BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Заява Еўрапарламенту адносна лёсу гістарычнай часткі Гродна так і не стала “афіцыйнай”

31.01.2008
Заява Еўрапарламенту адносна лёсу гістарычнай часткі Гродна так і не стала “афіцыйнай”

Толькі 45 дэпутатаў Еўрапарламенту паставілі свае подпісы пад заявай, у якой выказваецца занепакоенасць з прычыны будаўнічых работ у гістарычнай частцы Гродна. Статус “афіцыйнай заявы Еўрапейскага парламенту” ініцыятыва так і не атрымала. Аб гэтым карэспандэнту Eurobelarus.info паведамілі ў прэсавай службе Еўрапарламенту. 

Заява, з якой выступіў польскі еўрадэпутат Тадэуш Звефка, была адкрыта да подпісаў яго калегаў з 24 верасня 2007 году. Калі б да 24 снежня больш за палову з 785 дэпутатаў Еўрапарламента паставілі б свае подпісы пад дэкларацыяй, яна набыла б статус афіцыйнай заявы Еўрапейскага парламента. Але сабраць удалося толькі 45 подпісаў. 

“Так, мы не сабралі дастаткова подпісаў, але збольшага мы скарысталіся магчымасцю агучыць гэтую праблему сярод дэпутатаў Еўрапейскага парламенту. Большасць з іх, асабліва са старых краінаў-сябраў, не шмат ведаюць пра Беларусь, таму нельга недаацэньваць значнасць гэткай інфармацыі, – адзначыў Тадэуш Звефка ў інтэвію Eurobelarus.info. – Мы не атрымалі вялікай падтрымкі з боку іншых дэпутатаў, таму што звычайна праблемы нейкай адной краіны не прыцягваюць шырокую еўрапейскую аўдыторыю. Вядома, значна лягчэй сабраць подпісы ў падтрымку нейкай транснацыянальнай ініцыятывы”. 

У заяве, якую ініцыяваў дэпутат Еўрапарламента Тадэуш Звефка, даводзілася, што мясцовыя ўлады Гродна не маюць адмысловай праграмы аднаўлення гістарычнай часткі горада. У выніку будаўнічых работ знішчаюцца помнікі архітэктуры ў цэнтры гэтага беларускага горада. Еўрадэпутат меркаваў прыцягнуць да праблемы ўвагу ЮНЭСКА, а таксама заклікаць мясцовыя ўлады Гродна разгледзець іншыя планы развіцця транспартнай сеткі, якія б не шкодзілі гістарычнаму цэнтру горада, а таксама весці кансультацыі з незалежнымі экспертамі, у тым ліку еўрапейскімі, у пытаннях рэстаўрацыі. 

Зрэшты, паводле Тадэуша Звефкі, ніякага адказу з Беларусі – ні ад уладаў, ні ад прадстаўнікоў грамадскасці – на сваю заяву ён не атрымаў.  

Андрэй Аляксандраў

[email protected]

Видео