BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Польская амбасада запрашае па візы

31.01.2008
Польская амбасада запрашае па візы

Днямі польскія штодзёнка „Rzeczpospolita” са спасылкаю на крыніцы ў беларускім зьмешнепалітычным ведамстве, паведаміла, што ажно 90% беларусаў, якія стараюцца атрымаць візу ў польскіх дыппрадстаўніцтвах, атрымліваюць адмоўны адказ.

Гэтая інфармацыя вельмі моцна зьдзівіла старшыню консульскага адзьдзелу польскай амбасады ў Менску Кшыштафа Сьвідэрска, да якога я зьвярнулася з просьбаю патлумачыць такое становішча.

К.Сьвідэрскі: Гэтая інфармацыя ня мае нічога супольнага з рэчаіснасьцю. Усе ведаюць, што пры выдачы шэнгенскіх візаў улічваецца рашэньне 24 краінаў. Калі візавыя анкеты разглядаюцца ў нашым консульстве, то рашэньне прымае консул, але правярае дадзеныя асобы, якая стараецца атрымаць шэнгенскую візу, у агульнай сыстэме Шэнген. Калі, напрыклад Нямеччына ці Італія ўнесла дадзеныя гэтай асобы ў кампутар і пазначыла забарону на ўезд на тэрыторыю шэнгенскай зоны, то польскі консул ня можа выдаць ёй шэнгенскай візы. Сапраўды, ёсьць адмовы выдачы шэнгенскіх візаў, нельга казаць, што гэтай праблемы няма, але не ў такім памеры. Але гэта адмоўнае рашэньне не прымаецца выключна польскай амбасадай, у чым нас абвінавачваюць, гэта рашэньне усіх краін шэнгенскай зоны.

У якім выпадку асоба, якая стараецца атрымаць шэнгенскую візу, можа атрымаць адмоўны адказ?

К.Сьвідэрскі: Мы не інфармуем пра абставіны адмовы. Можа здарыцца так, што нейкая краіна ня выразіць згоды на ўезд гэтай асобы ў шэнгенскую зону й аўтаматычна выдаецца адмова, якая не заўсёды залежыць ад нас.

Яшчэ зусім нядаўна паведамлялася пра тое, як складана атрымаць ня толькі шэнгенскую, але й нават нацыянальную візу, нават асобам, якія ехалі ў Польшчу з мэтай удзелу ў культурніцкіх ці спартыўных мерапрыемствах. Ці сытуацыя нейкім чынам палепшылася?

К.Сьвідэрскі: Нічога падобга не адбывался. Мы загружаныя працай на 50-60, часам 70% нашых дзённых магчымасьцяў. Мы можам штодзённа прымаць значна больш беларускіх грамадзянаў, якія стараюцца атрымаць візу, але яны не прыходзяць. Сёньня да гадзіны 15.30 мы не прынялі ніводнай асобы, жадаючай атрымаць ці то шэнгенскую, ці то нацыянальную візу. Мы ведаем пра тое, што існуе дзіўная зьява, на якую мы ня маем ніякага ўплыву. Каля консульскага прадстаўніцтва ходзяць нейкія дзіўныя асобы, яны стварылі нейкі псэўда-грамадзкі камітэт, які апякуецца чаргой. Людзі запісваюцца, маюць нумары - 400, 800, 1000. З гэтым пытаньнем мы зьвярталіся ў адпаведнае беларускае міністэрства, прасілі зьліквідаваць  гэтыя чэргі. Хачу зазначыць, што кожная асоба, якая зьвернецца да нас з правільна запоўненай візавай анкетай, мае неабходны камплект дакумэнтаў, будзе абслужаная адразу. Штодзённа мы можам прыняць 300 наведвальнікаў. А прыходзіць ў сярэднім 120, 150,часам 180 асобаў.  Пасьля далучэньня Польшчы да шэнгенскай зоны беларускія грамадзяне мелі праблемы, бо ня ведалі, якія дакумэнты неабходна далучыць да заявы.  На сёньняшні дзень магу сказаць: людзі ведаюць, што неабходна зрабіць, якія дакумэнты неабходна мець. З кожным днём сытуацыя паляпшаецца.

У такім выпадку, калі няма ніякіх праблемаў з атрыманьнем візаў, паўстае пытаньне, адкуль бяруцца міты пра праблемы, пра чэргі, пра адмовы?

К.Сьвідэрскі: Я таксама задаю сабе гэтае пытаньне. Я асабіста некалькі разоў выходзіў да асобаў, якія стаялі ў гэтых чэргах і гаварыў ім, што консульства не бярэ пад увагу ніякіх чэргаў, ніякіх нумаркоў. Я атрымаў ліст ад спадара, які тэрмінова патрабаваў візу й пісаў, што ён ў чарзе пад нумарам 470. Я яму адказаў, што няма праблем. Як толькі ён падыдзе пад дзьверы консульства, ягоная справа будзе вырашаная. А людзі ня слухаюць, прыяжджаюць па некалькі разоў у чаргу а 6 - 7 гадзіне раніцы, ствараюць нейкія нікому не патрэбныя камітэты, пасьля яшчэ ўвечары пералічваюцца. Проста нехта робіць нядобрую справу. Ведаеце, усё, што адбываецца паза будынкам консульства, знаходзіцца ў кампэтэнцыі беларускіх уладаў, мы ня маем на гэта ніякага ўплыву. Толькі шкада людзей. Му некалькі разоў зьвярталіся ў беларускія адпаведныя ворганы . Паведамлялі пра сытуацыю й прасілі дапамагчы. Мы з нашага боку ня робім людзям ніякіх перашкодаў. Да нас можна прыходзіць ад самай раніцы. Запрашаем усіх жадаючых грамадзян Беларусі, якія жадаюць наведаць Польшчу, альбо атрымаць шэнгенскуію візы ў нашым дыппрадстаўніцтве.

Больш падрабязную інфармацыю можна знайсьці на сайце польскай амбасады ў Менску: www.minsk.polemb.net

Караліна Русіновіч

http://www.polskieradio.pl/zagranica/news/artykul74870.html

Видео