BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Першы Цэнтар беларускай культуры ў Польшчы

08.07.2008
Першы Цэнтар беларускай культуры ў Польшчы
У Беластоку й Варшаве адбылася ўрачыстасьць распачацьця дзейнасьці Цэнтра культуры Беларусі ў Польшчы. Гэта першы такі беларускі цэнтар за мяжамі Рэспублікі.

Уладзімер Чушал, саветнік Амбасады РБ у Польшчы : Стварэньне цэнтра прадугледжана паразуменьнем паміж урадам Беларусі й урадам Польшчы ад 1995 году, дзе напісана, што кожны з бакоў можа адкрываць у суседняй краіне цэнтры культуры. Інстытут Польскі ў Беларусі працуе з 1994 году. Цяпер паявіцца беларускі цэнтар у Польшчы. Гэта першы такі беларускі цэнтар за мяжою. Польшча - першая. Мы ведаем, што гэтая справа вельмі важная для дзяржавы, таму што наша беларуская культура вельмі багатая. Мы глядзім з аптымізмам, паколькі для дзеяньня цэнтра ёсьць гістарычныя, юрыдычныя асновы, і патрабавальнасьць беларускай культуры ў Польшчы.

Сяргей Лукашук, дырэктар Бельскага цэнтра культуры: Я пакуль што ведаю толькі, чым мае займацца цэнтар. Мне здаеца, што гэтая арганізацыя ня будзе мець сваёй сядзібы, працы будуць ісьці ў Беластоку, у Варшаве. Думаю, цэнтар дапаможа беларускай меншасьці, і што гэтая дапамога будзе большая, чым цяпер.

Андрэй Сьцепанюк, дырэктар Беларускага бельскага ліцэя: Кожная новая ініцыятыва, накіраваная на беларускасьць без палітычных уплываў павінна дапамагчы нам тут, на месцы. Я цешуся, што РБ вырашыла паказаць свой іншы бок.

Ч. Сэнюх: Гэта мае сваё значэньне, таму што будзе ён запрашаць палякаў, каб заходзілі, каб даведваліся, што такое беларуская культура, паэзія, літаратура... Гэта вельмі важна, што такі цэнтар адкрываецца.

Аляксандар Баршчэўскі: Я даўно марыў аб гэтым, каб нешта такое ўзьнікла. Нейкі час таму, гадоў 5 назад мы з жонкаю перакладалі тэкст, які датычыў цэнтраў польскай культуры ў Беларусі й беларускай у Польшчы, Вядома, што ў Беларусі працуе знакаміты, вельмі заможны Польскі інстытут, а дагэтуль не было ніякага цэнтру беларускай культуры пры амбасадзе Беларусі ў Польшчы. Так што тое, што нарэшце нешта такое ўзьнікае, вельмі важна. Нашыя студэнты маюць клопаты з доступам да многіх кніжак. Унівэрсытэты вельмі бедныя, асабліва тыя напрамкі, якія ня маюць завочных студыяў, і спадазяюся, што ў гэтым цэнтры нарэшце будзе беларуская бібліятэка, якой змогуць карыстацца студэнты й навуковыя супрацоўнікі. Я шчасьлівы, што паяўляюцца нейкая ўзаемнасьць.

Тадэвуш Стружэцкі, саветнік па пытаньнях культуры Амбасады РБ: Яшчэ няма дырэктара, вырашаюцца пакуль арганізацыйныя пытаньні - штат, месца знаходжаньня, юрыдычнае замацаваньне. Але сёньня мы афіцыйна аб’яўляем аб стварэньні Беларускага культурнага цэнтра ў Польшчы.

Ці будзе больш канцэртаў беларускіх калектываў на Падляшшы й выездаў нашых калектываў у Беларусь пасьля стварэньня цэнтра?

Т. Стружэцкі: Безумоўна, гэта адзін з асноўных накірункаў - шырокае прадстаўленьне беларускай культуры й мастацтва ў Польшчы. На Беласточчыне яна даволі добра прадстаўлена, але павінна захоўвацца й разьвівацца. Сюды з радасьцю едуць калектывы. І задача цэнтра - каб усе прафэсійныя й усе аматарскія калектывы пабывалі тут. Гэта рэальная задача.

Адзін з асноўных накірункаў дзейнасці цэнтра - падтрымка беларускай нацыянальнай меншасьці ў Польшчы.

Т. Стружэцкі: Большая колькасьць прадстаўнікоў беларускай нацменшасьці пражывае на Беласточчыне, але беларусы жывуць і ў іншых рэгіёнах - Гданьшчыне, Любліншчыне й інш. Таму дзейнасьць цэнтра павінна ахопліваць таксама іншыя рэгіёны. І падтрымка тых аб’яднаньняў, якія спрыяюць фармаваньню добрасуседзкіх адносін паміж нашымі краінамі. Падтрымка мастацкіх калектываў, якія маюць багатую традыцыю. Спэктар і поле дзейнасьці можа быць шырокае. Гэта будзе залежаць ад устаноўленых кантактаў з ворганамі кіраваньня, з кіраўнікамі беларускіх арганізацый, іншых меншасьцяў. Задачы разнастайныя й рэальныя.

Калі казаць пра тэхнічны бок цэнтра - ён будзе ў іншым будынку, не ў будынку консульства ў Беластоку?

Т. Стружэцкі: Плянуецца, што гэта будзе асобны будынак, адкрыты для ўсіх жыхароў Беласточчыны. У гэтым будынку павінна быць абавязкова беларуская бібліятэчка літаратуры, аўдыё-, відэазапісы, кампакт-дыскі, кінафільмы, відэафільмы, каб любы мог прыйсьці й атрымаць для сябе нейкую карысную інфармацыю, купіць кніжку, каб гэты Беларускі цэнтар папаўняў недаxоп інфармацыі аб Беларусі, аб беларускай культуры. Цэнтар не павінен займацца палітычнымі пытаньнямі, а павінен займацца шырокай культурна-асьветніцкай дзейнасьцю, падтрымкай адукацыі, маладзёвых абменаў, спрыяць пашырэньню пабрацімскіх сувязяў.

Ці консул Беларусі ў Беластоку будзе мець новыя абавязкі?

Кунсул Міхаіл Аляксейчык: Не, гэта не мне. Я спадзяюся, што гэтыя абавязкі зь мяне зьнімуць. Цэнтар культуры дасьць мне магчымасьць болей займацца праблемамі эканомікі й чыста консульскімі пытаньнямі. Я чакаю, што ён будзе добрым дапаможнікам у працы.

За час вашай працы консулам на Падляшшы паявілася вельмі многа калектываў. У вас добрыя кантакты ў Беларусі, пра гэта ўсе ведаюць. Будзеце й далей памагаць, ці ўсе абавязкі перакінеце на цэнтар?

М. Аляксейчык: Не, так ці іначай я буду дапамагаць, Я беларус, і хачу, каб беларусы адчувалі сябе беларусамі, разумелі адзін другога, не сварыліся.

Спасылка 

Видео