BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Беларускі пэнсіянэр: працавіты і неабаронены

25.07.2008
Беларускі пэнсіянэр: працавіты і неабаронены

На кожныя 100 беларускіх працаўнікоў прыпадае 60 пэнсіянэраў. Чвэрць насельніцтва, каля 2,5 мільёнаў – людзі сталага веку. Нацыя старэе, колькасьць пэнсіянэраў штогод у краіне павялічваецца.

У Беларусі дзейнічае разьмеркавальная пэнсійная сыстэма, заснаваная на выплаце пэнсіяў за кошт сродкаў, атрыманых ад падаткаабкладаньня фонду зарплаты працоўных, так званага пэнсійнага фонду. Пэнсійная сыстэма мае ўраўняльны характар, што ёсьць вынікам дзяржаўнай палітыкі. Эканаміст, экс-міністар працы Аляксандар Сасноў лічыць: “Справядлівай наша сыстэма не зьяўляецца. Бо калі б яна наўпрост залежала ад таго, колькі чалавек адпрацаваў і колькі зарабіў, пэнсіі былі б зусім розныя, і розьніца значная”.

Толькі 1,5% пэнсіянэраў лічаць сваю пэнсію дастатковай

Сярэдні памер пэнсіі ў траўні 2008 года – 349 тысяч рублёў (гэта 122% мінімальнага спажывецкага бюджэту). Пэнсія па ўзросту – 366 тысяч, памер сацыяльнай пэнсіі – 138 тысяч.  Рэальны памер пэнсіі, скарэктаванай на індэкс спажывецкіх цэнаў на тавары і паслугі, паменшыўся ў параўнаньні з красавіком на 1%.

Узровень пэнсіі ацэньваецца як годны, калі ўяўленьні пра яе жаданы і фактычны памер супадаюць. Вынікі апытаньня, праведзенага Інстытутам прадпрымальніцтва і мэнэджмэнту, сьведчаць, што большасьць беларусаў (70%) лічаць пэнсію нізкай ці даволі нізкай. Да гэтай катэгорыі часьцей адносяцца апытаныя з больш высокім прыбыткам і ўзроўнем адукацыі, а таксама работнікі недзяржаўных прадпрыемстваў. Каля траціны (28%) мяркуюць, што пэнсія сярэдняя і дазваляе купляць усё неабходнае. І толькі нязначны адсотак беларусаў -–1,5% –  лічыць пэнсію дастаткова высокай.

А.Лукашэнка: "Пэнсіянэры – самая сьвядомая частка грамадзтва, аснова стабільнасьці ў дзяржаве”

Некалі Аляксандар Лукашэнка назваў пэнсіянэраў “самай сьвядомай часткай грамадзтва і асновай стабільнасьці ў краіне". "У Беларусі, у адрозьненьне ад суседніх краінаў, пэнсіянэры не прад'яўляюць да ўлады вялікіх прэтэнзіяў, яны разумеюць, што краіне нялёгка,” – патлумачыў Лукашэнка. Да нядаўняга часу ўлады разумелі, што пэнсіянэраў, як аснову стабільнасьці ў дзяржаве, неабходна падтрымліваць. Пэнсіянэры мелі права на 50%-ю аплату праезду ў гарадзкім і прыгарадным транспарце, людзі ў веку за 70 куплялі лекі за палову кошту, асобныя катэгорыі пэнсіянэраў мелі льготы на аплату камунальных паслугаў. Але паступова дзяржава пачала скасоўваць гэтыя льготы.

Льготы скасавалі

У 2003 годзе Савет Міністраў скасаваў шэраг ільготаў для пэнсіянэраў, якія мелі заслугі перад Беларусьсю. Найперш гэта тычылася людзей, што мелі ганаровыя званьні “народны” і “заслужаны”. Іх пазбавілі 50%-й зьніжкі на аплату жытла і камунальных паслугаў, штогадовага бясплатнага санаторна-курортнага лячэньня, бясплатнага праезду ў гарадзкім і прыгарадным транспарце, а таксама бясплатнага пратэзаваньня зубоў. Пастанова Савету Міністраў была прынятая “ў мэтах упарадкаваньня сацыяльных ільготаў”.

З 17 сьнежня 2007 года ўступіў у дзеяньне Закон "Аб дзяржаўных сацыяльных ільготах, правах і гарантыях для асобных катэгорый грамадзян", які фактычна скасаваў усе льготы для бальшыні пэнсіянэраў. Самае адчувальнае -- пэнсіянэрам скасавалі 50%-ю зьніжку на аплату праезду ў гарадзкім і прыгарадным транспарце; тых, каму за 70 – пазбавілі 50%-й зьніжкі на лекі. А ў гэтым узросьце значная частка пэнсіі, не сакрэт, ідзе на лекі.

“У нас не падвысіцца ніякая сацыяльная тэмпэратура, – перакананы Аляксандар Лукашэнка. – Гэта праўда, што апора прэзыдэнта – пэнсіянэры і людзі сталага веку”, і выказаў упэўненасьць, што як бы пэнсіянэры ні крыўдзіліся на яго за скасаваньне льготаў, “яны мне ня здраджвалі і ня здрадзяць”. Кіраўнік дзяржавы падкрэсьліў, што “калі мы хочам у сярэдзіне жыцьця сыходзіць на пэнсію ды яшчэ і льготы атрымліваць, то гэта немагчыма”.

На адрасную дапамогу – утрая менш, чым эканомія на льготах

Замест ільготаў была абяцаная адрасная сацыяльная дапамога. Аляксандар Лукашэнка 14 сьнежня падпісаў Указ №638 "Аб некаторых захадах дзяржаўнай падтрымкі насельніцтва". На адрасную дапамогу можна разьлічваць, калі даход на чальца сям’і не перавышае бюджэт пражытковага мінімуму (зараз гэта 210 тысяч рублёў). За 6 месяцаў 2008 года дзяржаўная адрасная сацыяльная дапамога прызначана 191 тысячы чалавек). Агульная сума выплат склала 31,6 мільярда рублёў. Для параўнаньня: па падліках Міністэрства фінансаў, адмена ільготаў дазволіць вызваліць каля 160 мільярдаў рублёў. У бюджэце 2008 года на адрасную дапамогу выдаткавана толькі 60 мільярдаў рублёў.

Беларускія пэнсіянэры надзвычай працавітыя

Значная частка беларускіх пэнсіянэраў – больш за 600 тысяч – працягвае працаваць. Сёлета іх ужо на 4% больш, чым у мінулым годзе. Уражвае, што сярод працоўных пэнсіянэраў 566 мужчын і 782 жанчыны, якім ужо больш за  80. Працуюць 20 тысяч жанчын і 24 тысячы мужчын ва ўзросьце 70-79 гадоў. Сярод іх і прафэсар Лінгвістычнага ўнівэрсытэту Ала Сакалоўская: “Пэнсія 380 тысяч. Зь іх больш за 200 тысяч плачу за кватэру і камунальныя паслугі. Не ўяўляю сабе, што буду рабіць, калі скончацца мае працоўныя кантракты. Я ў жаху. Кватэра вялікая, але гэта адзінае, што я маю. Цяжка ўжо, але добра, што ёсьць праца. Я шмат гадоў працавала загадчыкам катэдраю. У мяне быў вельмі вялікі заробак – як у дырэктара завода, у мяне  каля 50 гадоў стажу. А пэнсія такая самая, як у людзей, якія маюць 20 гадоў стажу. І вось я жабрачка”.

«Працавітасьць» беларускіх пэнсіянэраў ды эканамічныя варункі спакушаюць уладу павысіць пэнсійны ўзрост. Эканаміст Аляксандар Кавалёў выказаў такое меркаваньне: “Сярэдні ўзрост мужчын у Беларусі меншы за пэнсійны ўзрост. Навошта тады мы плацім у пэнсійныя фонды? Жорсткай неабходнасьці падымаць пэнсійны ўзрост няма. Але ў Беларусі ён больш нізкі, чым у іншых эўрапейскіх краінах, ня кажучы пра ЗША. У пэрспэктыве пэнсійны ўзрост будзе павышацца. Але спачатку трэба адмовіцца ад абавязковых унёскаў у сыстэму дзяржаўнай дапамогі, перайсьці да сыстэмы прыватных пэнсійных унёскаў, стварэньня назапашвальных пэнсійных фондаў”.

Чаму ў Беларусі няма назапашвальных пэнсійных фондаў?
 

Ва ўсіх цывілізаваных краінах – і нават у Расеі – ствараюцца так званыя пэнсійныя фонды назапашваньня. Чаму Беларусь ня ідзе на гэта? Эканаміст Міхал Залескі лічыць, што няма эканамічных умоваў: адсутнічае стабільная валюта, стабільная эканоміка: “У нас усё трымаецца на адной толькі вэртыкалі, а гарызанталі няма. Прынцып эканомікі бюракратычны. І таму ніхто не спадзяецца, што, калі, прыкладам, я панясу грошы ў нейкі банк, то праз колькі дзесяткаў гадоў я сабе на пэнсію атрымаю грошы. Гэта самы галоўны паказчык эканомікі, рэйтынгавасьці эканомікі – тое, што людзі не назапашваюць сабе на пэнсію. У нас няма рэальных пэнсійных фондаў, у якія б верыла значная частка грамадзтва”.

Эталёнам ацэнкі годнага ўзроўню жыцьця для беларускіх пэнсіянэраў ёсьць ня нейкі абстрактны ідэал, а прыклад пэнсіянэра на Захадзе, які ня толькі задавальняе свае штодзённыя патрэбы на высокім узроўні, але і вядзе актыўны лад жыцьця, падарожнічае. Аднак упэўненасьці ў тым, што ў пэрспэктыве падобныя ўмовы складуцца ў Беларусі, няма нават у моладзі.

Людміла Корсак

[email protected]
 

Видео