BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Асаблівасьці псыхафізычнага разьвіцьця

31.07.2008
Асаблівасьці  псыхафізычнага разьвіцьця

На сайце Менгарвыканкаму “Дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў  з асаблівасьцямі псыхафізычнага  разьвіцьця” (фота) азначаецца як вучэбна-выхаваўчая і мэдычна-сацыяльная ўстанова, прызначаная для пастаяннага пражываньня дзяцей, якія патрабуюць дагляду, побытавага і мэдычнага абслугоўваньня, а таксама сацыяльна-працоўнай адаптацыі”. За гэтымі агульнымі словамі – жывыя дзеці, якім бракуе самага элемэнтарнага – стасункаў, сяброў і знаёмых, зь якімі б проста можна было б стасавацца.

Студэнт біялягічнага факультэту БДУ Антон вучыцца на трэцім курсе. Паўгады таму ён упершыню, з прапановы сяброўкі, наведаў інтэрнат  у Навінках. І з таго часу стараецца раз на тыдзень наведаць сваіх новых знаёмцаў, каб проста пагуляць зь імі на вуліцы, пагутарыць, скласьці кампанію. “Вучоба стала нецікавай, бо я вырашыў, што сацыялёгія мне падышла б значна болей”, - кажа Антон.

На ягоны погляд, сацыяльных работнікаў інтэрнату бракуе. “Да, там працуюць нянькі. Але ўласьцівасьць гэтай установы патрабуе плённых высілкаў адмыслоўцаў-пэдагогаў, адмыслоўцаў-сацыёлягаў... Каб кожны чалавек мог разьвівацца. Там жа шмат дзяцей, у якіх нармальна з інтэлектам, але шмат хто зь іх алфавіта ня ведаюць. Мы, калі першы раз прыехалі, то хлопец Паша сказаў, што яны ўжо паўтары месяцы нікуды не выходзілі. Хто можа, той выпаўзе на мат – неяк стасуюцца паміж сабой. Мы стараемся прыяжджаць прынамсі раз на тыдзень да іх, каб пагуляць менавіта  на вуліцы. Проста высілкі, каб на вазках выйсьці, патрэбныя немалыя, уласнымі сіламі выхаванцы інтэрнаты справіцца ня могуць”.

Першае, у чым пачуваюць патрэбу жыхары інтэрнату, - гэта ўвага людзей. Элемэнтарныя стасункі, размовы, камунікацыі. Магчыма, жадаючых наведаць выхаванцаў было б болей, каб гэтую патрэбу  рэклямавалі, абвяшчалі б з тэлеэкранаў. Можа быць, сацыяльная рэкляма дапамагла б падвысіць інфармаванасьць людзей пра існаваньне гэткіх інтэрнатаў для дзяцей з асаблівасьцямі псыхафізычнага разьвіцьця. Але бюракратычных перашкодаў – процьма нават для таго, каб бясплатна разьмясьціць на тэлебачаньні бягучы радок з просьбай пра дапамогу на зборы сродкаў для набыцьця вазку для згаданага 19-гадовага Мішы. І пакуль што Антон спрабуе знайсьці добраахвотнікаў для валантэрскай працы сярод шматлікіх сяброў і знаёмцаў. “Цяпер у інтэрнат разам езьдзіць 20-30 валантэраў. Менавіта ў 4-е аддзяленьне пастаянна прыяжджае 5. Але тых, хто мяне разумее, ня так ужо шмат. Некаторыя пытаюцца: навошта табе гэта? Я ў такіх выпадках нават ня ведаю, як патлумачыць “навошта”. Проста калі я пабачыў на ўласныя вочы гэтых людзей, я ўявіў сябе на іх месцы. Там жа ня толькі дзеці, якія нічога не разумеюць. Там ёсьць дзеці з інтэлектам, якія шмат што разумеюць, ім разьвівацца трэба. Ёсьць тыя, у каго нармальна функцыянуе мозг. А цела ня слухаецца. А чалавек вымушаны весьці расьліннае існаваньня папросту з-за таго, што няма сродку перасоўваньня. Гэта жахліва. Часам 2 гадзіны проста так праляжыш, і табе ўжо неяк млосна і неяк “ня так”. Дык ты ўзьняўся і пайшоў справамі заняўся. А калі выбару няма – і ты вымушаны бязь дзеяньня ляжаць і ляжаць? Плюс яшчэ псыхалягічны фактар “кінутасьці”. Прыкладам, да аднаго хлопчыка мама прыехала – раз на год у дзень народзінаў, - і ўражана была, што вазок цяжка было спускаць, калі на прагулку ішлі. І яна зрэагавала гэтак: “Ой, які ты вялікі стаў, – не паеду да цябе больш. Уяўляеце? А гэты Міша, яму 19, - год таму яшчэ мог хаця б поўзаць. А цяпер, з-за абмежаваньня ў рухах, без практыкаваньняў патрэбных,  у яго праблемы са сьпіной пагоршыліся, з суставамі, - ён стаў цалкам ляжачым. Шукаем сродкі яму на вазок, але й на гэтым вазку – таксама не зразумела, хто яго будзе вазіць штодня”...

Інтэрнату дапамагае ірляндзкі фонд. Валантэры зь Ірляндыі прыяжджаюць у Беларусь.Ужо некалькі год валантэры прыяжджаюць сюды, каб стасавацца, дапамагаць дзецям. Летась увосень тры выхаванцы інтэрнату езьдзілі ў Ірляндыю ў госьці. Узровень разьвіцьця дзяцей, калі яны вярнуліся праз  колькі месяцаў, быў відавочна лепшы. “У іх там зусім іншая сыстэма, гэткіх інтэрнатаў няма, дзеці жывуць у сем’ях, і жадаючых прыняць у сваю сям’ю такіх дзяцей – хапае, нікога ж не прымушаюць. Натуральна, у сям’і такое дзіцё атрымлівае значна больш магчымасьцяў для разьвіцьця і камфортнага існаваньня, чым у інтэрнаце. Але крыўдна тое, што гэта для нас робяць замежнікі – у той час, калі нам самім абыякава. Выдае на тое, што ў нас і іх зусім розныя душэўныя арганізацыі”.

Уласьціва, што пасьля вяртаньня адзін з дзяцей з ДЦП стаў значна лепш гаварыць: “Пры ДЦП па-рознаму мышцы сябе пачуваюць. У некага мышцы твару нармальна функцыянуюць, а ў некага язык слаба працуе, і таму яны слаба размаўляюць. Ёсьць там хлопчык Лёша, яму 10 год. Ён вельмі мала размаўляў, мала слоў вымавіць мог. Толькі самыя пабытовыя: “даць”, “узяць”.Але пасьля паездкі ў Ірляндыю, дзе зь ім штодня працавалі адмыслоўцы, сытуацыя значна палепшылася. А цяпер зноў пачала пагаршацца. Бо працягу заняткаў няма”... Таму, вынікуе Антон, крыўдна, што ў Беларусі няздольныя ўласнымі высілкамі дапамагчы такім дзецям. “Вось уявіце сабе, каб беларускае аб’яднаньне сабралася і паехала куды-небудзь у Нямеччыну з мэтай дапамогі”...?

Ірына Осіпава

[email protected]

 

 

Видео