BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Змены ў кіраўніцтве ПАРЕ ніяк не адаб’юцца на беларуска-еўрапейскіх адносінах

30.01.2008
Змены ў кіраўніцтве ПАРЕ ніяк не адаб’юцца на беларуска-еўрапейскіх адносінах

Беларускія эксперты ўпэўненыя, што гэты крок з’яўляецца выключна тэхнічным, і цяперашнім уладам Беларусі не даводзіцца чакаць ніякіх паслабленняў з боку Еўропы. 

Новым старшынёй Парламентскай асамблеі Рады Еўропы быў абраны 63-гадовы іспанскі сацыяліст Луіс Марыя де Пуч. Ужо ў першым сваім выступе ён адзначыў, што адным з найбольш важных накірункаў сваёй работы з’яўляюцца добрыя стасункі з Расіяй. 

Вінцук Вячорка, намеснік старшыні Партыі БНФ, адзначыў у інтэрвію Eurobelarus.info, што вітае абранне іспанскага палітыка на гэты пост. 

“Ні для кога не таямніца, што Расія лабіравала абранне старшынёй ПАСЕ свайго суайчынніка спадара Маргелава, – сказаў Вінцук Вячорка. – І тое, што да гэтага не дайшло, гаворыць аб “здароўі” ПАРЕ, бо Расія з кожным днём аддаляецца да фундаментальных прынцыпаў Рады Еўропы. Таму я лічу, што абранне на гэты пост іспанскага палітыка – гэта пазітыўны крок”. 

“Парламентская асамблея – гэта ўплывовая структура Рады Еўропы, але не ўся ПАРЕ, ні асобны яе дэпутат не можа змяніць базавых еўрапейскіх каштоўнасцяў, якія базуюцца на павазе да фундаментальных правоў і свабодаў чалавека. Таму ніякай радыкальнай змены ў стаўленні Еўропы да рэжыму Лукашэнкі не будзе”, – лічыць адзін з лідараў Партыі БНФ. 

Гэтую думку падтрымаў і галоўны рэдактар газеты “Товарищ” Сяргей Вазняк. На яго думку, тое, што новы кіраўнік ПАРЕ прадстаўляе левую плыню палітыкі, само па сабе нічога не значыць. 

“Я не думаю, што беларускаму рэжыму варта чакаць нейкіх паслабленняў у сувязі з тым, што ПАРЕ ўзначаліў сацыяліст. Еўрапейскія “левыя”, таксама як “правыя” ці лібералы, аднолькава адмоўна ставяцца да дыктатураў – нават да так званых “левых дыктатураў”, якія былі ў Іраке пры Хусэйне ці ў Югаславіі пры Мілошавічы, і якая зараз існуе ў Беларусі пры Лукашэнцы”, – адзначыў Сяргей Вазняк. 

Паводле палітолага Андрэя Ягорава, эксперта Агенцыі Гуманітарных Тэхналогіяў, па вялікім рахунку для беларуска-еўрапейскіх адносінаў змены ў кіраўніцтве ПАРЕ не вельмі істотныя. 

“Гэта выключна тэхнічны крок. Вядома, могуць змяніцца пэўныя акцэнты, але не стаўленне да беларускіх уладаў цалкам. Хаця трэба мець на ўвазе, што Рада Еўропы заўжды была структурай, якая прытрымлівалася найбольш мяккага курса ў адносінах да Беларусі. Да прыкладу, менавіта Рада Еўропы першай з міжнародных структур прызнала, што палітыка ізаляцыі ў адносінах да Беларусі апынулася няправільнай. Яна ж першай стала казаць пра магчымасць дыялога з беларускімі ўладамі”, – адзначыў Андрэй Ягораў у каментарыі для Eurobelarus.info. 

“Але ў прынцыпе нейкія кадравыя змены ў асяродку еўрапейскіх структураў істотна не ўплываюць на ўзаемаадносіны з такімі краінамі, як Беларусь. Тут ідзе размова аб агульных прынцыпах для ўсіх партыйных накірункаў. Паколькі правы чалавека прызнаюцца ў якасці каштоўнасці ўсімі еўрапейскімі палітычнымі структурамі, то прызначэнне сацыяліста на пост старшыні ПАРЕ на ўзаемаадносіны Рады Еўропы з Беларуссю ніяк не паўплывае”, – лічыць Андрэй Ягораў. 

Андрэй Аляксандраў

[email protected]

Видео