BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Лукашэнка вядзе перамовы з Германіяй і Францыяй

05.02.2008
Лукашэнка вядзе перамовы з Германіяй і Францыяй

Пасол Францыі Мірэй Мюсо ў панядзелак заявіла: «Мы ведаем, якую ролю ў гэтым [палітвязьняў Дашкевіча і Аўтуховіча] вызваленьні адыграў спадар Лукашэнка. Па прычынах, якія я б не хацела тут тлумачыць, пасол Нямеччыны адыграў сапраўды асаблівую ролю».

Мюсо таксама заявіла, што Францыя гатовая супрацоўнічаць зь Беларусьсю ў справах пабудовы АЭС.

Адказваючы на пытаньне, што ў сьвятле адзінай палітыкі Эўрасаюзу ў дачыненьні да Беларусі азначае сустрэча беларускага прэзыдэнта і пасла Нямеччыны, спн. Мюсо зазначыла: «Існуе адзіная эўрапейская палітыка. І гэтая палітыка заключаецца ў тым, каб гаварыць аб неабходнасьці прадстаўленьня дэмакратычным сілам магчымасьці выказваць свае меркаваньні. Мы вітаем вызваленьне палітзьняволеных і спадзяёмся, што будуць і наступныя вызваленьні. І мы ведаем, якую ролю ў гэтым вызваленьні згуляў спадар Лукашэнка. Па прычынах, якія я б не хацела тут тлумачыць, пасол Нямеччыны згуляў сапраўды асаблівую ролю, і я шчасьлівая, што ён гэтай сваёй асаблівай роляй прынёс нейкі ўклад у вырашэньне ўзгаданых мной пытаньняў».

 

Адказваючы на пытаньне пра магчымы ўдзел Францыі ў пабудове беларускай АЭС, амбасадарка заўважыла, што яшчэ напрыканцы 2006 г. яе папярэднік садзейнічаў наладжваньню кантактаў беларускіх уладаў з францускімі спэцыялістамі ў сфэры атамнай энэргетыкі. Гэту палітыку Францыя прадоўжыць і ў далейшым, падкрэсьліла спн. Мюсо. «Цяпер, калі так можна сказаць, мяч, з аднаго боку, на баку тых, хто хацеў бы пабудаваць станцыю, з другога – на баку тых, хто мог бы яе пабудаваць. Што датычыць Францыі, то тут вядзецца пра прыватную кампанію «Apэва». Беларускае пасольства ў Францыі можа ўсталёўваць кантакты паміж зацікаўленымі структурамі ў Беларусі і прадстаўніцтвам францускай кампаніі”, – адзначыла пасол Францыі. Мірэй Мюсо дадала, што францускія ўлады былі б зацікаўлены ў тым, каб беларуская АЭС была абсалютна бясьпечнай і адпавядала ўсім стандартам МАГАТЭ. «Упэўнена, што беларускія ўлады, улічваючы горкі вопыт чарнобыльскай катастрофы, прыкладуць максымум намаганьняў для забесьпячэньня бясьпекі праекту», — сказала пасол.

Да ліпеня 2008 г. Францыя прадстаўляе мясцовае старшынствo Эўрасаюзу ў Беларусі ад імя Славеніі. У другім паўгодзьдзі Францыя будзе старшыняваць ад свайго імя.

http://nn.by/index.php?c=ar&i=14803

Видео