BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Як магілёўскія донары адстаялі льготы

25.07.2008
Як магілёўскія донары адстаялі льготы

Ці могуць простыя грамадзяне сябе абараніць, адстаяць свае правы? Донары Магілёўшчыны даказалі, што могуць!
 

У Беларусі больш за 40 тысяч ганаровых донараў

Больш за 2 мільёны беларусаў хаця б раз у жыцьці здавалі кроў. Кожны трэці жыхар краіны прынамсі аднойчы меў патрэбу ў донарскай крыві. Колькасьць крыва- і плязмаздач у Беларусі складае 40,4 на тысячу насельніцтва. Гэта сярэднеэўрапейскі паказчык, які адпавядае ўзроўню Францыі ці Эстоніі. Беларускі паказчык вышэйшы за расейскі і польскі, але ніжэйшы за ўзровень Нямеччыны і Даніі (там 60 – 70 крываздач на тысячу насельніцтва). Колькасьць донараў за апошнія 10 гадоў у Беларусі зьнізілася на 50%, пры гэтым аб’ём нарыхтаванай крыві павялічыўся на 15% і склаў ў 2007 годзе 18,1 мл цэльнай крыві на жыхара краіны. Ганаровых донараў у краіне крыху больш за 40 тысяч чалавек. Такія лічбы прывёў дырэктар НДІ гематалёгіі і трансфузіялёгіі Міхаіл Патапнёў.

У Рэспубліцы Беларусь дзейнічаў закон "Аб донарстве крыві і яе кампанэнтаў". Згодна з 13 і 14 артыкуламі гэтага закону, ганаровыя донары мелі права на бясплатнае зубапратэзаваньне (за выключэньнем фарфору, каштоўных мэталаў і мэталакерамікі); на бясплатнае санаторна-курортнае аздараўленьне раз у год; 50%-ю зьніжку на лекі; 40% прыбаўку да пэнсіі па дасягненьні пэнсійнага ўзросту. У некаторых рэгіёнах донары мелі так званыя мясцовыя льготы (да прыкладу, магілёўскія донары ў 1998 годзе дамагліся права на бясплатны праезд на грамадзкім транспарце).

Перамовы вынікаў не далі

Год таму донары Беларусі пачалі актыўную кампанію па абароне сваіх льгот, якія меркавалася скасаваць. Тады ў грамадзтве пачалося шырокае абмеркаваньне праекта Закону аб упарадкаваньні льгот асобным катэгорыям грамадзян, згодна зь якім донары пазбавіліся б усіх ільготаў.

Спачатку донары спрабавалі весьці перамовы з урадам, дэпутатамі, чыноўнікамі Міністэрства аховы здароўя. Чыноўнікі пастаянна нагадвалі сэмантыку слова “донар”, - маўляў, слова паходзіць ад “дарыць”. Яны спасылаліся на рэкамэндацыі Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароўя — гэтая міжнародная структура вітае дабрачынную й бязвыплатную здачу крыві. А ў беларускіх донараў, маўляў, было найбольш у сьвеце льготаў і сацыяльных гарантыяў. Намесьніца дырэктара НДІ гематалёгіі і трансфузіялёгіі Эсьфір Сьвірноўская падкрэсьліла, што ў донараў, маўляў, застанецца бясплатнае харчаваньне ў дзень здачы крыві, аплата двух працоўных дзён. Скасаваньне льготаў, на яе думку, не закранае штодзённага донарства. Донары задавалі пытаньне: ці палічылі чыноўнікі Міністэрства аховы здароўя, наколькі істотная для дзяржавы агульная сума паступіць у бюджэт пасьля скасаваньня льготаў 40 тысячам ганаровых донараў? Прадстаўніца Ўпраўленьня арганізацыі мэдыцынскай дапамогі Мінздраву Тацяна Мігаль адказала, што не лічылі, — але прызнала, што сума ня надта вялікая, эканоміку яна не ўратуе…

Ад папераджальнага страйку -- да зваротаў ў Раду Эўропы

Зразумеўшы, што перамовы плёну ня маюць, донары Магілёўшчыны 20 чэрвеня 2007 года абвесьцілі папераджальны страйк, які доўжыўся тыдзень. У ім удзельнічалі больш як 200 чалавек з Магілёву. Іх падтрымалі донары зь іншых рэгіёнаў Беларусі.

Удзельнікі папераджальнага страйку накіравалі лісты ў Палату прадстаўнікоў, урад і Міністэрства аховы здароўя з патрабаваньнем захаваць льготы. Накіравалі ліст і ў Парлямэнцкую Асамблею Рады Эўропы, у якім прасілі патлумачыць беларускім донарам палітыку рады Эўропы ў дачыненьні донарства крыві і плязмы. Яны атрымалі і адказ: Эўразьвяз не рэкамэндуе дзяржаўным чыноўнікам адмаўляцца ад падтрымкі донараў, а таксама пакет дакумэнтаў: рэкамэндацыі Эўразьвязу па падтрымцы донараў, стандарты ў галіне донарства ды іншыя.

А нефармальны лідэр магілёўскіх донараў Ігар Каваленка распачаў кампанію па стварэньню грамадзкай арганізацыі “Кропля жыцьця”.

Кропля камень точыць…

Працяглая барацьба – больш за паўгады магілёўскія донары дамагаліся ад уладаў вяртаньня льгот – дала нарэшце вынікі. 21 сьнежня дэпутаты Магілёўскага гарсавета прынялі рашэньне аб захаваньні для донараў бясплатнага праезду ў грамадзкім транспарце. “Вельмі цяжкім было змаганьне. Мы правялі шырокую кампанію, якая ўключала ў сябе шматлікія інфармацыйныя, прэзентацыйныя і страйкавыя акцыі з мэтай паінфармаваць грамадзтва, наколькі рызыкоўна застацца без дапамогі донараў", - распавёў нефармальны лідэр магілёўскіх донараў Ігар Каваленка. Дэпутаты Магілёва вярнулі донарам права на бясплатны праезд у гарадзкім транспарце. Наступны крок – увесну 2008 года магілёўскія донары дамагліся рэгістрацыі  дабрачыннага грамадзкага аб'яднаньня «Кропля жыцьця».

І літаральна днямі, 21 ліпеня Магілёўскі абласны савет дэпутатаў у сваім лісьце паведаміў, што гарадзкія і раённыя адміністрацыі павінны прадставіць ганаровым донарам бясплатны праезд. Апроч таго, донарам вернуць права сыходзіць у адпачынак у зручны для іх час, атрымліваць льготныя пуцёўкі, мець два дадатковыя дні да адпачынку. Прадпрыемствы абавязаныя ў Дзень донара матэрыяльна заахвочваць сваіх супрацоўнікаў-донараў.

«Гэта цудоўны прыклад таго, што трэба не апускаць рукі, а змагацца. Магілёўскія донары не проста адваявалі сабе бясплатны праезд, яны адстаялі сваю годнасьць такім учынкам», - адзначыў лідэр незарэгістраванага Руху “За Свабоду” Аляксандар Мілінкевіч.
Зараз магілёўскія донары працягваюць змагацца за бясплатнае зубапратэзаваньне і 50%-ю скідку на лекі.

 Эўропа – за добраахвотнае донарства

На практыцы ў эўрапейскім рэгіёне толькі ў 26 з 52 краінаў дзейнічаюць нацыянальныя праграмы добраахвотнага донарства. Усясьветная арганізацыя аховы здароўя зьвяртаецца да грамадзкасьці на сваім афіцыйным сайце: “Здача крыві за ўзнагароду часьцяком прыцягвае да донарства маргінальныя слаі, якія выкарыстоўваюць гэты працэс ў якасьці крыніцы даходу… Асноўным стратэгічным накірункам Усясьветнай арганізацыі аховы здароўя зьяўляецца збор крыві ад здаровых донараў на  добраахвотнай аснове, якія сьвядома і рэгулярна здаюць кроў”.

Людміла Корсак

[email protected]    

Видео