BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Транспамежнае супрацоўніцтва: мяжа, памежжа і абмежаваньні

02.04.2008
Транспамежнае супрацоўніцтва: мяжа, памежжа і абмежаваньні

Тэма красавіка - транспамежнае супрацоўніцтва. Пэрспэктывы, напрацоўкі, тэндэнцыі... Пасьпяхова рэалізаваныя праекты і тыя, што маглі б быць, каб не шматлікія “але”. Чым жыве памежжа і што на мэце супрацоўніцтва шматлікіх краінаў у гэтай сфэры? Пачнем зь гісторыі транспамежнага супрацоўніцтва.

Супраць “эфэкту бар’еру”

1990-я гады, якія вызначыліся стварэньнем адзінага рынку Эўразьвязу, а таксама палітычнымі пераменамі ў краінах Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, пашырылі і паглыбілі транспамежнае супрацоўніцтва. Менавіта тады Эўракамісія распрацавала спэцыяльныя фінансавыя інструмэнты, якія стымулявалі разьвіцьцё транспамежнага супрацоўніцтва і ўнутры Эўразьвязу, і на ягоных зьнешніх межах. У Эўропе яно мае амаль 60-гадовую гісторыю і зьяўляецца адной з найважнейшых ініцыятываў Эўрапейскай камісіі. Першыя спробы наладзіць транспамежнае супрацоўніцтва ў Эўропе былі зробленыя ў 1950 годзе паміж памежнымі тэрыторыямі Нідэрляндаў і Нямеччыны, а таксама Нямеччыны і Францыі для пераадоленьня «эфэкту бар'еру», што ўзьнік ў выніку гістарычных працэсаў на кантынэнце.

Транспамежнае супрацоўніцтва – гэта плянаваньне, распрацоўка і рэалізацыя сумесных праектаў паміж дзяржаўнымі ўстановамі, адміністрацыямі, грамадзкімі і прыватнымі  арганізацыямі памежных тэрыторыяў краін-суседзяў. Сфэры супрацоўніцтва могуць быць самымі рознымі: уладкаваньне самой мяжы, разьвіцьцё памежнай інфраструктуры, экалёгія, ахова навакольнага асяродзьдзя, разьвіцьцё турызму, барацьба са злачыннасьцю, культура, эканамічнае разьвіцьцё і г.д. Для сябраў Эўразьвязу з 1990 года рэалізуецца ініцыятыва INTERREG. Для краінаў-кандыдатаў з 1994 года - PHARE CBC (Cross Border Cooperation – транспамежнае супрацоўніцтва), а з 1996 года будучыя суседзі Эўразьвязу пачалі атрымліваць трансфэрты праграмаў TACIS CBC, CARDS і MEDA. Бюджэт INTERREG на 2000-2006 гады склаў 4,875 млрд. EUR.

На мэце – узаемаразуменьне

Эўрапейская камісія выдзяляе некалькі асноўных задач транспамежнага супрацоўніцтва. Гэта ператварэньне дзяржаўнай мяжы з лініі падзелу ў месца супрацоўніцтва суседзяў; пераадоленьне ўзаемных стэрэатыпаў; разьвіцьцё дэмакратыі і павышэньне эфэктыўнасьці рэгіянальных і лякальных органаў дзяржаўнага кіраваньня; пераадоленьне пэрыфэрыйнага становішча і ізаляцыі памежных рэгіёнаў; эканамічнае разьвіцьцё і павышэньне ўзроўню жыцьця людзей; і, нарэшце, паскоранае ўлучэньне памежных тэрыторыяў у працэсы эўрапейскай інтэграцыі.

Рэалізацыя праграмы транспамежнага супрацоўніцтва паміж Эўразьвязам і краінамі Ўсходняй Эўропы пачалася ў 1996 годзе. Яе мэтай было ўмацаваньне ўсходніх межаў і разьвіцьцё інфраструктуры памежных тэрыторыяў краін – кандыдатаў на ўступленьне ў Эўразьвяз і разьвіцьцё рэгіянальнага партнэрства паміж імі і Малдовай, Расеяй, Украінай і Беларусьсю.

Адным з прыярытэтаў транспамежнага супрацоўніцтва ёсьць разьвіцьцё памежнай інфраструктуры: будаўніцтва і мадэрнізацыя памежных пераходаў, дарог і камунікацый.

Прыярытэты: каб межы разьмяжоўвалі меней

Першым вельмі пасьпяховым праектам, які распачаўся ў 1996 годзе, быў праект па дэмаркацыі мяжы Беларусі і Літвы. Завершана рэканструкцыя памежных пераходаў Каменны Лог - Медзінінкай, Кузьніца – Брузгі, Берасьце – Тэрэспаль, пабудаваныя грузавыя тэрміналы Казловічы – Кукурыкі.

Будуюцца пераходы Токары-Высокае, Ялуўка – Рыболы, Уладава – Тамашоўка, Рудаўка – Лясная (Аўгустоўскі канал). Усё гэта дае магчымасьць для больш простага і зручнага перасячэньня мяжы.Беларусь мае тры мяжы зь сябрамі Эўразьвязу – Польшчай, Літвой і Латвіяй, а таксама мяжуе з Расеяй і Украінай. У Беларусі да транспамежнай тэрыторыі аднесены Гарадзенская і Берасьцейская вобласьці, 7 заходніх раёнаў Менскай вобласьці (Мядзельскі, Вілейскі, Маладэчанскі, Валожынскі, Стаўбцоўскі, Нясьвіскі і Клецкі).

Другі важны прыярытэт – экалёгія і ахова навакольнага асяродзьдзя, таму што бальшыня экалягічных праблем маюць транснацыянальны характар (ажыцьцяўляюцца экалягічгныя праекты ў басэйнах Заходняй Дзьвіны, Заходняга Буга і Немана).

Яшчэ адзін прыярытэт – разьвіцьцё турызму. Многія памежныя раёны знаходзяцца на пэрыфэрыі, дзе ўзровень дзелавой актыўнасьці невысокі. Разьвіцьцё турызму – адзін са спосабаў ажывіць эканоміку пэрыфэрыйных раёнаў, таму Эўракамісія гатова фінансаваць мерапрыемствы ў гэтай сфэры (сумесныя праекты Беларусі і Польшчы па Белавескай пушчы, будаўніцтве Аўгустоўскага каналу).

Але праекты транспамежнага супрацоўніцтва рэалізуюцца і ў сфэры адукацыі (летнія школы, моўныя курсы, абмен вопытам), дзелавыя кантакты (бізнэс-форумы, сэмінары, выставы), у галіне культуры.

Актуальна сёньня

Зараз Беларусь бярэ ўдзел у трох праграмах: Літва – Латвія – Беларусь (бюджэт для Расеі і Беларусі 7,5 млн. эўра); Польшча – Украіна – Беларусь (бюджэт 8 млн. эўра для Украіны і Беларусі) і «Рэгіён Балтыйскага мора 2007-2013», якая ўключае транснацыянальнае супрацоўніцтва з партнэрамі з Даніі, Фінляндыі, Швэцыі, Нямеччыны, Польшчы, Нарвэгіі, Расеі, Літвы, Латвіі і Эстоніі (бюджэт для Расеі і Беларусі – 20 млн. эўра).


Видео