BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Маніторынг выбарчай кампаніі: заклапочанасьць выклікае агульная грамадска-палітычная атмасфера

16.07.2008
Маніторынг выбарчай кампаніі: заклапочанасьць выклікае агульная грамадска-палітычная атмасфера

Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 344 ад 24 чэрвеня 2008 г. былі прызначаныя выбары дэпутатаў Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 4-га скліканьня. Паводле дадзенага Указу выбары павінны адбыцца 28 верасня 2008 г.
З моманту абвяшчэньня выбараў праца Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па правядзеньні выбараў і рэспубліканскіх рэфэрендумаў у цэлым насіла адкрыты і галосны характар. На паседжаньнях камісіі прысутнічалі назіральнікі ад грамадскіх арганізацый і палітычных партый, прадстаўнікі СМІ, аднак, варта адзначыць, што пастановы прымаліся без абмеркаваньняў членамі камісіі, што ўказвае на фармальны характар выкананьня працэдуры прыняцьця рашэньняў.

Пры прыняцьці пастановаў Цэнтральная камісія не ўлічыла рэкамендацыяў АБСЕ, якія былі прынятыя пасьля правядзеньня папярэдніх выбарчых кампаній. Так, не была прынятая пастанова Цэнтральнай камісіі, якая б рэгламентавала правы назіральнікаў і была скіраваная на рэалізацыю прынцыпаў галоснаснасьці і празрыстасьці выбарчага працэсу ў цэлым.

За дадзены перыяд Цэнтральнай камісіяй прынята 13 пастановаў,  7 з іх былі зьмешчаныя на сайце. Дадзеныя Пастановы, формы дакументаў, спавешчаньні, Каляндарны план, інструкцыі для працы акруговых і ўчастковых выбарчых камісій былі аператыўна зьмешчаныя на веб-сайце Цэнтральнай камісіі і ўсе зацікаўленыя суб’екты мелі да іх доступ. Пры неабходнасьці, правабаронцы мелі магчымасьць азнаёміцца з пастановамі Цэнтральнай камісіі, не разьмешчанымі на сайце.

Пастановай Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь ад 24.04.2008 г. № 6 была ўстаноўлена сярэдняя колькасьць выбаршчыкаў на акрузе – 64042 выбаршчыкаў. Пастановай Цэнтральнай камісіі ад 24.04.2008 г. № 16 былі створаныя выбарчыя акругі па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь чацьвёртага скліканьня. Паводле арт. 15 Выбарчага кодэксу Рэспублікі Беларусь для правядзеньня выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь ствараюцца 110 выбарчых акругаў.

Выбарчыя акругі ствараюцца с прыкладна роўнай колькасьцю выбаршчыкаў: адхіленьне колькасьці выбаршчыкаў, якія прыпадаюць на выбарчую акругу па Рэспубліцы Беларусь, як правіла, не можа перавышаць 10 працэнтаў.

Трэба адзначыць, што Цэнтральная камісія Рэспублікі Беларусь сфармавала некаторыя выбарчыя акругі  з розніцай больш чым 10 працэнтаў паміж колькасьцю выбаршчыкаў. Так, Баранавічская сельская выбарчая акруга № 7, Лунінецкая выбарчая акруга № 13, Іўеўская выбарчая акруга № 53, Шчучынская выбарчая акруга №60 маюць меньшую колькасьць выбаршчыкаў у параўнаньні з сярэдняй больш чым на 10 працэнтаў, а Мазырская выбарчая акруга №42 перавышае сярэднеўстаноўленую колькасць выбаршчыкаў больш  чым на 10 працэнтаў. Такім чынам, розьніца паміж найменьшай акругай па колькасьці выбаршчыкаў і найбольшай складае 32 працэнты.

Такая розьніца ў будучыні створыць сытуацыю, калі выбаршчыкі падчас агітацыйнай кампаніі ня будуць мець роўныя магчымасьці на атрыманьне інфармацыі. У адпаведнасьці з выбарчым заканадаўствам усе кандыдаты атрымліваюць роўную суму грошаў з дзяржаўнага бюджэту для вырабу друкаванай агітацыйнай прадукцыі.

У адпаведнасьці з арт. 35 Выбарчага кодэксу Рэспублікі Беларусь 11 ліпеня 2008 г. скончыўся перыяд прыняцьця дакументаў аб вылучэньні прадстаўнікоў у склад акруговых выбарчых камісій.

Трэба адзначыць, што ў цэлым не было заўважана якіх-небудзь праблемаў пры перадачы дакументаў аб вылучэньні прадстаўнікоў у склад выбарчых камісій у адпаведныя аддзелы абласных выканаўчых камітэтаў і Мінгарвыканкаму.

Вялікую заклапочанасьць удзельнікаў маніторынгу выклікае агульная грамадска-палітычная атмасфера, на фоне якой пачалася выбарчая кампанія.

Па выніках злачынства, якое мела месца 03.07.2008г. падчас святкаваньня ў Менску Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, калі ў натоўпе спрацавала выбуховае прыстасаваньне, на момант падрыхтоўкі гэтага тэксту былі затрыманыя больш 12 чалавек, сярод якіх большасьць актывісты палітычных партыяў і грамадскіх аб’яднаньняў. Дзяржаўныя СМІ наўпрост у сваіх каментарах зьвязваюць злачынства з дэмакратычнай апазыцыяй, што скіравана на стварэньне вобразу ворага ў вачах беларускага грамадзтва.    

Мае месца і адміністрацыйны пераслед удзельнікаў выбарчага працэсу. Так, да адміністрацыйнай адказнасьці за быццам бы здзейсненае дробнае хуліганства быў асуджаны на 10 сутак адміністрацыйнага арышту Міхаіл Пашкевіч, які з’яўляецца назіральнікам ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі ў Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь. Таксама быў аналагічна асуджаны на 10 сутак адміністрацыйнага арышту адзін з удзельнікаў маніторынгу праваабаронца і сябра БХК Эдуард Баланчук. Мае месца і спроба ціску на ўдзельнікаў маніторынгу праз падаткавыя органы. Старшыня БХК Алег Гулак, вядомыя праваабаронцы Алесь Бяляцкі, Валенцін Стэфановіч і члены іх сем’яў атрымалі запыты з падаткавых органаў з патрабаваньнем прадставіць дэкларацыі аб даходах і маёмасьці. Такім чынам ажыцяўляецца пераслед непасрэдніх удзельнікаў маніторынгу. 

Дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі працягваюць чарговую кампанію дэскрэдытацыі, як асобных актывістаў апазіцыі, так і апазіцыйных партыяў і рухаў у цэлым. Па дзяржаўным тэлебачаньні рэгулярна дэманструюцца сюжэты і тэлепраграмы, зьмест якіх скіраваны на фармаваньне адмоўнага іміджу прадстаўнікоў апазіцыі ў грамадстве, фармаваньне вобразу ўнутранага ворага і г.д.  Пры гэтым самі прадстаўнікі апазіцыйных сілаў не маюць доступу да дзяржаўных, найперш электроных, СМІ і не маюць магчымасьці палемізаваць ці абвяргаць тую інфармацыю, якую пра іх распаўсюджваюць.  У цэлым можна казаць аб агітацыйнай кампаніі дзяржаўных СМІ, скіраванай супраць асобных палітычных партыяў і асобаў, якія зьбіраюцца прымаць удзел у выбарах.

Такім чынам, у грамадстве пануе атмасфэра страху, а ў дачыненьні да прадстаўнікоў дэмакратычных арганізацыяў ажыццяўляецца ціск і пераслед. У Беларусі працягваюць заставацца палітычныя вязні. Такая атмасфэра не спрыяе свабоднаму правядзеньню выбарчай кампаніі і выяўленьні волі беларускага грамадства.

У такой абстаноўцы палітычныя арганізацыі, якія ўваходзяць у АДС, заявілі аб тым, што не выключаюць магчымасьці свайго няўдзелу ў выбарчай кампаніі і выказваюць немэтазгоднасьць прыезду назіральнай місіі БДІПЧ АБСЭ ў выпадку, калі не адбудзецца істотнае паляпшэніне палітычнага клімату ў Беларусі.

Таксама занепакоенасьць выклікае ціск на некаторых асобаў, якія прынялі рашэньне прыняць удзел у выбарчай кампаніі. Так, Аляксандр Мех актывіст Партыі БНФ з г. Кобрына, быў звольнены з працы кобрынскага упраўленьня газапровадаў ААТ “Белтрнагаз”. Кіраўніцтва прадпрыемства не працягнула з ім кантракт, калі даведалася аб ягоным намеры ўдзельнічаць у выбарах. Звальненьнем пагражалі і ягонай жонцы. У сувязі з заканачэньнем тэрміну кантракту з прадпрыемствам жыллёва-камунальнай гаспадаркі быў звольнены Леанід Аўтухоў актывіст Партыі БНФ з г. Горкі, які зьбіраўся балатавацца па Віцебскай сельскай акрузе. У абодвух выпадках акывістам Партыі БНФ заявілі, што не працягваюць з імі працоўных кантрактаў у сувязі з іх жаданьнем удзельнічаць у выбарах.  Сьвятлана Панамарова пад пагрозай звальненьня з месца працы была вымушаная адмовіцца ад свайго ўдзелу у выбарчай кампаніі ў якасьці кандыдата ў дэпутаты ў межах агульнага спісу АДС. 

Праваабаронцы будуць працягваць працу па маніторынгу выбарчай кампаніі.

 

Видео