BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

А.Рар: Эўропа можа адыграць ролю маста паміж Беларусьсю і ЗША

11.03.2008
А.Рар: Эўропа можа адыграць ролю маста паміж Беларусьсю і ЗША

Дыпляматычны канфлікт паміж Менскам і Вашынгтонам камэнтуе кіраўнік аддзелу Расеі і краінаў СНД Нямецкай рады замежнай палітыкі Аляксандар Рар.

Радыё Свабода: “Спадар Рар, дыпляматычная "вайна" паміж Менскам і Вашынгтонам разгортваецца на фоне паляпшэньня адносінаў паміж Беларусьсю і Эўразьвязам. Дэмарш беларускага МЗС наконт адкліканьня беларускага пасла з Вашынгтону і рэкамэндацыі паслу ЗША паехаць па кансультацыі дадому прагучаў літаральна ў той жа дзень, як у Брусэлі было падпісанае пагадненьне аб адкрыцьці ў Менску прадстаўніцтва Эўракамісіі. Але ў сытуацыі жорсткага канфлікту паміж Беларусьсю і ЗША ці могуць краіны Зьвязу ўстаць на бок свайго саюзьніка, прадэманстраваць атлянтычную салідарнасьць?”

Рар: "Мы ўжо бачым, што ў Эўразьвяза погляд на разьвіцьцё падзеяў у краінах пастсавецкай прасторы не заўсёды адпавядае той лініі, якую адносна Беларусі, Украіны, Расеі, іншых пастсавецкіх краін праводзяць ЗША. Эўразьвяз і сам у пэўным сэнсе расколаты ў пытаньні, як весьці адносіны з Беларусьсю, Украінай і Расеяй. Ёсьць імкненьне новых чальцоў Зьвязу весьці жорсткую лінію адносна сваіх усходніх суседзяў і больш падштурхоўваць іх у бок дэмакратыі. Гэтая лінія цалкам падтрымліваецца Злучанымі Штатамі.

І ёсьць больш, можа, прагматычная і ў эканамічным пляне больш канструктыўная пазыцыя Эўразьвязу, прынамсі, старых чальцоў Зьвязу, якія разумеюць, што сёньня правесьці рэвалюцыю ў такой краіне, як Беларусь, немагчыма, і спрабуюць больш мякка, праз формы новага супрацоўніцтва, праз палітыку маленькіх крокаў зьмяніць сытуацыю, палепшыць атмасфэру і дамагчыся не рэвалюцыйных, а эвалюцыйных зьменаў у Беларусі.

Супярэчнасьці паміж ЗША і Эўразьвязам мы бачым таксама, скажам, у стаўленьні да ўступленьня ў НАТА Ўкраіны”. 
 
Радыё Свабода: "Сп-р Рар, калі карыстацца гістарычнымі аналёгіямі, то можна прыгадаць, як генэрал Дэ Голь увесь час канфліктаваў са Злучанымі Штатамі, адстойваючы сваю асобую пазыцыю, але падчас "карыбскага крызысу" рашуча падтрымаў Джона Кенэдзі супраць савецкага выкліку. Зараз паміж Беларусьсю і ЗША, зразумела, не карыбскі крызыс, але ж дастаткова востры крызыс".

Рар: "Такая краіна, як Беларусь – гэта не Савецкі Саюз, які пагражаў Амэрыцы. Я б не параўноўваў сытуацыю з карыбскім крызысам. Натуральна, калі крызыс будзе паглыбляцца, і ЗША настолькі сапсуюць адносіны зь Беларусьсю, што дыпляматычныя адносіны перастануць працаваць, тады Эўразьвязу будзе вельмі цяжка і ён, натуральна, ня пойдзе супраць інтарэсаў Амэрыкі і насуперак Амэрыцы ня будзе нешта рабіць зь Менскам.

Але адначасна я заўважаю ўсё менш жаданьня, прынамсі, старых краін Захаду, заўсёды аўтаматычна падпарадкоўвацца поглядам Вашынгтону і ісьці ў фарватэры амэрыканскай палітыкі, што рабілася Эўропай на працягу дзесяцігодзьдзяў "халоднай вайны".

Эўразьвяз сам выпрацоўвае сваю лінію паводзінаў адносна такіх краін, як Беларусь, і цьвяроза будзе прымаць рашэньні, наколькі падтрымліваць амэрыканскі жорсткі курс, а магчыма – адыграць ролю маста паміж ЗША і Беларусьсю".
 
Радыё Свабода: "МЗС Беларусі парэкамэндаваў паслу ЗША паехаць у Вашынгтон па кансультацыі, пасол праігнаравала рэкамэндацыю і засталася. Наколькі гэта стасуецца са звычайнай дыпляматычнай практыкай, які сэнс гэтага кроку ЗША?"

Рар: "Я мяркую, што такімі паводзінамі Злучаныя Штаты паказваюць Лукашэнку і ягонаму рэжыму, што яны пра яго думаюць. У гэтым пытаньні яны настолькі лічаць, што маюць рацыю, што не баяцца яшчэ большага дыпляматычнага скандалу і канфлікту зь Менскам.

Мы маем справу з дастаткова нэрвовай сытуацыяй у ЗША. Спадар Буш сканчае свой другі тэрмін прэзыдэнцтва, ён хоча пакінуць Эўропу ў больш стабільным стане, чым яна была яшчэ ў 90-я гады. Таму Амэрыка будзе рушыць дастаткова жорстка і ўпэўнена ў тых пытаньнях, дзе яе інтарэсы будуць закранутыя".
 

 

Видео