BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Прэзыдэнт Літвы: “Незалежная Беларусь – наш стратэгічны інтарэс”

27.03.2008
 Прэзыдэнт Літвы: “Незалежная Беларусь – наш стратэгічны інтарэс”

Прэзыдэнт Літвы Валдас Адамкус у часе выступу ў Сойме на канфэрэнцыі, прысьвечанай 90-м угодкам Беларускай народнай рэспублікі, вітаў беларускую незалежнасьць і пажадаў посьпеху “нацыі, якая сёньня змагаецца за сваю свабоду і дэмакратыю”.

Валдас Адамкус павіншаваў гасьцей з 90-мі ўгодкамі ўтварэньня БНР і нагадаў, што сёлета Літва таксама адзначыла ў лютым 90-годзьдзе сваёй незалежнасьці.

“Свабодная, незалежная Беларусь – гэта стратэгічны інтарэс нашай краіны. І ня толькі паводле культурных, гістарычных чыньнікаў, якія нам блізкія і важныя. Свабодная незалежная Беларусь дала магчымасьць Літве выйсьць зь ценю і будаваць дачыненьні ў гэтым рэгіёне “вялікага перакрыжаваньня” не паводле нечых патаемных пагадненьняў, а паводле нармальнага суседзкага дыялёгу”, – сказаў В.Адамкус.

Прэзыдэнт Літвы сказаў, што беларусы самі мусяць абіраць свой шлях, але падкрэсьліў, што вялікую заклапочанасьць Літвы выклікае стан дэмакратыі ў Беларусі. Валдас Адамкус заклікаў беларускія ўлады спыніць дзеяньні, накіраваныя супраць грамадзянскіх свабодаў:

“Можна толькі здагадвацца, наколькі абдуманыя такія дзеяньні беларускай улады, калі зь Менску высылаюцца заходнія дыпляматы, затрымліваюцца журналісты зь Літвы і іншых краінаў, калі ламаюцца камэры журналістаў, калі пры перасячэньні мяжы канфіскуецца законная маёмасьць грамадзянаў. Такія дзеяньні мы не падтрымліваем і лічым іх шкоднымі для інтарэсаў саміх беларусаў.

Аднак мы падтрымлівалі і будзем падтрымліваць тыя разумныя дзеяньні, якія накіраваныя на цесныя сувязі з Захадам, з Эўропай. Посьпеху нацыі, якая сёньня змагаецца за сваю дэмакратыю і свабоду!”

Спасылка

Видео