BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Лукашэнка зноў нападае на заходніх амбасадараў

31.01.2008
Лукашэнка зноў нападае на заходніх амбасадараў

Аляксандр Лукашэнка выказаў незадаволенасць дзеяннямі амбасадараў большасці краін Еўрапейскага Звязу і ЗША, адзначыўшы пры гэтым пазітыўную ролю амбасадара ФРГ у Менску. "Я не зусім разумею ролю амбасадараў краін Еўразвяза, у большасці сваёй, і асабліва амерыканскага амбасадара. Я не хачу гэта ўтойваць, і таму я часам рэзка выказваюся", – заявіў ён.

Сустракаючыся ў Менску з амбасадарам Нямеччыны Гебхардтам Вайсам, кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў: "Мы – суверэнная, незалежная дзяржава і з'яўляемся ёй ужо паўтара дзесятка гадоў. Тое, што мы стабільныя, і тое, што мы нікому ніякіх праблем не ствараем, - ні суседзям, ні Нямеччыне, ні Францыі, ні ЗША – гэта факт. Так чаго ад нас хочуць?"

Лукашэнка падзякаваў амбасадару ФРГ за працу ў Беларусі. "Ведаю, што яна выклікае некаторае незадавальненне ў вашых асобных калегаў. Але нам утойваць няма чаго, і я ўдзячны вам за тую пазіцыю, якую вы займаеце ў нашай краіне. Ведаю, што вам нялёгка", – адзначыў кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, "роля амбасадара ў краіне знаходжання ў тым, каб, насуперак усяму, усталёўваць нармальныя сяброўскія стасункі сваёй краіны з краінай знаходжання". "На жаль, у заходніх амбасадараў такога жадання няма", – заявіў ён.

"Атрымліваецца парадокс: упрыватным парадку яны (амбасадары – ІФ) практычна заўсёды выказваюць падтрымку таго, што адбываецца ў Беларусі. Іх задавальняе тая стабільнасць, якая ёсць у Беларусі", – сказаў А.Лукашэнка. Ён таксама дадаў: яны (амбасадары – ІФ), кажуць, што нам (заходнім краінам – ІФ) выгодная гэтая стабільнасць, улічваючы, што мы (заходнія краіны – ІФ) вельмі залежныя ад энергапаставак з Расеі. "Калі ёсць тут (у Беларусі – ІФ) стабільнасць, значыць ёсць стабільнасць у эканоміцы нашых дзяржаў", – сказаў А.Лукашэнка, спасылаючыся на выказванні замежных дыпламатаў. "Але, калі мы афіцыйна чуем заявы некаторых амбасадараў і бачым іх рэальныя дзеянні, то становіцца вельмі смутна", – заявіў прэзідэнт Беларусі.

Лукашэнка выказаў гатоўнасць у гутарцы з амбасадарам ФРГ "выслухаць любыя прапановы". "Вы павінны сказаць, што вам не падабаецца, што б вы хацелі змяніць. А я паспрабую адрэагаваць на тое, што вы скажаце. Наша сустрэча павінна быць сумленнай, адкрытай і, самае галоўнае, шчырай", – адзначыў А.Лукашэнка.

У сваю чаргу нямецкі дыпламат прапанаваў А.Лукашэнку "не глядзець назад, а паглядзець наперад". "Самыя блізкія месяцы да правядзення выбараў (парламенцкіх выбараў у Беларусі – ІФ) стануць, у некаторай ступені, вырашальнымі для Беларусі па яе далейшым становішчы ў Еўропе", – сказаў Г.Вайс.

Амбасадар адзначыў, што "на фоне гэтых падзей, калі працэс пойдзе наперад, то, магчыма, пасля гэтых выбараў з'явіцца новая сітуацыя", паведамляе "Інтэрфакс".

 

Видео