыйных праграм, такіх як Dayton Village, Phoenix House, Getaway House і  The House of Family Rosetta. Праграма ўзьнікла як альтэрнатыва традыцыйным мэдычным падыходам. Праграма рэабілітацыі доўгатэрміновая – ад 12 да 18 месяцаў, ва ўмовах толькі кругласутачнага стацыянару.

«ТОS Вайсрусланд». Рэабілітацыйны цэнтар заснавала Міжнародная дабрачынная арганізацыя Сацыяльна-хрысьціянская служба TOS.

Цэнтар быў створаны ў 1998 годзе грамадзянамі Нямеччыны, мужам і жонкай Эгбэртам і Анітэ Шоанэ. Эгбэрт і Анітэ купілі ў вёсцы Астроўчыцы будынак старой вясковай школы, дзе й стварылі цэнтар рэабілітацыі для тых сьветлагорцаў, хто пажадаў пазбавіцца ад наркатычнай залежнасьці.

Муж і жонка Шоанэ дапамагалі ўсім, хто да іх зьвяртаўся. І бальшыні ўдалося пазбавіцца ад згубнай наркатычнай залежнасьці – каэфіцыент пасьпяховасьці праграмы – 85%, праз яе прайшло больш за 120 чалавек. Праграма заключаецца ў рэгулярным вывучэньні пераадоленьня цяжкіх жыцьцёвых сытуацый і станаўленьня характару на біблейскай аснове. У праграму закладзеная працатэрапія: на кухні, на рамонтных, сельскагаспадарчых працах. 

Працэс лекаваньня базуецца на двух кітах — тэрапія працоўная і тэрапія духоўная. Наколькі важная гэтая дапамога, распавядае адзін з былых наркаманаў Сьветлагорску:

“Многім цяжка адаптавацца да чыстага жыцьця. Калі яны адмаўляюцца ад наркотыкаў, яны бачаць, што адарваныя ўжо ад сацыяльнага жыцьця. Не знаходзяць, бывае, паразуменьня на працы, дома. Усё ўзьнікаюць нейкія псыхалягічныя праблемы, якія мала каму ўдаецца адолець. Найлягчэйшы варыянт — узяць шпрыц і зноў ісьці калоцца. Я сам раней ужываў наркотыкі, ведаю, што гэта такое, не па чутках. Дапамога заўсёды своечасовая”.

Аднак вясной 2008 года беларускія ўлады абвінавацілі немцаў у парушэньні заканадаўства — палічылі “несанкцыянаванымі рэлігійнымі служэньнямі” хрысьціянскія мерапрыемствы цэнтру. Заснавальнікам цэнтру рэабілітацыі адмоўлена ў запрашэньні, і яны ня могуць вярнуцца ў Беларусь. Установа засталася без фінансаваньня.

Сьветлагорскі прыхільнік цэнтру рэабілітацыі, які мае зь ім стасункі, распавёў: “Ніхто ніколі не хаваў, што ў гэтым цэнтры вядзецца рэабілітацыя з дапамогай звароту да Бога, праз вывучэньне Бібліі. І колькі ўжо гадоў прайшло, не было ніякіх прэтэнзіяў, ніякіх заўваг. Але сёлета адна дзяўчына, якая праходзіла там рэабілітацыю, зьвярнулася, як я зразумеў, з заяваю, што яе ў гэтым цэнтры зацягнулі ў незарэгістраваную рэлігійную арганізацыю. Цэнтар гэты, мяркую, ніхто зачыняць ня будзе. Проста трымаюць пэўную паўзу. Парушэньне ў ім зафіксавала Міністэрства юстыцыі — што там была незарэгістраваная рэлігійная дзейнасьць. Яны праводзілі нейкія сходы рэлігійныя, службы, а рэгістрацыі не было”.

Галоўны ўрач сьветлагорскага рэабілітацыйнага цэнтру «Дом надзеі» Юры Бутырын з жалем выказваецца пра цяперашнія праблемы калегаў у Астроўчыцах. Паводле яго, мясцовая ўлада робіць памылку: “У рэабілітацыйных цэнтрах ёсьць вельмі вялікая патрэба. У краіне ў цэлым сытуацыя ня вельмі вясёлая — звыш 60 тысяч нарказалежных».

«Даверыў Богу сваё жыцьцё»

У Салігорску пры рэлігійнай абшчыне хрысьціян веры эвангельскай «Царква Хрытос для ўсіх» праводзіцца амбуляторная рэабілітацыя праз дабраахвотнае наведваньне ранішніх і вечаровых службаў. Праводзіць іх пастар Ігар, які сам 8 гадоў ужываў наркотыкі. Вызваліўся ад нарказалежнасьці праз веру ў Бога. Працягласьць праграмы – мінімум 1 год, за 5 гадоў яе прайшлі больш за 100 чалавек, эфэктыўнасьць – каля 40%. Праграма бясплатная, пражываньне ў Салігорску за свой кошт.

Паводле Мікалая Калацкага, які каля 10 гадоў ужываў наркотыкі, «прыйшоў да Бога, калі зразумеў, што тое жыцьцё, якім ён жыве, не мае будучыні. 5 гадоў таму даверыў Богу сваё жыцьцё». Зараз мае сям'ю. Зьяўляецца настаўнікам мужчынскай групы рэабілітацыйнага цэнтра».

Людміла Корсак

[email protected]
 

Видео