BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

У Беларусі – каля 15 тысяч інвалідаў на вазках

30.07.2008
У Беларусі – каля 15 тысяч інвалідаў на вазках

Паводле статыстыкі, штогод іх более на 100 чалавек. Але вонкава – на вуліцах – іх вельмі мала. Па-першае, часьцей за ўсё яны не здольныя пакінуць сьцены кватэры з-за непрыстасаванасьці пад’езду.  Па-другое, і на вуліцах ім няма чаго рабіць, бо і гарадзкая архітэктура не дазваляе пачуваць сябе вазочніку зручна. На погляд людзей, якія сутыкаюцца з праблемамі інвалідаў-вазочнікаў штодня, стаўленьне да іх з боку дзяржавы і грамадзтва мяняецца ў горшы бок. Дзяржава зьмяншае і зьмяншае дапамогу інвалідам-вазочнікам. Тым часам, чалавек, аказаўшыся раптам бездапаможным, у новых умовах жыцьця-выжываньня, застанецца сам на сам са сваімі праблемамі, зачынены ў кватэры, без магчымасьці хаця б гуляць у парку.

Ёсьць такі тэрмін у лексіцы інвалідаў-вазочнікаў – “зламаўся”. Гэтым словам азначаюць той трагічны момант, калі па нейкіх прычынах чалавек атрымаў траўму пазваночніка, якая перасадзіла яго ў інвалідны вазок.

“Пакуль ты здаровы, мала задумваешся аб тым, як выглядае жыцьцё інваліда ў нашым грамадзтве. Але інвалідам, на жаль, можа аказацца кожны. Хаця ніхто не плянуе. А жыцьцё інваліда-вазочніка – проста цалкам новае для чалавека, які дагэтуль мог хадзіць. І вучыцца ў гэтым новым жыцьці складана так жа, як дзіцяці – вучыцца ўсяму ў жыцьці, пачынаючы ад першых крокаў”,- кажа старшыня Рэспубліканскай асацыяцыі інвалідаў-вазочнікаў Сяргей Драздоўскі.

Манаполія – вораг якасьці

Самае страшнае, з чым сутыкаецца інвалід-вазочнік – гэта абыякавасьць тых людзей, якія паводле службовых абавязкаў мусяць вырашаць праблемы, а не ствараць іх.

Прыкладам, адна з галоўных праблем інваліда-вазочніка – набыць зручны вазок. Намінальна ў гэтым дзяржава дапамагае. Але якасьць тых вазкоў – жахлівая. Карыстацца імі амаль немагчыма. Але Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства “Беларускі пратэзна-артапэдычны аднаўляльны цэнтар” – манапаліст на беларускім рынку вазкоў, апавядае Сяргей Драздоўскі: “90 адсоткаў вазкоў на нашым рынку – гэта іх. Атрымліваецца, менавіта гэтаму прадпрыемству даручыла Міністэрства закупку рэабілітацыйных сродкаў, і яны ж іх і вырабляюць. Плюс да гэтага на тэрыторыі заводу лябараторыя, якая ацэньвае тэхнічныя сродкі рэабілітацыі. Меркаваньні інвалідаў ім цалкам нецікавыя. Я прыяжджаю на завод, мне кажуць – ну, паглядзі, які цудоўны вазок. Пачынаю тлумачыць, чаму ён нязручны, нязграбны, чым ён дрэнны – але мяне ніхто ўжо ня слухае”.

Правы на льготы

Вольга Корсак і Барыс Бачкоўскі – чэмпіёны сьвету па танцах на інвалідных вазках. Цяпер яны працуюць інструктарамі ў Цэнтры рэабілітацыі і сацыяльнай падтрымкі інвалідаў грамадзкага аб'яднання "Беларускае таварыства інвалідаў". Праца вельмі шматбаковая: гэта і заняткі для людзей з самымі рознымі праблемамі са здароўем, і заняткі для хворых ДЦП.

Становішча інвалідаў стала яшчэ больш цяжкім з-за скасаваньня ільгот. “Раней была зьніжка і на паліва для аўтамабіля, і на абслугоўваньне аўтамабіля, і на транспарт, і на тэлефонную сувязь. Цяпер гэтыя льготы скасаваныя. Інваліды 1-2 груп пазбавіліся нават права на устаноўку тэлефона па-за чаргі. Няўжо не відавочна, што тэлефонная сувязь для чалавека, адрэзанага ад сьвету межамі кватэры тэлефон – адзіны сродак стасункаў са зьнешнім сьветам і надзея на тое, што ў цяжкую хвіліну можна будзе паклікаць дапамогу? Усё гэта – жыцьцёва неабходна для інваліда-вазочніка. Пакуль нармалёва запрацуе адрасная дапамога – невядома. А людзям з гэтым прыходзіцца жыць штодня”.

“Матэрыяльнае становішча інвалідаў – адзіная балючая праблема. Быў выпадак, калі маладая дзяўчына скончыла жыцьцё самагубствам з-за таго, што не хапала грошай на пампэрсы. Хіба гэта дапушчальна ў цывілізаваным грамадзтве?”, - распавядае Сяргей Драздоўскі.

Важна ведаць свае правы

Тым часам, пакуль людзі зачыненыя ў сваіх дамох са сваімі праблемамі сам насам,  паводле сёньняшняга заканадаўства ЖЭСы абавязаны абсталяваць дамы, крамы, офісныя будынкі, пераходы неабходнымі сродкамі.

Барыс Бачкоўскі пэўны, што вельмі важна ведаць и адстойваць свае правы.

“Указ адпаведны ёсьць. Няхай ён позна быў прыняты ў нашай краіне, але ён ёсьць – папросту трэба прымушаць ЖЭС рабіць гэтыя пандусы ў тых дамах, дзе яны патрэбныя. Яны пачынаюць казаць, што дамы не прыстасаваныя, – і гэта праўда. Але ж яны ня хочуць разумець, што пандусы бываюць розныя – адкідныя, стацыянарныя, якія хочаш... трэба проста прыстасаваць. У нас ёсьць пандус – мы прымусілі яго зрабіць. Я ў 1984 годзе атрымаў нажавое раненьне і стаў інвалідам. Я зь першай групай інваліднасьці прымусіў дазволіць мне працаваць. Праз два гады пасьля траўмы атрымаў правы і аўтамабіль ад Сабесу – за палову кошту. З таго часу я пастаянна за рулём…”

Ёсьць сьвятло у канцы тунэля?

Адзіная станоўчая перамена апошняга часу, адзначаюць мае суразмоўцы – гэта адкрыцьцё раённых рэабілітацыйных цэнтраў. То бок, яны ёсьць у кожным раёне Менску. “Гэтыя цэнтры - вялікае дасягненьне, - кажа Барыс Бачкоўскі. З аднаго боку, гэта вялікая палёгка для бацькоў такіх людзей, - аддаўшы дзіця на дзённы побыт у гэткі Цэнтар, яны маюць магчымасьць працаваць. А для саміх выхаванцаў – найперш гэта магчымасьць кантактаў, стасункаў, разьвіцьця. Таму я лічу гэты праект вельмі плённым. І яго трэба разьвіваць, бо людзей, якім патрэбная дапамога, значна болей, чым гэтыя цэнтры могуць ахапіць пакуль што”.

Ірына Осіпава

[email protected]

Видео