BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

"Забясьпечым годнае жыцьцё ахвярам вайны"

22.07.2008
"Забясьпечым годнае жыцьцё ахвярам вайны"

Паводле афіцыйнай статыстыкі на травень 2008 года, у Беларусі жыве 57479 вэтэранаў Вялікай Айчыннай вайны; 51015 былых вязьняў фашысцкіх канцлягераў, турмаў, гета; 1450 інвалідаў зь дзяцінства ў сувязі з раненьнямі і кантузіямі ў часы вайны,разам каля 110 тысяч так званых сьведкаў вайны. Пэнсіі ў гэтых людзей крыху вышэйшыя за звычайныя працоўныя пэнсіі беларусаў, але ўсе адно немагчымыя для нармальнага існаваньня. Як гэта ні крыўдна, пра вэтэранаў дзяржава ўзгадвае толькі перад Днём Перамогі. Іх запрашаюць на ўрачыстыя сходы, на сьвяткаваньне ў лепшым выпадку, узнагароджваюць падарункамі... А ў паўсядзённасьці іх узгадваюць вельмі рэдка.

Не сыны, а пасынкі

Што да былых вязьняў канцлягераў, ваеннапалонных, малалетніх вязьняў, забраных на прымусовыя працы ў Нямеччыну, то да нядаўняга часу іх у роднай краіне наагул лічылі ледзь не здраднікамі. Потым ім далі мінімальныя льготы, даплаты. Ня так даўно ахвярам нацызму дзяржава спачатку скасавала даплаты. У некаторых катэгорый ў сьнежні 2007 года “урэзалі” і льготы на праезд, зьніжку на лекі.

Тым часам, у бальшыні сваёй былыя вязьні канцлягераў, дзеці вайны – людзі самотныя, хворыя, пажылыя. Ім патрэбна ня толькі ўвага і добрыя словы, але і канкрэтная дапамога на справах і матэрыяльная падтрымка. Таму многія дзяржаўныя, грамадзкія, валантэрскія арганізацыі бяруць пад сваю апеку клопат пра вэтэранаў, былых вязьняў, пасьпяхова ажыцьцяўляюць сацыяльныя праекты з дапамогай замежных партнэраў.

120 ахвяраў нацызму атрымалі кампэнсацыю ад Нямеччыны

На пачатку 1990-х гадоў Нямеччына  пачала выплачваць матэрыяльную кампэнсацыю былым вязьням нацысцкіх лягераў. Да іх падключыліся аўстрыйцы, швэйцарцы. У 1993 годзе ў Беларусі быў створаны Беларускі рэспубліканскі фонд “Узаемаразуменьне і прымірэньне”, з дапамогай якога ажыцьцяўляліся грашовыя выплаты. У лістападзе 2006 года фактычна былі завершаныя выплаты кампэнсацый за рабскую прымусовую працу са сродкаў нямецкага фонду “Памяць, адказнасьць, будучыня” ахвярам нацызму і іх правамоцным пераемнікам. У Беларусі кампэнсацыі выплацілі 120 тысячам былым вязьням. Сумы розныя – ад 5 да 15 тысяч нямецкіх марак.

“Зараз фонд “Узаемаразуменьне і прымірэньне” займаецца іншымі сацыяльнымі праграмамі, – у асноўным, праектамі мэдыка-сацыяльнай накіраванасьці. Гэта і шпіталі, і аптэкі, і акулярная майстэрня, і чарнобыльскія праекты, і анкалягічныя хворыя, і былыя ваеннапалонныя, і вязьні канцлягераў гета – рознае фінансаваньне і розныя крыніцы”, кажа першы намесьнік старшыні Фонду Канстанцін Прахарэнка.

“Дом сустрэч” запрашае ў госьці

Грамадзкая арганізацыя “Гістарычныя майстэрні” сёлета адзначыла сваё пяцігодзьдзе. Офіс яе знаходзіцца на вуліцы Сухой, непадалёк ад месца, дзе ў гады вайны разьмяшчалася менскае гета. Летась у гэтым памяшканьні адбылося ўрачыстае адкрыцьцё “Дому сустрэч”. Гэта сумесны беларуска-нямецкі праект, які разьлічаны на дапамогу ахвярам, пацярпелым ад нацызму падчас Другой Сусьветнай вайны: былым ваеннапалонным, вязьням менскага гета, гастарбайтэрам, і накіраваны ён, па словах кіраўніка “Гістарычных майстэрняў” Кузьмы Казака, перш за ўсё, “на паразуменьне і паміж пакаленьнямі, і паміж дзяржавамі, і, напэўна, паміж часам. Наша паразуменьне ськіраванае на людзей, якіх у нас чамусьці называюць негераічнымі. Гэта тыя, хто пабываў у канцэнтрацыйных лягерах, каго вывезьлі на прымусовую працу ў Нямеччыну, хто пабываў у гета. На вялікі жаль, з кожным годам яны зьнікаюць. Гэта пераважна хворыя людзі, але дадатковая іх праблема - камунікацыя. Трэба, каб яны маглі быць разам, дзяліцца ўспамінамі. Для гэтага нямецкі бок прапанаваў фінансаваньне, каб на працягу чатырох дзён у тыдзень можна было ладзіць такія сустрэчы. На такія сустрэчы мы запрашаем спэцыялістаў мэдыкаў, псыхолягаў, гісторыкаў».

Прычым, гэта ня толькі сустрэчы ў “Гістарычных майстэрнях” у прамым сэнсе гэтага слова. Некаторыя з гэтых сьведкаў вайны ўжо ня могуць хадзіць, ім таксама аказваецца дапамога як дабраахвотнікамі, так і спэцыялістамі ў розных галінах. Гэта і прыбіраньне ў кватэрах, і набыцьцё прадуктаў, дапамога ў іншых побытавых праблемах, забесьпячэньне лекамі.

«Нашчадкі не віну, а адказнасьць трымаюць»

Праект "Забясьпечым годнае жыцьцё сьведкам вайны" разьлічаны на тры гады, фінансуецца ён Нямецкім фондам "Памяць, адказнасьць, будучыня", а таксама Эвангельскай царквой зямлі Паўночны Рэйн-Вэстфалія.

Па сутнасьці, праект зьяўляецца новай формай матэрыяльнай кампэнсацыі, якую Нямеччына праводзіць пасьля завяршэньня грашовых выплатаў ахвярам фашызму ў Беларусі. Гаворыць кіраўнік Менскага Міжнароднага адукацыйнага цэнтру Віктар Балакіраў: “Ёсьць добрая фраза, што нашчадкі не віну, а адказнасьць трымаюць. Таму яны нясуць адказнасьць за тое, што зрабілі іхныя бацькі і дапамагаюць людзям, што апынуліся ў цяжкім становішчы. Нашая дзяржава не заўжды ім можа дапамагчы матэрыяльна. Нямецкая дзяржава багацейшая, і таму яны дзеляцца тым, што ў іх ёсьць, каб падтрымаць гэтых людзей у апошні час іхнага жыцьця”.

“Грамадзяне Нямеччыны разглядаюць падобную дапамогу нам, каму ўжо фактычна нядоўга засталося на гэтым сьвеце, як адказнасьць сваёй краіны, маральную пазыку, якая патрабуе матэрыяльных выдаткаў”, – так ацэньвае праект "Забясьпечым годнае жыцьцё сьведкам вайны" спадарыня Ганна Іванаўна, некалі забраная на працу ў Нямеччыну.

Безумоўна, можна толькі падзякаваць нямецкіх партнэраў за дапамогу, але хацелася б, каб і радзіма больш клапацілася пра сваіх ужо амаль нямоглых дачок і сыноў. 

Людміла Корсак

[email protected] 

Видео